Кадыраў: Беларускі АМАП пераймае вопыт у чачэнцаў


23 красавіка кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў паведаміў, што дэлегацыя беларускага АМАПу ГУУС Менгарвыканкаму на чале з Дзмітрыем Балабам нанесла візіт у Чачэнскую Рэспубліку з мэтаю «наладжвання якаснага ўзаемадзеяння і абмену досведам».

Камандзір АМАПу ГУУС Менгарвыканкаму падчас візіту ва ўніверсітэт спецназу ў Чачэніі. Красавік 2023 года. Скрыншот: RKadyrov_95 / Telegram

Кадыраў адзначыў, што міжведамаснае ўзаемадзеянне паміж Расеяй і «брацкай» Рэспублікай Беларуссю выходзіць на новы ўзровень. Ён паінфармаваў, што беларусаў цікавіла праца Расейскага ўніверсітэту спецназу, які займаецца падрыхтоўкай «прафесійных байцоў». З пачатку так званай «спецыяльнай вайсковай аперацыі» ва Украіне, гаворыцца ў паведамленні, ужо былі падрыхтаваныя тысячы такіх байцоў.

Кадыраў напісаў, што беларускія амапаўцы правялі трэнаванні ў Цэнтры паветранай падрыхтоўкі «Goodsky», які месціцца на тэрыторыі ўніверсітэту, і «ўдасканалілі іншыя навыкі» з інструктарамі цэнтру. Таксама ён выказаў упэўненасць, што далейшае ўзаемадзеянне дазволіць «значна палепшыць» досвед амапаўцаў у «супрацьдзеянні злачыннасці як у Расеі, так і ў брацкай рэспубліцы».

Аб прыездзе дэлегацыі беларускага АМАПу на чале з Дзмітрыем Балабам у Чачэнію стала вядома яшчэ ў чацвер, 20 красавіка. Сярод іншага адзначалася, што «мясцовыя спецназаўцы падзяліліся вопытам удзелу ў СВА на Украіне».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў