Аляксандр Апейкін пра завочную апеляцыю: Гэта прававы абсурд


«Як з’явілася гэтая апеляцыя – мне невядома». Аляксандр Апейкін пракаментаваў «Белсату» паведамленне дзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелТА пра тое, што Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыю ў справе Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна.

Аляксандр Апейкін, беларускі гандбаліст і выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці. 26 снежня 2022 года Менгарсуд завочна прысудзіў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну 12 гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачваныя заставаліся за мяжой з восені 2020 года. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

24 сакавіка БелТА паведаміла, што паводле крымінальнай справе ў дачыненні вядомых спартоўцаў Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю і пакінуў яе без задавальнення, ранейшы прысуд застаецца ў сіле. Летась 26 снежня Менскі гарадскі суд  прысудзіў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну 12 гадоў пазбаўлення волі за заклікі да санкцыяў супраць Беларусі. Спартоўцы на судзе не прысутнічалі, яны выехалі з Беларусі яшчэ ўвосень 2020 года. Следства паводле справы вялося ў парадку так званага спецыяльнага вядзення, распачатага супраць спартоўцаў 29 верасня Галоўным следчым упраўленнем СК. Герасіменя і Апейкін сталі першымі беларусамі, каго ў Беларусі асудзілі завочна.

У інтэрвю «Белсату» Аляксандр Апейкін адзначыў, што стараўся трымацца як мага далей ад гэтай справы, бо лічыць працэс цалкам нелегітымным.

«Я ад пачатку гэты працэс ігнараваў, каб аніякім чынам, ніякім мінімумам нават не быць уцягнутым у гэтую нелегітымную справу і не даваць хоць нейкай падставы на тое, каб яны думалі, што я шукаю нейкага апраўдання або проста ўзаемадзеяння з гэтай нелегітымнай сітуацыяй», – зазначыў Аляксандр Апейкін.

Аднак, нягледзячы на дыстанцыяванне ад працэсу, Аляксандр сутыкнуўся з яшчэ дзіўнейшай з’явай – разглядам апеляцыі, якой не падаваў і нікога не ўпаўнаважваў на яе падаванне. «Як з’явілася гэтая апеляцыя – мне невядома. Хто яе падаваў, калі – мяне ніхто не ставіў у вядомасць. І нават у самой навіне не зразумела, хто гэтым займаўся: адвакаты, пракуроры, Аляксандра, можа, падала?»

Інтэрв’ю
Аляксандр Апейкін: Беларускую каманду на Алімпіяду, магчыма, будзе збіраць Фонд спартовай салідарнасці
2023.02.28 11:15

Апейкін лічыць сітуацыю з разглядам апеляцыі беспрэцэдэнтнай. Выглядае так, што ў імітацыі законнасці судовага працэсу ягоныя абвінаваўцы пайшлі далей – ствараюць выгляд уцягнутасці фігурантаў справы ў судовы працэс. Аднак спартовец называе гэта ноу-хау рэжыму і прававым абсурдам:

«Назіраецца цікавая тэндэнцыя, калі поўны цыкл рэпрэсіўнага працэсу ідзе сам сабою, аддзелены ад рэальнасці і зацыклены ў сваім унутраным жыцці. Такім самым чынам ад майго імя можна напісаць хадайніцтва аб амністыі, або пакаянны ліст у адпаведную камісію. І ўсё гэта без якіх-небудзь дзеянняў з майго боку. Дыялектыка неататалітарызму! Хаця яны гэта паставілі ўжо на паток: без удзелу абвінавачванага, нават без сувязі з ім хоць праз інтэрнэт нейкія працэсуальныя рэчы рабіць. Гэта нейкае ноу-хау рэжыму, я лічу. І больш дакладна скажу: маем справу з сапраўдным прававым абсурдам, што выкарыстоўвае сістэма».

Таксама Аляксандр Апейкін не ведае, каго дзяржава прызначыла адвакатам у гэтай справе, і не мае з ім ніякіх стасункаў.

АП belsat.eu

Стужка навінаў