Аўстрыйская «RBI Group» засакрэціла асобу новага ўласніка «Прыёрбанку»


Аўстрыйская кампанія «RBI Group» у адказ на запыт «Белсату» растлумачыла, чаму пастанавіла прадаць сваю долю ў беларускім «Прыёрбанку», і адмовілася раскрываць асобу новага ўласніка, спаслаўшыся на патрабаванні канфідэнцыйнасці.

Прыёрбанк. Менск, Беларусь, 5 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Паведамленне пра тое, што перамовы аб продажы 87,74% акцыяў у «Прыёрбанку» знаходзяцца на прасунутай стадыі, з’явілася 14 лютага. Аўстрыйская кампанія «Raiffeisen Bank International AG» пастанавіла пазбавіцца ад беларускага банку, нягледзячы на страты ў €225 млн.

Называўся таксама пакупнік – фірма з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў «Soven 1 Holding Limited». Аднак звестак пра яе – вобмаль. Ці займаўся гэты інвестар некалі банкаўскім бізнесам, невядома.

«RBI Group» адмаўляецца раскрываць асобу пакупніка.

«Мы, натуральна, спраўдзілі, хто з’яўляецца канчатковым бенефіцыярным уласнікам холдынгу, аднак з увагі на меркаванне канфідэнцыйнасці мы не можам раскрываць больш падрабязную інфармацыю», – заявілі ў аўстрыйскай кампаніі ў адказ на запыт «Белсату».

Прычыны продажу «Прыёрбанку» растлумачылі коратка: «Геапалітычная сітуацыя».

«Пастанова аб продажы нашай долі ў «Прыёрбанку» была прынятая з улікам геапалітычнай сітуацыі, і, на нашую думку, угода адпавядае інтарэсам «RBI Group» і яе акцыянераў», – заявілі ў кампаніі.

Hавiны
«Raiffeisen Bank» рыхтуецца сысці з Беларусі, нягледзячы на страты ў сотні мільёнаў еўраў
2024.02.14 21:29

Там таксама паведамілі, што не кінуць «Прыёрбанк» адразу і канчаткова:

«Пасля ўгоды настане пераходны перыяд, цягам якога «Прыёрбанку» будуць надавацца пэўныя аперацыйныя паслугі (галоўным чынам у галіне інфармацыйных тэхналогіяў), каб палегчыць поўны падзел».

Раней палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман звярнуў увагу, што «Raiffeisen Bank International AG» вельмі гучна абвясціў пра сыход з Беларусі:

«Інфармацыя аб будучай угодзе з’явілася ў галоўных аўстрыйскіх медыях і нават у «Financial Times». У Вене адзначаюць, што продаж даччынага банку ў Беларусі абернецца фінансавымі стратамі, аднак RBI ідзе на гэтыя страты».

Фрыдман мяркуе, што гэтая інфармацыйная кампанія мусіць адцягнуць увагу ад таго, што аўстрыйцы застаюцца ў Расеі, дзе працягвае працу «Райффайзен Банк».

Hавiны
Аўстрыйскі дрэваапрацоўчы холдынг «Kronospan» пазбавіўся свайго бізнесу ў Беларусі
2024.02.06 17:33

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў