Год таму, у ноч на 24 лютага 2022 года, расейскія войскі ўварваліся ва Украіну. З таго часу некалькі мільёнаў украінцаў вымушана пакінулі свае дамы і праз бяспеку пераехалі ў іншыя краіны. У гадавіну вайны яны выйшлі на вуліцы розных гарадоў, каб правесці антываенныя акцыі і паказаць сваю нязломнасць, заклікалі спыніць вайну і дзеянні Пуціна.
Варшава
Акцыя, прысвечаная гадавіне пачатку расейскага ваеннага ўварвання ва Украіну, пачалася ў Варшаве каля пасольства Расеі. Удзельнікі з транспарантамі і сцягамі прайшліся мітынгам да польскага Сейму.
У ноч на 24 лютага ўкраінскія і польскія актывісты ўключылі гукі сірэны і выбухаў каля жылога дома для супрацоўнікаў пасольства Расеі ў Варшаве.
Беласток
На акцыю ў Беластоку прыйшло некалькі сотняў чалавек. На мітынгу выступілі прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай дыяспараў, улады Беластоку і дэпутат польскага сейму Робэрт Тышкевіч.
У канцы акцыі ўкраінцамі з Бучы, якія цяпер жывуць у Беластоку, былі запалены 80 знічоў колеру ўкраінскага сцяга. Іх пранеслі праз увесь цэнтр Беластоку і ўсталявалі ў адным з паркаў.
Кракаў
У польскім Кракаве адбыўся мітынг і марш пад назвай «Разом до перемоги», прысвечаныя гадавіне паўнамаштабнага ўварвання Расеі на тэрыторыю Украіны. Мерапрыемству не перашкодзілі ні забароны на выкананне гімну з вежы Марыяцкага касцёлу, ні тое, што ў знак салідарнасці не быў падсвечаны колерамі ўкраінскага сцягу пешаходны мост праз Віслу.
«Нашыя войскі – нашыя героі. Сапраўдныя. Тут і зараз яны бароняць усіх нас, нашую зямлю і нашую свабоду. ЗСУ – гэта нашыя коцікі! – Кажа ўкраінка Даша, якая прыйшла на мітынг. – Паўнамаштабная вайна, насамрэч, пачалася яшчэ 9 гадоў таму. Але цяпер ідзе самы складаны перыяд. Нам не хапае зброі, не хапае чалавечага складніку, бо ў Расеі нашмат болей людзей, якіх яна скіроўвае »на мяса«. Патрэбная ежа, лекі, усё патрэбна. Але мы павінныя перамагчы, няма іншага выбару! Калі мы прайграем, то Расея пойдзе далей. Мы – адзіная мяжа, якая яе стрымлівае».
Мітынг у разгары. У паветры трывае неспакой пераплецены з надзеяй. Над галовамі лунаюць жоўта-блакітныя сцягі, у руках – знічкі, што нагадваюць пра неверагодную колькасць ахвяраў мінулага году. Людзі абдымаюцца, падтрымліваючы адзін адно, са сцэны гучыць «Шчэ не вмерла Украіна».
Украінцаў Кракава прыйшлі падтрымаць і беларусы, якія лічаць гэтую вайну ўсеагульнай трагедыяй.
«Я задумаўся, ці браць бел-чырвона-белы сцяг на гэты марш. Бо ўсё ж цяпер існуе агрэсія ад украінцаў у бок афіцыйнай Беларусі. І гэта зразумела – Лукашэнка падтрымаў гэтае ўварванне. Але пасля падумалася: як мы можам казаць пра падтрымку, калі нават цяпер пабаюся выйсці і выказаць сваю падтрымку? У мяне цяпер сябры там бароняць і сваю незалежнасць у тым ліку. Я хачу сказаць: мы – беларусы! І мы падтрымліваем Украіну!», – распавядае Арцём з Горадні.
Шмат удзельнікаў маршу выйшлі не толькі са сцягамі, але і з плакатамі. Галоўны пасыл якіх – не вайне!
«Падтрымаць Украіну для нас – гэта гонар кожнага беларуса. Свабода Украіны – гэта свабода і для Беларусі, якая таксама акупаваная тымі ж войскамі. Мы ўсім сэрцам з Украінай і жадаем ёй толькі перамогі. – распавядае Святлана, якая прыйшла на мітынг са сцягам менскага раёну Шабаны. – У кожнага свой фронт, і кожны мусіць дапамагаць тым, чым можа. Вайны не павінна быць!»
Праз гадзіну ўдзельнікі з плошчы Рынак Галоўны рушаць па вуліцах Кракава. Нехта маўчыць, знаходзячыся ў трансе ад разумення, што мінуў цэлы год з пачатку вайны, нехта ціхенька спявае, трымаючы знічку ў адной руцэ і маленькага дзіцяці – у другой. Але ўсіх яднае адзіная непахісная думка, што гучыць у самым сэрцы: «Слава Украіне!»
У Вільні ўдзельнікі акцыі прыйшлі шэсцем па вуліцах гораду з вялікім літоўскім і украінскім сцягам.
Падчас антываеннага мітынгу ў Вільне на сцэне выступіў прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа.
Тбілісі
Батумі
У Батумі ў гадавіну ўварвання расейцаў ва Украіну адбыліся дзве акцыі – удзень і ўвечар. Яшчэ адзін мітынг адбудзецца 25 лютага, яе ладзяць расейцы.
Акрамя акцыяў, 24 лютага адбыўся таксама першы дабрачынны аўкцыён «Ertad Gamarjvebisken» – «Разам да перамогі».
Аўкцыён складаўся з трох блокаў – грузінскага, украінскага і беларускага. Усе выручаныя сродкі пойдуць, адпаведна, на патрэбу грузінскіх, украінскіх і беларускіх вайскоўцаў, якія ваююць на баку ЗСУ.
Большасць лотаў – вайсковыя, іх перадалі жаўнеры Беларускага добраахвотніцкага корпусу. Сярод лотаў – шэўроны, цішоткі, шаломы ад беларускіх ваяроў, трафейныя лоты – бронекамізелька, цішотка, сухпаёк расейцаў, іншыя рэчы, а таксама чатыры карціны ад беларускага мастака Аляксандра Берука, маркі часоў БНР, світшот ад Balenciaga, зробленая ў падтрымку Украіны.
Арганізатары анансавалі другі аўкцыён, які неўзабаве пройдзе таксама ў Батумі, а трэці хочуць правесці ўжо ў Тбілісі.
Таксама з нагоды гадавіны пачатку вайну беларусы выйшлі на антываенныя мітынгі і шэсці ў Нямеччыне, Чарнагорыі Ізраілі і іншых краінах.
Алена Рувіна belsat.eu