Затрыманы былы журналіст і палітзняволены Сяргей Гардзіевіч


Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе аб магчымым затрыманні былога карэспандэнта сайта «Першы рэгіён» Сяргея Гардзіевіча. Верагодна, гэта здарылася 24 студзеня.

Журналіст Сяргей Гардзіевіч.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Як паведамляе БАЖ, яго абвінавачваюць у «распаўсюдзе, вырабе, захоўванні інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 19.11 КаАП РБ).

На дадзены момант іншых падрабязнасцяў няма.

Гардзіевіча затрымалі ў канцы 2020 года, а ў жніўні 2021 года яму прысудзілі 1,5 года зняволення. Журналіста прызналі вінаватым паводле трох крымінальных артыкулаў: у знявазе прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК), у распаўсюдзе заведама непраўдзівых звестак, якія зневажаюць іншую асобу (арт. 188 КК), і публічнай знявазе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). У судзе сваёй віны ён не прызнаў. Летась у кастрычніку Сяргей выйшаў з калоніі ў Шклове, цалкам адбыўшы тэрмін.

З лістапада 2022 года Сяргей Гардзіевіч знаходзіцца ў так званым спісе «экстрэмістаў».

14 верасня Сяргея Гардзіевіча затрымалі на мяжы пры вяртанні з Польшчы. У яго ўзялі для праверкі мабільны тэлефон, склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»). Мужчыну пакаралі 15 соднямі.

Нагадаем, што ў Беларусі другі дзень сілавікі працягваюць правяранні і затрыманні ў сем’ях асуджаных з палітычных прычынаў і ў былых палітвязняў. Паводле звестак праваабаронцаў, на цяперашні момант налічваецца больш за 130 затрыманняў. Вядома пра тое, што ў дачыненні да некаторых затрыманых былі распачатыя крымінальныя справы па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэксу («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Hавiны
У справе «е-дастаўкі» працягваюцца ператрусы і затрыманні сваякоў палітвязняў
2024.01.24 16:41

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў