Ва Украіне выйшаў каляндар сваіх святых. У Беларусі такога няма і невядома калі будзе


Ва Украіне выйшла кніга «Мінея Кіеўскага праваслаўя». Гэта зборнік абраных жыццяў святых Кіеўскага праваслаўя ад ІХ да пачатку ХХ стагоддзяў з трапарамі, кандакамі і тэкстамі малітваў да іх. Аўтары кнігі пераклалі на ўкраінскую мову рукапісы і некаторыя выданні Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскага патрыярхату. Выключэнне складаюць закарпацкія святыя, для якіх рэдактары выкарысталі сербскія выданні.

Кніга «Мінея Кіеўскага праваслаўя». Фота аднаго з аўтараў Сяргея Горбіка

Рэдактары і складальнікі: Барыс (Харко), епіскап Херсонскі і Кахоўскі, а таксама Сяргей Горбік, протаіерэй з Праваслаўнага духоўнага цэнтру апостала Яна Багаслова, што ў Чарнаўцах.

Пагаворым з адным з аўтараў, протаіерэем Сяргеем Горбікам, аб тым, чым унікальная гэтая кніга не толькі для Украіны, але і для Беларусі.

– Кіеўская мітраполія фактычна стварылася ў 988 годзе, і да сённяшняга дня яна перыядычна падлягала раздзелам. Розныя дзяржаўныя ўтварэнні падпадалі пад яе тэрыторыю. Наколькі моцна на ёй адбіўся ўплыў РПЦ? Пра якіх кананізаваных новых людзей ідзе ў зборніку гаворка?

– Уплыў РПЦ не мог не адбіцца. Бо больш за 300 гадоў мітраполія была пад акупацыяй Маскоўскай царквы, а сёння яе першасная кананічная тэрыторыя падзеленая паміж чатырма краінамі: Беларуссю, Польшчай, Літвой і Украінай. Акурат гістарычныя перыпетыі сталіся прычынай таго, што ўласна «Мінея Кіеўскага праваслаўя» так і не была складзеная, хаця такія спробы былі яшчэ ў XVII – першай палове ХVIII стагоддзяў, але пасля канчатковай анексіі Кіеўскай мітраполіі спробы былі цалкам спыненыя. Акрамя таго, жыццяпісы нашых святых, трапары, кандакі, малітвы рэдагаваліся пад расейскую імперскую дактрыну. Мы выкарыстоўвалі даступныя рукапісныя і друкаваныя крыніцы і сабралі такім чынам процьму святых Кіеўскага праваслаўя ад IX да першай паловы ХХ стагоддзя, жыццё і кананізацыя якіх не выклікаюць пярэчанняў.

Кожная царква складае богаслужэбны каляндар

– Сёння мы бачым, што робіцца з кананізацыяй у Расейскай праваслаўнай царкве. Маскоўскі патрыярхат збіраецца кананізаваць забойцу Аляксандра Суворава, які тапіў у крыві вызвольныя народныя паўстанні. І хутчэй за ўсё гэта адбудзецца ў хуткім часе. Як з гэтым у Кіеўскай мітраполіі? Ці магчыма такое, каб царква кананізавала людзей на загад уладаў?

– Мы не прызнаем ні Ушакова, ні Матрон Маскоўскіх або Ксеній Пецярбургскіх. Ёсць парадак: кожная Праваслаўная царква пасля таго, як яна кагосьці кананізавала, рассылае лісты іншым цэрквам, каб давесці ім да ведама. І потым кожная царква сама вызначае – прызнаваць або не. Кожная царква складае богаслужэбны каляндар. Ёсць камісія, якая вызначае «сваіх» святых, таму што іх насамрэч вельмі шмат. Бывае, што кананізавалі з палітычных матываў. Багалюбскі, напрыклад. Яго няма ў нашай кніжцы менавіта з гэтай прычыны. У РПЦ увогуле шмат кананізацыяў не за цноту чалавека, а таму што была палітычная замова. Узяць таго ж Мікалая II. 50 гадоў нікому не было ніякай справы, нават за мяжой царква маўчала, а потым проста кан’юнктура. Хаця шматлікія багасловы расейскія былі супраць. Прафесар Восіпаў пісаў, што яго няма за што кананізаваць.

– А ёсць святыя, якія нядаўна былі кананізаваныя Кіеўскай мітраполіяй? Можна даведацца, хто гэта?

– Напрыклад, Сагайдачны, які аднавіў іерархію Кіеўскай мітраполіі ў 1620 годзе. Яраслава Мудрага кананізавала ўжо Праваслаўная царква Украіны. Гэта адбылося нядаўна. Сам працэс кананізацыі адбываецца бесперапынна. Святасць мае сакральны сэнс. Гэта не ўзнагароджанне ордэнам ці граматай.

– У зборнік увайшлі тыя святыя, якіх сабрала менавіта Кіеўская мітраполія?

– Так, толькі яны. І кожнаму з іх адпавядае пэўная дата ў календары, трапар, кандак і некаторыя маюць малітвы. Жыццё апісанае так, як было спачатку, а не ў расейскім варыянце. У зборнік не ўвайшлі тыя, якія былі, напрыклад, нарадзінцамі Львова, але служылі Расеі і нічога не зрабілі для Украіны. Цяпер, паколькі Праваслаўная царква пераходзіць на новаюліянскі каляндар, мы ў зборніку даты перавялі ў адпаведнасці з новаюліянскім календаром, даты якога супадаюць з грыгарыянскім, і ён надрукаваны на зразумелай сучаснай украінскай мове. Так што беларусам ён будзе таксама цікавы і зразумелы.

У Беларусі няма незалежнай Праваслаўнай царквы

– Ці магчымае такога кшталту выданне сёння ў самой Беларусі?

– Думаю, што гэта немагчыма з прычыны таго, што ў Беларусі няма незалежнай Праваслаўнай царквы. Беларускі экзархат – гэта філіял Маскоўскага патрыярхату з вельмі абмежаванымі паўнамоцтвамі. Ён нічога не зробіць без згоды Масквы. На шыльдзе можа быць напісана што заўгодна. Калі, напрыклад, цэх заводу стаіць асобна, то ён усё роўна ёсць часткай гэтага заводу. Вось Масква прыбрала з аблічча святых полацкіх епіскапаў, якія падчас вайны з Масковіяй былі на баку беларускага народу. Выключылі пакутнікаў, якія загінулі ў часе сталінскага тэрору ці вайны. Яны не падтрымлівалі расейска-бальшавіцкай палітыкі, і іх паціху прыбралі з календароў.

– У Беларусі магчыма будзе неяк гэтаму супрацьстаяць? Толькі Томас выратуе сітуацыю?

– Без таго, каб вярнуць кананічную тэрыторыю пад юрысдыкцыю Канстанцінопалю, нічога не выйдзе. РПЦ на гэтай тэрыторыі, па сутнасці, незаконна знаходзіцца, бо Канстанцінопаль не аддаваў ёй Кіеўскай мітраполіі, у якую ўваходзілі і беларускія землі. У гэтым кірунку ўжо зробленыя пэўныя крокі. У 1924 годзе ў Польшчы была прадстаўленая аўтакефалія. Сёння прадстаўленая аўтакефалія Праваслаўнай царквы Украіны. Створаны ўжо літаральна нядаўна экзархат Канстанцінопальскага патрыярхату ў Літве і Эстоніі. Беларусі давядзецца прайсці працэс кананічнага падпарадкавання.

– Мы бачым, што адначасова з гэтымі працэсамі ў Беларусі затрымліваюць святароў, не даюць ім праводзіць багаслужбаў. І гэтая «зачыстка» працягваецца дагэтуль.

– Усё гэта незаконна, і Канстанцінопаль гэтага не прызнаў. Ёсць толькі пэўныя падставы, каб святару забараніць богаслужэнне. Яго не могуць пазбавіць сану за тое, што ён моліцца, каб наступіў мір, ці кажа, што Расея – агрэсар. І яму не могуць з гэтай прычыны забараніць праводзіць службу. Беларусі давядзецца прайсці гэты складаны шлях, але ёй будуць дапамагаць. Калі гэта будзе? Спадзяемся, што хутка, але сёння гэта, на жаль, немагчыма.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў