Тэматычныя гады ў Беларусі: якія мэты ставіліся і чаго рэальна дасягалі?


2024 год у Беларусі Лукашэнка абвесціў Годам якасці. І ў першы ж тыдзень у Лідскім раёне падае мост. Летась было яшчэ больш эпічна: у Год міру і стваральнай працы ў краіну завезлі ядравую зброю. Мы прыгадалі, якія яшчэ тэматычныя гады былі ў Беларусі і чаго ўдалося ў іх рамках дасягнуць – вынікі амаль заўсёды былі супрацьлеглымі заяўленым мэтам. Дарэчы, з 2023-га традыцыю надання году тэмы падхапілі і дэмакратычныя сілы Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Другі Год якасці: з першай спробы не выйшла?

Такім чынам, 2024 год – Год якасці. У запланаваных афіцыйных падзеях акцэнт будзе зроблены на павышэнне канкурэнтаздольнасці Беларусі «праз беражлівае і прадуманае стаўленне да рэсурсаў, рэалізацыю высокатэхналагічных і энергаёмістых праектаў, прыярытэт якасных паказнікаў над колькаснымі». Прыярытэтную ўвагу плануецца надаць фармаванню ў грамадзянаў асабістай адказнасці за дасягненне высокай якасці жыцця (дастатковы ўзровень даходу, своечасовая дыспансерызацыя, здаровае харчаванне, добрая адукацыя, культурнае баўленне вольнага часу), гаворыцца ва ўказе Лукашэнкі № 375 ад 27 лістапада 2023 года «Аб аб’яўленні 2024 года Годам якасці».

Для Года якасці быў распрацаваны адмысловы Знак якасці, ідэнтычны з лагатыпам ГОСТу СССР. Яго будуць прысвойваць напрыканцы года. А на пачатку года беларусы чарговы раз убачылі якасць будаўніцтва ў краіне, а дакладней – будаўніцтва мастоў: 8 студзеня каля вёскі Тосіна ў Лідскім раёне абрынуўся мост цераз Нёман. Пацярпелі двое працаўнікоў, якія праводзілі дэмантаж мосту.

Гэта ўжо другі Год якасці ў Беларусі – першы быў у 2010 годзе. Тады галоўнымі мэтамі абвяшчаліся: далейшае павышэнне якасці жыцця беларускага народу, пад’ём эканомікі і забеспячэнне яе канкурэнтаздольнасці, мадэрнізацыя вытворчасці на падставе актыўнага ўвядзення найноўшых тэхналогіяў, дынамічнае развіццё навукі і адукацыі, кардынальнае паляпшэнне ўмоваў працы і жыцця людзей, рост іхнага дабрабыту. Аднак за 2010 годам прыйшоў 2011-ы з яго фінансавым крызісам, падзеннем эканомікі замест запланаванага росту і моцным ударам па дабрабыце беларусаў.

Год гістарычнай памяці ды Год міру і стваральнай працы з вайной ды рэпрэсіямі

2023 год у Беларусі быў Годам міру і стваральнай працы. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, ён прысвячаўся «кансалідацыі беларускага народу, умацаванню ў грамадстве ідэяў міру і стваральнай працы як галоўных умоваў развіцця дзяржавы». Як здзек з гэтых ідэяў выглядалі навіны пра размяшчэнне ў Беларусі расейскай ядравай зброі і стварэнне ў краіне лагеру для расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Пра размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі ўпершыню сказаў Пуцін падчас свайго выступу 25 сакавіка, а ўжо напрыканцы жніўня з’явіліся паведамленні пра перамяшчэнне ў нашую краіну першых боегаловак. У ліпені ў Беларусь прыбылі баевікі ПВК Вагнэра, якія былі нібыта гатовыя «ісці на Варшаву ці Жэшаў». Вось такія мір і стваральная праца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Акрамя таго, у так званы Год міру і стваральнай працы рэжым Лукашэнкі працягнуў вайну з уласным народам – за год не менш як 1603 асобы былі асуджаныя ў палітычна матываваных крымінальных справах.

2022 год Лукашэнка абвесціў Годам гістарычнай памяці. У лютым таго года Беларусь сталася плацдармам для нападу Расеі на Украіну. Іншымі паказальнымі вынікамі так званага Года гістарычнай памяці былі разбурэнне пахаванняў жаўнераў Арміі Краёвай у Гарадзенскай вобласці, закрыццё Чырвонага касцёлу, абвяшчэнне воклічу «Жыве Беларусь!» нацысцкім, прызнанне экстрэмісцкімі кніг пра гісторыю Беларусі (сярод іх – кніга геральдыста Віктара Ляхара «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета», прысвечаная ваеннай сімволіцы ў Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды; кніга «Айчына: Маляўнічая гісторыя» Уладзіміра Арлова, якая расказвае пра гісторыю Беларусі дзецям і падлеткам, ды іншыя). У 2022 годзе шэраг незалежных выдавецтваў быў вымушаны спыніць працу ў Беларусі.

Год народнага адзінства і паляванне на «экстрэмістаў»

2021 год быў у Беларусі Годам народнага адзінства. Рэпрэсіі ўзмацніліся, заканадаўства зрабілася больш жорсткім, удзельнікаў пратэстаў 2020 года пачалі судзіць не ў адміністратыўных справах, а ў крымінальных. Таксама ў 2021 годзе пачалі прыцягваць да адказнасці за так званы экстрэмізм. Увосень з’явіліся першыя медыі, абвешчаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі, – «Белсат» і БелаПАН.

Апроч таго, у Год народнага адзінства адбылася страляніна на вуліцы Якубоўскага ў Менску, калі айцішнік Андрэй Зельцар застрэліў супрацоўніка КДБ.

Тры гады запар – 2018-ы, 2019-ы і 2020-ы – абвяшчаліся Годам малой радзімы. Напрыканцы «трылогіі», у 2020 годзе, у выніку ігнаравання пандэміі каронавіруснай інфекцыі на дзяржаўным узроўні менавіта ў рэгіёнах Беларусі памерла значная колькасць людзей. Гады малой радзімы не здолелі стрымаць заняпад і знікненне беларускіх вёсак. Паводле афіцыйнай статыстыкі, станам на 2023 год, у Беларусі налічвалася 23 208 населеных пунктаў – на 1000 менш, чым у 2003-м, калі тэматычных гадоў яшчэ не было. Знікаюць пераважна вёскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

2017 год у Беларусі прысвяцілі навуцы. Напрыканцы года, які мусіў вывесці развіццё беларускай навукі на новы ўзровень, навукоўцы скардзіліся на нізкія заробкі і немагчымасць публікавацца ў замежных навуковых часопісах.

Тэмаю для 2016 года абралі культуру. Тады ж быў прыняты Кодэкс аб культуры. Паводле ацэнак адмыслоўцаў, у ім былі закладзеныя цэнзура культуры і яшчэ большая яе залежнасць ад дзяржавы, што далей толькі ўзмацняецца.

Фінансавы крызіс у Год прадпрымальнасці

2015 год быў Годам моладзі. 2014 год абвесцілі Годам гасціннасці – відавочна, да чэмпіянату свету па хакеі і дзеля прыцягнення турыстаў. Пачыналася ўсё добра – для замежнікаў з квіткамі на матчы адмянілі візы. Але з якімі вынікамі скончыла Беларусь гэты год? Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, уязных турыстаў у Год гасціннасці было толькі на 0,5 % больш, чым у 2013 годзе.

Тэмаю для 2013 года была абраная беражлівасць. 2012-ы быў абвешчаны Годам кнігі. Тады ж было апублікаванае даследаванне, якое паказала, што траціна насельніцтва Беларусі ўвогуле не чытае (33,7 % апытаных адказалі, што ніколі не бяруць у рукі кнігі). У Год кнігі ў Беларусі беларускія выданні склалі ўсяго 13,5 % ад агульнага аб’ёму кнігадрукавання, а ў некаторых выдавецтвах скарацілася колькасць выдадзеных кніг беларускіх аўтараў.

2011 год стаўся Годам прадпрымальнасці. У адпаведнай пастанове гаварылася, што год пакліканы «даць новы імпульс развіццю краіны». Год прадпрымальнасці мусіў паспрыяць «стварэнню новага вобліку беларускай эканомікі, разняволенню дзелавой актыўнасці і ініцыятывы, фармаванню атмасферы здаровай канкурэнцыі, павышэнню дабрабыту і якасці жыцця грамадзянаў».

Аднак акурат у 2011 годзе выбухнуў адзін з самых сур’ёзных эканамічных крызісаў у гісторыі незалежнай Беларусі. Дэвальвацыя беларускага рубля за год дасягнула амаль 200 %. Узровень даходаў насельніцтва ўпаў да ўзроўню 2005 года. Таксама ў 2011-м узмацнілася ўмяшанне дзяржавы ў дзейнасць прыватных кампаніяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: dzen.ru

У Год роднай зямлі і Год здароўя пастанавілі будаваць АЭС

2009-ы быў Годам роднай зямлі. Апазіцыйныя палітыкі і актывісты звярталі ўвагу, што афіцыйныя падзеі ў рамках тэматычнай праграмы закраналі толькі аграрны сектар і ніяк не датычыліся гістарычнай спадчыны або аднаўлення і правільнага абыходжання з тэрыторыямі, пацярпелымі ад катастрофы на ЧАЭС. Таксама Год роднай зямлі ніяк не закрануў экалогіі. У 2009-м улады пачалі ідэалагічна рыхтаваць беларусаў да будаўніцтва Астравецкай АЭС у самым экалагічна чыстым на той момант рэгіёне Беларусі. Праходзілі слуханні, на адным з якіх быў арыштаваны расейскіх фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Тэмай 2008 года зрабілі здароўе. Па выніках года апазіцыйныя беларускія палітыкі зазначалі, што сітуацыя з аховаю здароўя ў краіне толькі пагоршылася – у рэгіёнах катастрафічна не хапала медычных работнікаў, колькасць людзей, якія пайшлі з жыцця ад анкалагічных ды іншых захворванняў, павялічылася. Не паболела фізкультурных пляцовак або даступных для насельніцтва спартовых залаў. Напрыканцы Года здароўя ў Беларусі была вызначаная пляцоўка для будаўніцтва АЭС.

Тэматычныя гады і ў дэмакратычных сілаў

2007 год афіцыйна быў Годам дзіцяці, а 2006-ы – Годам маці. Менавіта з 2006-га тэма года зацвярджаецца Лукашэнкам у адмысловым указе. Потым Савет Міністраў зацвярджае рэспубліканскі план мерапрыемстваў згодна з тэмай года. Адпаведныя планы прымаюцца і ў рэгіёнах.

Першым тэматычным годам стаўся ў Беларусі 1996-ы, прысвечаны згодзе і стварэнню, – тэму абвесціў Лукашэнка ў навагоднім звароце напрыканцы 1995 года. Далей пра тэматычныя гады забыліся аж да 2005-га, абвешчанага Годам павышэння эфектыўнасці гаспадарання і эканоміі рэсурсаў. Аднак тады тэма яшчэ проста задавала арыенцір, а тэматычныя працоўныя праграмы на цэлы год пачалі распрацоўваць толькі налета.

Дэмакратычныя сілы летась падхапілі традыцыю тэматычных гадоў і назвалі 2023-і Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння, а 2024-ы – Годам нацыянальнай традыцыі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў