Паліттэхнолаг Гайдай пра шэраг адставак ва Украіне: дэманструюць Захаду барацьбу з карупцыяй


Украіна дэманструе свету жаданне пазбавіцца ад рэпутацыі карумпаванай краіны, але гэта можа выявіцца і імітацыяй. Пра гэта ў інтэрв’ю «Белсату» заявіў кіеўскі паліттэхнолаг Сяргей Гайдай.

Сяргей Гайдай.
Фота: Луганська обласна державна адміністрація / Facebook

24 студзеня сышлі ў адстаўку адразу некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў украінскага ўраду. На момант рыхтавання гэтай публікацыі звольненыя намеснік міністра абароны Вячаслаў Шапавалаў, намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Кірыла Цімашэнка, намеснік генпракурора Аляксей Сіманенка. Медыі таксама паведамляюць, што найбліжэйшым часам магчымыя адстаўкі міністраў энергетыкі і спорту, а таксама кіраўнікоў Сумскай, Дняпроўскай, Запарожскай і Херсонскай абласных вайсковых адміністрацыяў.

Сёння ж стала вядома, што Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны і Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура праводзяць расследаванне магчымых злоўжыванняў Міністэрства абароны пры закупцы харчавання для вайскоўцаў на суму больш як 13 млрд грыўняў.

Перад гэтым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў відэазвароце 23 студзеня заявіў аб рыхтаванні кадравых зменаў сярод дзяржаўнага кіраўніцтва рознага ўзроўню.

Што адбываецца

Змены ў кіраўніцтве Украіны «Белсат» папрасіў пракаментаваць кіеўскага паліттэхнолага Сяргея Гайдая. Ён адзначыў, што Украіна мае рэпутацыю адной з самых карумпаваных краінаў свету. Але калі ў мірны час карупцыя збольшага была праблемай самой Украіны, то ў часе вайны гэта зрабілася заўважнай перашкодай для працы з заходнімі палітыкамі.

Паводле Гайдая, карупцыя ва Украіне мае даўнюю гісторыю: «30 гадоў наша дзяржава будавалася на прынцыпах карупцыі і была адной з самых карумпаваных у Еўропе. З пачаткам вайны гэта не спынілася. Усе, хто ў нашым раздутым дзяржапараце сядзеў на схемах, там і засталіся. Прырода такіх людзей не мяняецца ні ад вайны, ні ад рэвалюцыяў. Таму праблемы назапасіліся».

Падчас вайны ўкраінская карупцыя сталася балючай тэмай для замежных партнёраў. «Калі ты вядзеш вайну сапраўдную, якая ёсць ці не пачаткам трэцяй сусветнай, то карупцыя дзяржапарату становіцца вялікай праблемай. Таму што табе ў гэтай сітуацыі дапамагае ўвесь свет, і іншаземных адказных асобаў іхныя ж грамадзяне запытваюць: а куды ідуць нашыя грошы? Людзям, пра якіх усе ведаюць як пра карупцыянераў?»

Паводле Гайдая, за цяперашняй чарадой адставак стаіць жаданне дзейнай украінскай улады ўратаваць свой імідж на тле карупцыйных скандалаў, кшталту гісторыі з купляю чыноўнікамі Міністэрства абароны звышдарагога харчавання.

«Лавіна скранулася праз некалькі невялікіх скандалаў, якія ў мірны час, можа, нават і не былі б заўважаныя. І Банкавая добра разумее, што каб заставацца той уладай, якая ў вачах усяго свету нацэленая перамагчы ворага, то ім трэба тэрмінова ратаваць свой імідж. Лепшае ж выратаванне – гэта звальненне найбольш таксічных і найбольш шкодных для рэпутацыі персонаў», – тлумачыць Гайдай.

Паліттэхнолаг мяркуе, што сёння ў дзейнай украінскай уладзе няма сурʼёзных антыкарупцыйных структураў. Традыцыйна з часоў Еўрамайдану барацьбою з карупцыяй займаюцца спецыяльныя органы кшталту Антыкарупцыйнага суда і Антыкарупцыйнай пракуратуры, непадуладныя выканаўчай галіне. Аднак Гайдай кажа, што гэтым разам рэакцыя больш сурʼёзная і з боку найвышэйшага кіраўніцтва Украіны: «Ёсць спадзеў, мяркуючы паводле звальненняў, што гэтым заклапаціліся першыя асобы, пачынаючы з прэзідэнта і заканчваючы міністрам абароны».

Сяргей Гайдай падкрэслівае, што сітуацыю з карупцыяй немагчыма выправіць толькі бізуном, «трэба знішчаць саму магчымасць карупцыйных схемаў, а не толькі караць тых, хто імі карыстаецца». «А гэта вялікая праца. Кшталту той, якую ў свой час зрабіў у Грузіі Міхэіл Саакашвілі, які ліквідаваў цэлыя карупцыйныя органы ўлады і ствараў замест іх новыя. Ёсць прыклады антыкарупцыйнай рэформы ў брытанскім правасуддзі».

Пры гэтым эксперт асцерагаецца, што і гэтым разам дзеянні ўкраінская ўлады не будуць паслядоўна даведзеныя да нейкага лагічнага канца. «Украінская ўлада дэманструе гатовасць зачышчаць шэрагі, але ўкраінская ўлада валодае і добра развітай здольнасцю да імітацыі, і я баюся, каб гэта не выявілася такой чарговай імітацыяй», – падсумаваў Сяргей Гайдай.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў