У Горадні школьнікаў затрымалі за тое, што яны згасілі газіроўкай Вечны агонь. Хочуць паказальна судзіць у школе


Праўладныя Telegram-каналы, звязаныя з сілавікамі, паведамілі 23 кастрычніка, што ў Горадні затрымалі школьнікаў 14 і 15 гадоў. Сцвярджаецца, што затрыманыя 15 кастрычніка згасілі газіроўкай Вечны агонь на брацкай магіле савецкіх ваяроў і партызанаў у парку Жылібера.

Хлопец залівае газіроўкай Вечны агонь у парку Жылібера. Горадня, Беларусь. 15 кастрычніка 2022 года.
Фота: Обратная сторона / Telegram

Як сцвярджаюць праўладныя каналы, відэа, на якім адзін са школьнікаў залівае напоем Вечны агонь, тыя самі выклалі ў інтэрнэт. Міліцыянты заўважылі тое відэа, затрымалі хлопцаў, змясцілі ў ізалятар.

Супраць затрыманых распачалі крымінальную справу за «Злоснае (групавое) хуліганства» – паводле арт. 339 КК РБ. Паводле часткі 2 («групай асобаў») могуць пакараць арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. Адказнасць паводле гэтага артыкулу наступае з 14 гадоў.

Гэты артыкул апісвае хуліганства як «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць відавочную знявагу да грамадства, суправаджаюцца ўжываннем гвалту ці пагрозай яго ўжывання або знішчэннем ці пашкоджаннем чужой маёмасці або адрозніваюцца ў сваім складзе выключным цынізмам».

На відэа, якое апублікавалі, відаць, што хлопцы спрачаюцца, ці магчыма згасіць Вечны агонь, аператар падбухторвае хлопца з бутэлькай паспрабаваць гэта зрабіць. Выказванняў пра тых, каму прысвечаны Вечны агонь, на відэа не чуваць. Ці быў пашкоджаны Вечны агонь газіроўкай, не паведамляюць.

Але таксама існуе адміністратыўны артыкул «Дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП РБ). У ім за «абразлівае прыставанне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацыяў або спакой грамадзянаў і выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства» прадугледжваецца адміністратыўны арышт, грамадскія работы або штраф ад 64 да 960 рублёў. Чаму дзеянні кваліфікавалі не як «дробнае», а як «злоснае хуліганства», не паведамляецца.

Адзін з праўладных каналаў анансуе: «працэдуру заключэння пад варту» нібыта збіраюцца правесці ў іхнай школе, «чакаецца аншлаг».

Артыкулы
Неасталінская прапаганда. Што адбываецца ў Беларусі з гісторыяй Другой сусветнай вайны
2021.06.22 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў