На Добрускай папяровай фабрыцы звальняюць 70 «нелаяльных» працаўнікоў напярэдадні візіту Лукашэнкі


На Добрускую папяровую фабрыку 29 кастрычніка мусіць прыехаць Аляксандр Лукашэнка. За тыдзень да візіту пачаліся звальненні працаўнікоў, якіх затрымлівалі за ўдзел у мітынгах улетку і ўвосень 2020 году, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на ўласныя крыніцы на фабрыцы.

Складзены спіс з 70 «нелаяльных» працаўнікоў, якія будуць звольненыя.

«Некаторых звальняюць сем’ямі! Спачатку прапануюць напісаць заяву па ўласным жаданні. Калі хто ня згодны – забіраюць пасля змены з прахадной на трое і больш сутак у ізалятар часовага ўтрымання. І потым звальняюць, – перадае «Радыё Свабода» аповед аднаго з працаўнікоў. – Ужо аднаго з нашых паказвалі пасля затрымання па прапагандысцкіх telegram-каналах. Кіраўнікі настолькі згубілі прыстойнасць, што ў вочы кажуць: «Так, гэта рэпрэсіі і пераслед«. Людзі баяцца».

Гісторыі
Усё спакойна, але кадры ўцякаюць. Спыталі, што адбываецца на дзяржаўных прадпрыемствах
2021.08.30 18:17

Паралельна на фабрыцы складаецца яшчэ адзін спіс – тых, хто будзе прысутнічаць на сустрэчы з Лукашэнкам. Для іх адмыслова шыюць новыя робы.

«Гэта спіс тых, хто будзе ўдзельнічаць у сустрэчы. Паглядзіце сваіх людзей і тэрмінова напішыце імя, імя па бацьку і прозвішча, рост і памер для робы, бо заўтра для нас запускаюць швейны цэх», – з такім паведамленнем звярнулася кіраўніцтва фабрыкі да працаўнікоў у групе ў Viber.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў