«Турэмная роба – у падарунак». Музей вольнай Беларусі ў Варшаве адзначыў дзень народзінаў


У суботу 22 ліпеня Музей вольнай Беларусі адзначыў свой першы дзень нараджэння. Асяродак беларускай культуры на Foksal, 11 у Варшаве быў адкрыты 17 ліпеня 2022 года. На свае народзіны музей зладзіў сапраўднае беларускае свята – з казкай, музыкай, марай аб вяртанні і белым воблакам над галовамі ўдзельнікаў імпрэзы.

Людзі слухаюць выступ Уладзіміра Пугача падчас імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця Музея Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

Шмат усмешак, знаёмых твараў і абдымкаў. Былая палітзняволеная Іна Шырокая аглядаецца, усміхаецца і заўважае, што «ніколі не бачыла столькі палітвязняў на адным квадратным метры».

«Хіба толькі ў турэмнай камеры, не?» – са смехам адказвае ёй яшчэ адна былая палітзняволеная.

«Не ўсе мары спраўдзіліся»

Многія сябры Асацыяцыі былых палітвязняў – у белых цішотках з надпісам «Да волі!» (па назве аб’яднання). Пазней, падчас афіцыйнай часткі імпрэзы, адзін з яе лідараў – былы палітзняволены Алег Кулеша, перадасць у калекцыю музею чорную турэмную робу з жоўтай нашыўкай з наваполацкай калоніі № 1.

Знакавы экспанат, сумны падарунак. Але такая місія Музею вольнай Беларусі – збіраць і захоўваць артэфакты, якія вядуць нас да свабоды.

Прадстаўнік ініцыятывы «Да волі», якая аб’ядноўвае былых палітвязняў, перадае ў фонд Музея вольнай Беларусі турэмную робу з Наваполацкай калоніі. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

Па словах кіраўніцы ўстановы Наталлі Задзяркоўскай, у музеі зараз больш за 100 прадметаў музейнага значэння. Але яна заўважае: пакуль што няма добрых умоваў для захоўвання экспанатаў, і цяпер «у першую чаргу трэба думаць аб фондасховішчы».

Наталля Задзяркоўская, дырэктарка Музея Вольнай Беларусі падчас імпрэзы «Вечар-сустрэчу сяброў Музея Вольнай Беларусі», прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця музея. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

«Тым не менш, настрой баявы. Калі рыхтаваліся да імпрэзы, давялося перагледзець усё, што зрабілі за год. І я сама здзівілася, наколькі шмат працы было зроблена. Мы малайцы! Хоць не ўсе мары спраўдзіліся. Нам дагэтуль бракуе музейнага спецыяліста. Не вельмі актыўна ідзе збор музейных экспанатаў. Але мы сталі вельмі актыўнай пляцоўкай для сустрэч беларусаў», – кажа Наталля Задзяркоўская.

Воблака спынілася

У гэты дзень музею ва ўрачыстай абстаноўцы перадалі таксама ў якасці экспанатаў асабістыя рэчы беларускага добраахвотніка атраду «Ліцвін» Дзмітрыя Ваўка, які загінуў у чэрвені 2022 года ў аўтакатастрофе ў Румыніі.

У сваю чаргу Наталля Задзяркоўская перадала прадстаўніку палка Каліноўскага жалобную кнігу, у якой выказвалі спачуванні наведнікі мемарыялу беларускім ваярам, загінулым ва Украіне (мемарыял-інсталяцыя была адкрытая ва ўнутраным дворыку музею ў траўні 2023 года).

Прадстаўнік Палка Каліноўскага (справа) атрымаў ад Музея Вольнай Беларусі кнігу спачуванняў, у якой наведвальнікі пакідалі свае словы загінулым ва Украіне байцам. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

Гэта быў адзін з самых вострых момантаў імпрэзы. Пасля хвіліны маўчання амаль столькі ж гучалі апладысменты – на знак памяці.

Сваю працу, прысвечаную Беларусі і Польшчы, перадала музею і беларуская мастачка Вольга Якубоўская.

Эмацыйнасці і глыбіні святу дадавала музыка Варшаўскага вольнага аркестру.

Струнны квартэт Варшаўскага вольнага аркестра выступае падчас імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця Музея Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

«Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ў іх выкананні затрымала белае варшаўскае воблака над «калодзежам» унутранага дворыку – час нібыта спыніўся.

Нават дзеткі, якія прыйшлі ў гэты дзень паслухаць казкі Аляксандра Ждановіча – Маляваныча – перасталі сваволіць. Слухалі і глядзелі на воблака, хоць яшчэ некалькі дзясятак хвілін таму выбухалі звонкім смехам на зʼяўленне Смерці з касой, што прыйшла да Ірада (Маляваныч зладзіў для дзяцей батлейку).

Паказ беларускай батлейкі ад Аляксандра Ждановіча (Маляваныча) падчас імпрэзы «Вечар-сустрэчу сяброў Музея Вольнай Беларусі», прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця музея. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

«Тое, чаго найбольш баяцца дыктатары»

Святочных пляцовак было некалькі. На арт-маркеце можна было набыць густоўную біжутэрыю ў нацыянальных колерах, маляваныя дываны, цішоткі з надпісам «Кахай, не ваюй», ці з катом Друшай ад былога палітвязня Уладзіслава Макавецкага, ці з калекцыі сястры Рамана Бандарэнкі – дызайнеркі Вольгі Кучарэнкі.

Волга Кучарэнка, дызайнерка і стрыечная сястра загінулага ў лістападзе 2020 года Рамана Бандарэнкі падчас імпрэзы «Вечар-сустрэчу сяброў Музея Вольнай Беларусі», прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця музея. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

«Тут вельмі класна збірацца ўсім беларусам і абмяркоўваць агульныя ідэі ці агульныя болі. Гэта адназначна больш, чым толькі музей», – кажа Вольга Кучарэнка.

Яна прызнаецца, што асабістыя рэчы Рамана Бандарэнкі ў Музей вольнай Беларусі не перадавала, бо пакуль што ніхто яе аб гэтым не прасіў.

Мастак Максім Осіпаў запакоўваю сваю працу пакупніку на кірмашы беларускіх майстроў падчас імпрэзы «Вечар-сустрэчу сяброў Музея Вольнай Беларусі», прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця музея. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

Пра кнігі Альгерда Бахарэвіча ці Кормака Макарці можна было на арт-маркеце паразмаўляць з выдаўцом Андрэем Янушкевічам. І зразумела – набыць кніжкі на беларускай мове.

Дарэчы, моцную прамову пра сілу беларускай мовы зрабіла на галоўнай сцэне ганаровы госць свята віцэ-спікерка польскага сейму Малгажата Гасеўская (Małgorzata Gosiewska). Яна назвала музей «цэнтрам беларускай вольнасці і дэмакратыі ў сэрцы Варшавы».

Віце-маршалка сейму Польшчы Маглажата Гасеўская (Małgorzata Gosiewska) пасля сваёй прамовы падчас імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця Музея Вольнай Беларусі, паказвае атрыманы падарунак з нагоды яе Дня Народзінаў. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

«Цешуся вельмі, што гэтае месца стала прасторай беларускай мовы і культуры. Гэта тое, чаго найбольш баяцца ўсе дыктатары… Веру, што пераможам у вайне за Украіну і ў змаганні за вольную Беларусь», – сказала Малгажата Гасеўская.

«Гэта пра наш агульны боль»

З прамовай да беларусаў звярнуўся таксама нашчадак слыннага роду Радзівілаў князь Мацей Радзівіл, фундацыя якога аказвае вялікую фінансавую падтрымку Музею вольнай Беларусі. Ён згадаў свае паездкі ў Нясвіж і назваў беларускага дыктатара Лукашэнку здраднікам, які «нішчыць беларускую культуру і тоеснасць».

Мацей Радзівіл выступае з прамовай падчас імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця Музея Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

«Украіна, Літва і Беларусь – сёстры Польшчы. А сёстры мусяць трымацца разам. І тая культура вольнасці, якая нас злучае, павінна абʼядноўваць нас яшчэ мацней. Мы ўсе: беларусы, украінцы, літоўцы і палякі – зʼявіліся як вольныя народы. Гэтага павінны трымацца і за гэта змагацца», – казаў Мацей Радзівіл.

Адзін з ініцыятараў стварэння музею ў Варшаве намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету і кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заўважыў у сваёй прамове, што мара захаваць і перанесці ў Беларусь усё тое, што робяць беларусы дзеля свабоды радзімы, пачала здзяйсняцца. Але «яна перарасла музейную справу».

Вядучая і музыка Кацярына Ваданосава (у цэнтры) апладзіруе Варшаўскаму вольнаму аркестру, які выканаў твор, створаны сумесна з украінскім аўтарам, падчас імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця Музея Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

«Сёння гэта грамадска-палітычная пляцоўка. І гэта вельмі важна», – зазначыў Павел Латушка.

Музей вольнай Беларусі сапраўды стаўся пунктам перасячэння грамадскіх, палітычных і культурных памкненняў нашых суайчыннікаў. І ў свой першы дзень народзінаў прэзентаваў у вялікай зале «татальную інсталяцыяю» мастака Ігара Цішына «Ад краю да краю» (адсылка да «Дудкі беларускай» Багушэвіча). Чорна-бела-чырвоную. Балючую. На ўсе сцены. На адным краю – чорны крыж на белым фоне… Што на другім?..

Мастак Ігар Цішын пазіруе для фота разам з куратаркай Вольгай Мжэльскай падчас імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця Музея Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

«Сказаць словамі вельмі цяжка, што выказаў ужо вобразамі… Гэта пра наш агульны боль за наш край», – сказаў Ігар Цішын.

У маленькай зале музею была паказаная міні-экспазіцыя з пастаяннага фонду: сукенка «БЧБ-нявесты» Іны Зайцавай, сцяг з імёнамі беларускіх палітвязняў, створаны Марыяй Грыц, барабаны Васіля Грудовіка ды іншыя экспанаты. Гэта таксама пра наш боль. Але пра боль, які нараджае веру.

Пара слухае выступ Уладзіміра Пугача падчас імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця Музея Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

Пасля перапынку, які абвясцілі вядоўцы імпрэзы – акторы Крысціна Дробыш і Сяргей Чуб, пачалася музычная частка.

Сяржук Доўгушаў выступае на сцэне Музея Вольнай Беларусі падчас імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця музея. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

Дыхту на свяце Музею вольнай Беларусі давалі Сяржук Доўгушаў, Уладзімір Пугач, Маргарыта Ляўчук з Канстанцінам Гарачым.

Наведвальнікі імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця Музея Вольнай Беларусі, апладуюць падчас выступа Сяржука Доўгушава. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат
Уладзімір Пугач выступае на сцэне Музея Вольнай Беларусі падчас імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця музея. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат
Наведвальнікі імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця Музея Вольнай Беларусі, апладуюць падчас выступа Сяржука Доўгушава. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат
Маргарыта Ляўчук і Канстанцін Гарачы выступаюць на сцэне Музея Вольнай Беларусі падчас імпрэзы, прысвечанай гадавіне са дня адкрыцця музея. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева, Белсат

Дзень народзінаў беларускага музею ў Варшаве наведалі некалькі сотняў беларусаў. На святочнай вечарыне прысутнічалі таксама прадстаўнікі амбасадаў Аўстрыі, Бельгіі і Эстоніі.

Артыкулы
Бел-чырвона-белая сукенка, сцяг Марыі Грыц і барабан Васіля Грудовіка. Экспанаты, якія варта пабачыць у Музеі Вольнай Беларусі
2022.07.17 23:09

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў