У Лондане адбылася прэзентацыя кнігі «Беларусь у XXI стагоддзі. Паміж дыктатурай і дэмакратыяй»


У Лондане 22 чэрвеня адбылася прэзентацыя кнігі «Беларусь у XXI стагоддзі. Паміж дыктатурай і дэмакратыяй», прадмову для якой напісала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. У кнізе з навуковага пункту гледжання даказваецца, чаму прага і змаганне беларусаў за змены – гэта лагічны працяг глыбінных сацыяльных тэндэнцый, якія ўжо даўно наспявалі ў беларускім грамадстве.

У Лондане 22 чэрвеня адбылася прэзентацыя кнігі «Беларусь у XXI стагоддзі. Паміж дыктатурай і дэмакратыяй».
Фота: GCRF_COMPASS / Twitter

Гэта кніга пра падзеі 2020 года ў Беларусі, якія сталі пераломным момантам для краіны, а таксама пра тое, тое ў ва што краіна ператварылася пасля 2020 года. Адна з высноў кнігі – тое, што пачалося тады, немагчыма адкінуць назад. Што б не было: рэпрэсіі, катаванні – гэта падзеі, якія змянілі краіну. Аднак разам з тым падзеі 2020 года – гэта адзін з самых цудоўных момантаў, які паўстаў, кажа адна ў аўтарак кнігі Алена Карасцялёва.

Алена Карасцялёва падчас прэзентацыі кнігі ўзгадала, як 9 жніўня людзі стаялі каля амбасады Беларусі ў Лондане, каб прагаласаваць, і як журналісты Бі-Бі-Сі прыехалі на месца падзей каб усё зафіксаваць і як доўга яны здымалі ўвесь натоўп, які стаяў у чарзе.

«Нас уразіла тое, што беларусы выйшлі. Пасля пачаліся жахлівыя падзеі, гвалт, катаванні, смерці. Але трываласць і непакорнасць беларусаў працягваецца. Так узнікла ідэя кніжкі, якая прыйшла ад майго мужа, які заклікаў мяне напісаць пра гэта абуджэнне беларусаў. У тым ліку каб адлюстраваць тыя падзеі, што адбываюцца ў краіне», – распавяла Алена.

Аўтарка кнігі дадае, што «калі людзі зразумеюць, што значыць называцца «людзьмі», яны ніколі не вернуцца назад».

У Лондане 22 чэрвеня адбылася прэзентацыя кнігі «Беларусь у XXI стагоддзі. Паміж дыктатурай і дэмакратыяй».
Фота: GCRF_COMPASS / Twitter

Прадмова да кнігі была напісаная Святланай Ціханоўскай у ліпені 2022 года.

«У дэмакратычнай Беларусі, калі акадэмікі будуць спрабаваць высветліць, хто мы, беларусы, і адкуль мы прыйшлі, няхай гэтая кніга будзе іхным правадніком», – напісана ў прадмове.

Сама кніга складаецца з трох частак. Гэта:

  • «Гісторыя, ідэнтычнасць і палітыка»;
  • «Сацыяльна-эканамічныя і інстытуцыйныя ландшафты»;
  • «Аднаўленне грамадскай прасторы і ўмацаванне народнасці».

Першая частка кнігі прысвечана аналізу гісторыі, палітыцы, гістарычнай памяці і як гэта ўсё дапамагло беларусам паўстаць у 2020 годзе. Пра рэпрэсіі беларусаў і як людзі выжывалі пад рэжымам Лукашэнкі. «Пра тое, што дазволіла беларусам узняцца настолькі магутнымі», – кажа Карасцялёва. Другая частка кнігі прысвечана сацыялагічным і юрыдычным аспектам. У ёй закранутыя тэмы «беларускага эканамічнага цуду», эпідэміі COVID-19 у Беларусі і судовай сістэмы краіны.

Трэцяя частка тычыцца пашырэння запатрабаванняў і грамадскай прасторы, як людзі ўцягнуліся ў гэтую пратэстную плынь, як яны паўсталі як народ і як нацыя. Пра тое, як беларусы змаглі самаарганізавацца. Таксама адна з частак распавядае пра ролю жанчын у беларускай рэвалюцыі.

«Вядома, існуе арганізаваная грамадзянская супольнасць… але ў Беларусі мы бачылі ў асноўным натоўпы людзей. Такім чынам, нашае пытанне заключалася ў тым, як людзі арганізуюць сябе», – дадае суаўтарка кнігі, дацэнтка Ірына Пятрова.

У Лондане 22 чэрвеня адбылася прэзентацыя кнігі «Беларусь у XXI стагоддзі. Паміж дыктатурай і дэмакратыяй».
Фота: GCRF_COMPASS / Twitter

Асноўная частка аўтараў кнігі – гэта беларусы. Яна напісаная на ангельскай мове, але плануецца пераклад кнігі і на беларускую мову. Зараз набыць яе можна праз онлайн-крамы і ў кнігарнях.

Неўзабаве прэзентацыя кнігі пройдзе ў Вільне.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў