У Вільні ўручылі першыя медалі ордэну Пагоня


У Вільні ўпершыню ўручылі медалі ордэну Пагоня. Цырымонія адбылася ў сядзібе Таварыства беларускай культуры. Узнагароду атрымалі блізкія палітычных вязняў Эдуарда Пальчыса, Ігара і Дар’і Лосікаў, паведамляе Рада БНР у сваім Telegram-канале.

Першая цырымонія ўзнагароджання медалём ордэну Пагоня. Вільня, Літва. 22 красавіка 2023 года.
Фота: Рада БНР / Telegram

Блізкія палітычных вязняў Эдуарда Пальчыса, Ігара і Дар’і Лосікаў атрымалі медалі ордэну Пагоня. Першая цырымонія ўручэння ўзнагароды адбылася ў сядзібе Таварыства беларускай культуры ў Вільні.

Сябра камісіі ў справе ўзнагароджання пры Радзе БНР Алесь Чайчыц заявіў, што палітвязні цяпер праходзяць праз цяжкія выпрабаванні:

«Дар’я, Ігар і Эдуард праходзяць праз цяжкія выпрабаванні за праўду, за вернасць сваім ідэалам і за ўвесь беларускі народ. Яны дэманструюць годнасць і гераізм у найскладанейшых умовах, якія ім незаконна стварылі злачынцы ды ворагі дэмакратыі і свабоды. Уся Беларусь чакае іхнага найхутчэйшага вызвалення».

Эдуард Пальчыс, Ігар і Дар’я Лосікі былі ўзнагароджаныя дэкрэтам старшыні Рады БНР ад 25 сакавіка 2023 года за заслугі на ніве барацьбы за волю Беларусі.

Першая цырымонія ўзнагароджання медалём ордэну Пагоня. Вільня, Літва. 22 красавіка 2023 года.
Фота: Рада БНР / Telegram

Пра заснаванне ордэну Пагоня Рада БНР абвесціла ў леташнім лістападзе. Ім адзначаюць выбітныя заслугі перад Беларуссю і беларускім народам.

«Медаль уручаецца асобам, якія адзначыліся на ніве змагання за волю і незалежнасць Беларусі; выбітным грамадскім і культурніцкім дзеячам у Беларусі і сярод беларускага замежжа; замежнікам, якія спрычыніліся да даследаванняў і папулярызацыі Беларусі ў свеце, а таксама іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі», – адзначалася ў паведамленні.

Hавiны
Рада БНР узнагародзіла Медалём Ордэну «Пагоні» шэраг беларусаў
2023.03.25 09:21

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў