Заснавальнік клінікі «Новы зрок» быў затрыманы ў Польшчы па запыце беларускіх сілавікоў у Інтэрпол


19 сакавіка заснавальнік сеткі клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін ехаў з Польшчы ў Беларусь, каб трапіць на суд адносна канфіскацыі прыбытку даходу медцэнтру за 2022 год. Трапіць на радзіму, аднак, у бізнесоўца не атрымалася – на мяжы яго затрымала польская паліцыя на падставе таго, што ён знаходзіўся ў вышку па лініі Інтэрполу. Пра гэта Каўрыгін распавёў у інтэрв’ю Deutsche Welle.

Медцэнтр «Новы зрок» у Гомлі.
Фота: eyes.by

Ад польскіх паліцэйскіх Алег Каўрыгін даведаўся, што знаходзіцца ў чырвонай картцы Інтэрполу, у якой сказана, што яго шукаюць паводле артыкулу аб ухіленні ад выплату падаткаў у Беларусі (арт.243 КК РБ). Адбыўся суд.

«На падставе рашэння суду я быў адпушчаны дамоў. Я вымушаны цяпер вырашаць пытанне аб зняцці з сябе санкцыі Інтэрполу», – распавёў заснавальнік «Новага зроку».

Улетку 2023 года Міністэрства аховы здароўя Беларусі пазбавіла медцэнтр «Новы зрок», заснаваны Каўрыгіным, ліцэнзіі з моманту яе выдачы ў 2011 году нібыта праз прадстаўленне недакладных дадзеных. На падставе гэтага Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК сцвердзіў, што даход медцэнтру быў атрыманы незаконным шляхам. 20 сакавіка эканамічны суд Менску аштрафаваў кампанію Каўрыгіна на 20 тысяч рублёў і канфіскаваў 100% даходу за 2022 год – гэта больш за 17 мільёнаў рублёў. Імаверна, тое самае зробяць з даходам медцэнтру за ўвесь перыяд з 2011 года. Менавіта на гэтым судзе планаваў прысутнічаць Алег Каўрыгін.

«Клініку «Новы зрок» і ўсе яе актывы канфіскуе дзяржава, забярэ ў свае рукі. <…>. Так як ліквідатараў няма, фактычна, яны адмовіліся ад працы. Матывіровачную частку рашэння мы не можам атрымаць, і, адпаведна, даць у неабходныя тэрміны скаргу, і рашэнне аўтаматычна ўступіць у сілу», – кажа Алег Каўрыгін.

Hавiны
«Афтальмалогія адкаціцца гадоў на дваццаць за паўгода». Заснавальнік «Новага зроку» – пра пазбаўленне ліцэнзіі
2023.07.27 21:22

Абвінавачанні ўладаў бізнесовец называе абсурдам, падкрэсліваючы, што з такім кантролем у сферы прыватнай медыцыны прадпрыемства не магло б прапрацаваць пазапраўна 12 гадоў. На ягоную думку, улады нічога не змаглі знайсці супрацьзаконнага, «таму выкруцілі так».

У красавіку 2023 года супраць фактычнага ўладальніка медцэнтру «Новы зрок», які жыве ў Літве, і чацвярых працаўнікоў медустановы была распачатая крымінальная справа за нібыта выплаты працаўнікам заробкаў у канвертах. На маёмасць падазраваных быў накладзены арышт. А 27 ліпеня Міністэрства аховы здароўя пастанавіла спыніць дзейнасць медцэнтру. Пасля гэтага «Новы зрок» паведаміў, што сыходзіць з рынку Рэспублікі Беларусь.

Каментар
Беларускаму рэжысёру пагражае экстрадыцыя з Сербіі ў Менск. Запыт на арышт напісаў пракурор пад санкцыямі
2024.02.19 19:46

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў