Суд пастанавіў канфіскаваць у «Новага зроку» 17 мільёнаў рублёў. І гэта толькі за 2022 год


20 сакавіка эканамічны суд Менску аштрафаваў на буйную суму пазбаўленую ліцэнзіі клініку «Новы зрок». У яе таксама канфіскуюць шматмільённы прыбытак за цэлы год, піша «Onliner».

Клініка «Новы зрок».
Фота: Новое зрение / ВКонтакте

Суд прыйшоў да высновы, што ўвесь 2022 год клініка працавала без абавязковай ліцэнзіі, за што прадугледжаная адказнасць паводле ч. 1 арт. 13.3 КаАП. У выніку медцэнтр аштрафавалі на 500 базавых велічыняў, або 20 000 рублёў. Таксама пастанавілі канфіскаваць 100 % сумы даходу – 17 063 621,02 рубля.

Заснавальнік сеткі Алег Каўрыгін адзначаў, што ўлады абвінавачваюць «Новы зрок» у працы без ліцэнзіі з 2011 года. Ён чакае, што будзе яшчэ 11 такіх судоў, на якіх для кожнага года будуць «складаць, лічыць даходы і прымаць пастанову наконт канфіскацыі».

«У лік гэтага канфіскуюць усё абсталяванне, будынкі і гэтак далей. Як я ўжо казаў, мэта – забраць увесь бізнес, ды яшчэ каб засталіся вінныя», – сказаў Каўрыгін.

Абвінавачанні ўладаў ён называе абсурдам, падкрэсліваючы, што з такім кантролем у сферы прыватнай медыцыны прадпрыемства не магло б прапрацаваць пазапраўна 12 гадоў. На ягоную думку, улады нічога не змаглі знайсці супрацьзаконнага, «таму выкруцілі так».

У красавіку 2023 года супраць фактычнага ўладальніка медцэнтру «Новы зрок», які жыве ў Літве, і чацвярых працаўнікоў медустановы была распачатая крымінальная справа за нібыта выплаты працаўнікам заробкаў у канвертах. На маёмасць падазраваных быў накладзены арышт. А 27 ліпеня Міністэрства аховы здароўя пастанавіла спыніць дзейнасць медцэнтру. Пасля гэтага «Новы зрок» паведаміў, што ідзе з рынку Рэспублікі Беларусь.

Hавiны
«Канфіскуюць усё абсталяванне, будынкі». Улады адціскаюць у заснавальнікаў «Новы зрок»
2024.03.19 18:49

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў