Расейцы заявілі пра захоп Іванаўскага пад Бахмутам. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 759-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Дым падымаецца на аб’екце інфраструктуры ў выніку расійскай атакі ў Харкаве, Украіна, Харкаў, 22 сакавіка 2022 года.
Фота: Abaca Press / Forum

Сіверскі і слабажанскі кірункі (на паўночнай мяжы Украіны з РФ)

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што цягам апошніх содняў на тэрыторыі Сумскай вобласці адбыліся тры боесутыкненні, але ўсе насілі лакальны характар. Таксама, паводле крыніцы, расейцы працягнулі абстрэльваць рэгіён авіяцыяй і артылерыяй.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра тры няўдалыя штурмы з боку праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Табаеўка і Бераставое ў Харкаўскай вобласці.

Самыя ЗСУ, паводле расейскага камандавання, тры разы атакавалі каля Сынькоўкі, але таксама не дасягнулі поспеху.

Украінскі бок піша, што на суседнім ліманскім кірунку расейцы пры падтрымцы авіяцыі прынамсі сем разоў атакавалі каля Белагораўкі ў Луганскай вобласці і Спірнага на Данеччыне, але прасунуцца не здолелі.

Канал «Офіцер» адзначае захаванне цяжкай сітуацыі для ЗСУ на ўсходзе ад сяла Церны: тут расейцы наносяць шчыльныя ўдары авіяцыяй, РСЗА, артылерыяй, мінамётамі і танкамі па пазіцыях сілаў абароны, каб вымусіць іх адступіць. Пакуль безвынікова.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку расейцы ціснуць на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё пяці атак праціўніка каля сёлаў Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра захоп Іванаўскага.

Пры гэтым праўкраінскія крыніцы паведамляюць, што баі за сяло працягваюцца.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што таксама войскі РФ ціснуць на поўначы ад Іванаўскага ў бок Часавага Яру. ЗСУ контратакуюць з ваколіцаў суседняй Багданаўкі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што расейцы занялі асобныя пазіцыі ў Клішчыеўцы. У адказ ЗСУ контратакуюць, але пакуль не маюць поспеху. Акрамя гэтага крыніца фіксуе татальную перавагу расейцаў у артылерыі, пасля ўдараў якой праціўнік атакуе пяхотай.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку расейцы намагаюцца развіць поспех на захадзе ад раней занятага аднайменнага гораду. 

Украінскае камандаванне фіксуе 10 няўдалых атак праціўніка каля населеных пунктаў Бэрдычы, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што войскі РФ прасунуліся ў ваколіцах Танэнькага і ў Бэрдычах. Акрамя гэтага паведамляецца пра цяжкія баі ў Сямёнаўцы, што азначае заход расейцаў і ў гэты населены пункт.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што таксама УС РФ намагаюцца прасунуцца каля Арлоўкі ў ваколіцах мясцовай дамбы, але поспеху не маюць, пры гэтым нясуць вялізныя страты.

У Мінабароны РФ адзначаюць контратакі ўкраінцаў па ўсёй лініі сутыкнення на кірункі.

На навапаўлаўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, сілы абароны Украіны цягам апошніх содняў адбілі больш за 20 атак праціўніка каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка і Вадзяное.

Пры гэтым у Deepstate гавораць, што войскі РФ усё ж змаглі прасунуцца на паўднёвым захадзе ад Новаміхайлаўкі. Акрамя гэтага аналітыкі паведамляюць пра цяжкія баі ў Георгіеўцы.

Арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На захадзе Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ наступаюць на так званым урэмеўскім выступе ў ваколіцах населеных пунктаў Ураджайнае, Старамаёрскае і Навадараўка (сяло каля мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў).

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што цягам содняў УС РФ прасунуліся на захадзе ад Старамаёрскага.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў.

Пегаў гаворыць пра сутыкненні ў сяле Работына і на паўночным захадзе ад Вэрбовага.

У Deepstate пішуць, што найцяжэйшая сітуацыя цяпер у Работыне. Між тым зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў