Беларуска Марына Васілеўская паляцела ў космас: другая спроба запуску касмічнага карабля прайшла паспяхова


На Байкануры 23 сакавіка ў 15:36 адбыўся запуск касмічнага карабля «Саюз МС-25» з беларускай Марынай Васілеўскай на борце. Яна стала першай грамадзянкай Беларусі, якая пабывае ў космасе.

Запуск касмічнага карабля з беларускай Марынай Васілеўскай на борце.
Фота: БелТА

У складзе экіпажу 21-й экспедыцыі, якая адправілася на МКС – ураджэнец Беларусі, касманаўт «Роскосмасу» Алег Навіцкі, астранаўтка NASA Трэйсі Дайсан і беларуска Марына Васілеўская.

Запуск карабля прайшоў паспяхова. Камандзір экіпажу далажыў, што ўсе сістэмы і рухавікі працуюць, «палёт нармальны».

Вяртанне Алега Навіцкага, Марына Васілеўскай, а таксама астранаўткі НАСА Лорал О’Гэра, якая цяпер знаходзіцца на МКС, запланаванае на 6 красавіка.

Трэйсі Дайсан будзе працаваць у космасе 186 содняў і прызямліцца 23 верасня на караблі «Саюз МС-25» разам з Алегам Кананенкам і Мікалаем Чубам.

Пуск карабля «Саюз МС-25» з першай беларускай касманаўткай на борце быў намечаны на 21 сакавіка. Старт быў запланаваны на 16:21, аднак у апошні момант яго адмянілі. Як тлумачыў кіраўнік «Роскосмасу» Юрый Барысаў, прычынай адмена пуску стала «прасаджванне напружання хімічнай крыніцы току».

Марыне Васілеўскай 33 гады, яна нарадзінка Менску. З 2017 года працавала бортправадніцай «Белавіі». Васілеўская прайшла некалькі этапаў адбору.

Hавiны
Беларуска не паляцела ў космас, запуск ракеты адмянілі ў апошні момант
2024.03.21 16:50

Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка падпісаў Указ № 100 «Аб статусе беларускага касманаўта», які замацоўвае правы і абавязкі касманаўта Рэспублікі Беларусь.

Згодна з указам, статус касманаўта надаецца грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які здзейсніў касмічны палёт, а таксама яго дублёру.

Касманаўтам таксама прадугледжаны шэраг ільгот і прэферэнцыяў, уключаючы захаванне займанай пасады, медычнае абслугоўванне ў Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтры, пенсійнае забеспячэнне, дзяржаўнае падтрыманне пры будаўніцтве жылля.

«Пры гэтым вызначана, што касманаўт павінен адпавядаць свайму высокаму званню, валодаць цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, браць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, годна прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне», – заявілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў