«Зеркало»: Былы дырэктар ААТ «АГАТ – сістэмы кіравання» знаходзіцца ў калоніі за хабар


Стаў вядомы лёс былога дырэктара ААТ «АГАТ – сістэмы кіравання» Генадзя Казакова. Ён адбывае 7 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, быў асуджаны за хабар у асабліва буйным памеры. Пра гэта паведамляе «Зеркало» са спасылкай на банк судовых рашэнняў. Справа Казакова не асвятлялася дзяржаўнымі СМІ.

Генадзь Казакоў.
Фота: director.by

23 сакавіка стала вядома, куды знік дырэктар ААТ «АГАТ – сістэмы кіравання» – кіруючая кампанія холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» генеральны канструктар па аўтаматызаваных сістэмах кіравання і сродках сувязі РБ Генадзь Казакоў. Паводле звестак з банку судовых рашэнняў, ён асуджаны за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры. Па гэтай жа справе быў асуджаны да пазбаўлення волі і кіраўнік прадпрыемства, што перадаў хабар Казакову. Пры гэтым, дзяржаўныя медыі і ведамствы не паведамлялі ні пра затрыманне, ні пра суд.

Вядома, што Генадзь Казакоў знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў асуджаны 8 лістапада 2022 года судом Савецкага раёну Менску. Паводле судовых матэрыялаў, былы дырэктар ААТ «АГАТ – сістэмы кіравання» атрымаў хабар на агульную суму $ 30 тыс. ад дырэктара беларускага прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства, якое пастаўляла холдынгу камплектуючыя для вытворчасці сродкаў сувязі расейскай вытворчасці. Вядома, што для перадачы хабару была задзейнічаная агульная знаёмая.

Казакова прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры») КК Беларусі. Суд вынес яму вырак – сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 700 базавых велічыняў (Br 22 400). Асуджанага таксама пазбавілі воінскага звання «генерал-маёр запасу». Генадзь Казакоў віну прызнаў.

Хабарадаўца таксама асуджаны на падставе ч. 2 арт. 431 («Дача хабару ў буйным памеры») КК Беларусі да двух гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 500 базавых велічынь (16 000 рублёў), з пазбаўленнем воінскага звання «падпалкоўнік запасу».

ААТ «АГАТ – сістэмы кіравання» – кіруючая кампанія холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» – адна з найбуйнейшых кампаніяў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі. «Зеркало» звяртае ўвагу на тое, што ў канцы красавіка 2022 года калектыву прадпрыемства паведамілі, што дырэктар не ходзіць на працу, бо зламаў нагу. З Генадзем Казаковым немагчыма было звязацца, яго тэлефоны і мэсэнджары былі недаступныя. Звесткі пра яго прыбралі з сайта прадпрыемства.

7 ліпеня 2022 года яго пераемнікам стаў Мікалай Балігатаў, былы дырэктар прадпрыемства «Агат – электрамеханічны завод», рашэнне аб прызначэнні прыняў Аляксандр Лукашэнка. Пра лёс былога дырэктара не было ніякай афіцыйнай інфармацыі.

Генадзю Казакову 59 гадоў, нарадзінец вёскі Сёмукачы Магілёўскага раёну. У ваенпрам прыйшоў пасля 12 гадоў службы на пасадзе начальніка сувязі Узброеных сіл – начальніка упраўлення сувязі Генеральнага штабу Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Дырэктарам ААТ «АГАТ – сістэмы кіравання» – кіруючая кампанія холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» прызначаны ў красавіку 2017 года ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Быў у дзяржаўным кадравым рэестры.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў