Асабістай прысутнасці для продажу кватэры ў Беларусі з беларускай даверанасцю не трэба. Пакуль


Абавязковай прысутнасці уласніка нерухомай маёмасці пры яе продажы ў Беларусі пакуль не патрабуецца, калі ёсць давераннасць, выдадзеная на тэрыторыі нашай краіны. Пра гэта «Белсату» заявіў рыэлтар пры Менскім гарадскім агенцтве дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру, куды мы патэлефанавалі пад выглядам звычайнага грамадзяніна.

Жылы комплекс «Малая Радзіма» ў Завадскім раёне сталіцы. Менск, Беларусь. 24 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

«Калі афармлялі ў Беларусі, даверанасць беларуская, то аформіць угоду можна на яе падставе на адчужэнне нерухомасці. А калі за мяжой зробленая даверанасць, тады нельга», – адзначылі ў агенцтве.

Нагадаем, што аформленыя за мяжою даверанасці страцілі сваю моц на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 278 ад  4 верасня 2023 года «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў».

У агенцтве паведамілі, што асабістая прысутнасць уласніка падчас пераафармлення маёмасці пры наяўнасці беларускай даверанасці на сёння пакуль не патрэбная, але, «магчыма, можа нешта памяняцца».

«Даверанасці, зробленай у Беларусі, на сёння дастаткова», – сказаў рыэлтар.

Разам з тым у асобаў, апазіцыйных да дзейнай улады ў Беларусі, могуць узнікнуць праблемы з продажам маёмасці. На яе можа быць накладзены арышт у выпадку завядзення палітычна матываванай крымінальнай справы.

Нагадаем, што пра неабходнасць асабістай прысутнасці ўласніка пры афармленні нерухомасці ў агенцтве дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастру 22 лютага паведаміла радыё «Свабода». Паводле іх суразмоўцы, цяжкасці з афармленнем узнікаюць не толькі таму, што не працуюць даверанасці, аформленыя за мяжою, але і таму, што шмат якія адміністрацыйныя працэдуры пры продажы нерухомасці ўжо змянілі. На думку іншай крыніцы, гаворка ідзе пакуль што пра планы ўвесці такія патрабаванні, і забарона на продаж нерухомасці ў Беларусі без прысутнасці ўласніка яшчэ рыхтуецца.

Агляд
Як рэжым спрабуе спаскудзіць жыццё беларусаў за мяжою. Што ўжо зроблена і што можа быць
2023.11.20 07:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў