У Беларусі яшчэ больш абмежавалі выкарыстанне «сямейнага капіталу»


Аляксандр Лукашэнка 23 лютага падпісаў указ, які мяняе парадак выкарыстання «сямейнага капіталу» – грошы, якія налічваюць сем’ям па нараджэнні трэцяга ці наступнага дзяцей. Гэтымі грашыма нельга карыстацца проста так, ёсць шматлікія ўмовы, якія цяпер яшчэ больш звузілі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына фатаграфуе дзіцё на беразе менскага мора. Менск, Беларусь. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

У Беларусі пры нараджэнні трэцяга дзіця даюць «сямейны капітал», які можна выкарыстоўваць толькі на пэўныя мэты або пакінуць дзіцяці, якое зможа карыстацца грашыма пасля 18 гадоў. Памер «сямейнага капіталу» ў 2024 годзе складае 31 480 рублёў (крыху больш за € 9000). 

Раней за кошт «сямейнага капіталу» можна было звяртацца па медычныя паслугі ў дзяржаўныя і прыватныя медычныя ўстановы, з новым указам – толькі ў дзяржаўныя, пры тым грошы зараз трэба будзе пералічваць паэтапна: 50 % пры заключэнні дамовы на паслугу і рэшту пасля атрымання паслугі.

«Сямейны капітал» можна выкарыстоўваць таксама для паляпшэння жыллёвых умоваў. Але зараз дададуцца новыя ўмовы: у сям’і мусіць быць не больш за 15 м² жытла на чалавека, калі жывуць па-за межамі Менску, або не больш за 10 м² на чалавека ў Менску. Таксама сям’я мусіць згадзіцца на выхад з чаргі па жытло «для тых, хто мае патрэбу», каб «сямейны капітал» можна было скарыстаць на новае жытло.  Таксама ўказ забараняе прадаваць кватэры, набытыя на сямейны капітал да 2022 года, цягам пяці гадоў з моманту пакупкі.

Для параўнання

У Польшчы за другое і наступных дзяцей плацяць рэгулярныя выплаты на агульную суму каля каля € 2760, але таксама плацяць каля € 185 на месяц на кожнае дзіця ўзростам да 18 гадоў (сумарна выходзіць амаль 40 тысяч еўра сумарна за ўсе першыя 18 гадоў жыцця кожнага дзіцяці, калі выплаты не будуць падвышаць).

У Літве штомесяц на кожнае дзіця даюць «дзіцячыя грошы» – € 96 на месяц у звычайным выпадку (калі выплаты не будуць падвышаць, за 18 гадоў набярэцца 20,7 тысячы еўра), шматдзетным сем’ям плацяць € 152,9.

У Расеі ўжо чатыры гады так званы мацярынскі капітал налічваюць ужо не за другое, а за першае дзіця, стандартная сума складае 630 тысяч расейскіх рублёў (каля € 6420) за першае дзіця і 203 тысячы (каля € 2060) за другое.

Ва Украіне, нягледзячы на поўнамаштабную вайну, пры нараджэнні дзіцяці выплачваюць каля € 1000 (чвэрць адразу, рэшту штомесячнымі выплатамі цягам трох гадоў) і даюць «дзіцячы пакет» з таварамі на € 185. Сем’і з трыма і больш дзецьмі атрымліваюць на дадатак каля € 50 на месяц на трэцяе і наступных дзяцей, пакуль тым не споўніцца 6 гадоў.

Разбор
З нараджальнасцю бяда не толькі ў Беларусі. Чаму чалавецтва расхацела размнажацца?
2024.02.22 14:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў