Шэсць гадзін і фамільнае срэбра

Перагаворшчыкі пракаціліся на лыжах. Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пасля перамоваў не выйдуць да журналістаў, было вядома загадзя. Гэта значыць, абодва бакі дамовіліся пра безвыніковасць перамоваў.

Пуцін і Лукашэнка ў Сочы.
Фота: t.me/pul_1

Не, вядома, вынік які-ніякі мог бы быць дасягнуты. Напрыклад, паскорыць вытворчасць на тэрыторыі Беларусі чарговай расейскай супрацькавіднай вакцыны. Але пра гэта маглі дамовіцца і спадары Мішусцін з Галоўчанкам. Ці зноў-такі – пра павелічэнне колькасці бюджэтных месцаў для беларусаў у расейскіх дзяржаўных універсітэтах. Тут і зусім хапіла б подпісу – ад Беларусі – міністра Карпенкі.

Але тут – шэсць гадзінаў размаўлялі! Без Колі, без шпіца, і нават без аматаркі масандры – хоць якія без іх наогул перамовы могуць быць? Так, пра жыццё гаварылі…

Вось гэта, з майго пункту гледжання, вельмі суб’ектыўнага і прадузятага – першая выснова, які напрошваецца. Шэсць гадзін маглі гаварыць пра жыццё.

– Як справы, Аляксандр Рыгоравіч?

Пытанне простае. Адказваць трэба. Ідзе інфармацыя аб затухлых вулічных пратэстах са спасылкай на перахопленае Нікам і Майкам інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай.

– То бок, Вас можна павіншаваць з перамогай?

– Ды вы, Уладзімір Уладзіміравіч, як бы… таго… Ужо адзін раз павіншавалі.

– Нічога страшнага. Я і Януковіча двойчы віншаваў у свой час. Становіцца, так бы мовіць, добрай традыцыяй.

На гэта сыходзіць хвілін дваццаць–трыццаць.

– Што цяпер маеце намер рабіць, Аляксандр Рыгоравіч?

Пытанне складанае. Цяпер ужо – зусім складанае. Але адказваць і на яго трэба. Шпіца побач няма, падказаць няма каму. Прыходзіцца імправізаваць. Пуцін, меланхалічна ківаючы галавой, выслухоўвае аргументы аб тым, чаму канстытуцыйную рэформу варта перанесці на 2022 год. Яго спакой не абяцае суразмоўцы нічога добрага.

Потым пануе паўза.

Цішыню трэба разрываць. Доўжыцца паўза занадта доўга. Падазрона доўга. Але Пуцін перарывае цішыню лёгкім пакашліваннем.

– Зразумела. А як жыць збіраецеся, Аляксандр Рыгоравіч?

І тут напрошваецца другая выснова: рэформа – яна, вядома, рэформа, і рукі спадару Лукашэнку і ў мінулы раз ніхто не выкручваў. Сам паабяцаў (магчыма), што прарэфармуе Канстытуцыю па поўнай праграме і сыдзе (паляціць?) на пакой. Магчыма, у тую ж Расею. А вось як ён там жыць збіраецца?

Напярэдадні сустрэчы ў Сочы – калі абодва суразмоўцы былі ўжо там, проста не афішавалі сваё веданне пра месцазнаходжанне адзін аднаго – Telegram-канал «Незыгарь» размясціў пералік прадпрыемстваў, аб продажы якіх можа ісці гаворка падчас сустрэчы. Прадпрыемствы з ліку таго самага «фамільнага срэбра», якое так любіў ацэньваць нябожчык Леанід Фёдаравіч Заіка, адзін з вядучых беларускіх экспертаў. БМЗ, МЗКЦ, МАЗ, Гомсельмаш, Гроднаазот, Нафтан – ну і, нарэшце, Беларуская чыгунка. Кошты названыя.

Hавiны
Замест газу – АЭС, новыя інтэграцыйныя мапы. Пра што Лукашэнка і Пуцін размаўлялі ў Сочы
2021.02.22 17:39

Такая ўцечка дапускаецца ў той момант, калі абодва бакі гэтага не хочуць – адзін бок не хоча прадаваць, а другі, як гэта ні дзіўна, не спяшаецца купляць. Гэта значыць, яны б, магчыма, і патаргаваліся, але гандаль становіцца ўсё менш дарэчным.

Таксічнасць патэнцыйнага прадаўца ўсё больш яўная; таго і глядзі, яна можа перакінуцца на пакупнікоў, у якіх – у сувязі з уласнымі «навічкамі» і Навальнымі – і без таго хапае праблем. І продаж «фамільнага срэбра» у абыход законнага ўладальніка – беларускага народа, які відавочна адмаўляе прадаўцу ў легітымнасці – можа прывесці да адначасовай страты грошай і рэпутацыі. Проста таму, што гэта «срэбра» – не луганскі які-небудзь прыватызаваны заводзішка, які вывезці з тэрыторыі Украіны – раз плюнуць. БЧ і МЗКЦ не вывезеш. Давядзецца лічыцца з меркаваннем новых уладальнікаў кантрольнага пакету акцый ЗАТ «РБ»: яны яшчэ не знялі з пасады генеральнага дырэктара, але справа ідзе да гэтага.

Крэмль і яго алігархі могуць пачакаць. У іх ёсць выбар, з кім весці перамовы. Пачакаюць. А вы тым часам пакатаецеся на лыжах. Ці шпіца пакарміце. Дзе ён у вас там? Не захлынуўся ў масандры? Ну і добра. Добры сабачка, добры… Слаўны таварыш пуцінскай лабрадоршы.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў