Якія менавіта пагрозы з Беларусі непакояць Літву. Расказвае дарадца прэзідэнта Літвы


Літва не бачыць усіх беларусаў «пагрозай нацыянальнай бяспецы», але мае шмат падставаў непакоіцца і хоча змагацца з пагрозамі на раннім этапе, расказаў у каментары «Белсату» Кястуціс Будрыс – галоўны дарадца прэзідэнта Літвы ў пытаннях нацыянальнай бяспекі.

Кястуціс Будрыс
Галоўны дарадца прэзідэнта Літвы ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Кястуціс Будрыс. Вільня, Літва. 23 студзеня 2023 года. Скрыншот: Белсат

Як кажа Кястуціс Будрыс, з боку Беларусі Літва бачыць шырокі спектр пагрозаў і рызыкаў, Беларусь для Літвы цяпер галоўная крыніца гібрыдных пагрозаў і дзеянняў.

Гэтыя дзеянні супраць Літвы пачаліся ў 2020 годзе пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, нагадаў ён, а ў 2021 годзе распачаўся штучна створаны ўладамі Беларусі міграцыйны крызіс.

«Цяпер мы бачым актыўнасці супраць службаў бяспекі, літоўскіх грамадзянаў, беларускай апазіцыі і грамадзянаў Беларусі, якія жывуць і працуюць у Літве, – пералічвае Будрыс пагрозы з боку Беларусі. – І канешне, разам з тым шырокі спектр канвенцыйнай актыўнасці Беларусі, якая пагражае рэгіёну і Украіне».

Справа не толькі ў тым, што ўлады Беларусі падтрымалі расейскі напад на Украіну, далі для яго беларускія зямлю і паветра, тлумачыць дарадца прэзідэнта Літвы. Беларусь і Расея маюць супольную вайсковую стратэгію супраць Захаду, Расея і Беларусь заяўляюць аб размяшчэнні расейскай ядравай зброі на беларускай тэрыторыі.

Навучэнец факультэту ракетных войскаў і артылерыі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навучэнец факультэту ракетных войскаў і артылерыі Вайсковай акадэміі Беларусі.
Фота: Mil.by

Літва працягвае міжнародны ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў розных формах, і санкцыі – толькі адна з гэтых формаў, кажа Будрыс.

Таксама Літва робіць розныя контрвыведныя захады, з якіх толькі частку робяць публічна, спрабуе мінімізаваць пранікненне ў Літву беларускіх выведнікаў і агентаў, непакоіцца адносна руху між Беларуссю і Літвой рознага кшталту памагатых беларускіх сілавікоў. У апошні час быў выяўлены «не адзін» выпадак шпіянажу адносна Літвы, і Будрыс кажа, што не ўсе такія выпадкі апублічвалі.

Цягам апошняга года Літва назвала сотні беларусаў «пагрозай нацыянальнай бяспецы» і адмовіла ім у атрыманні ці працягу відаў на жыхарства.

Каментар
Ці чакае беларусаў раптоўная дэпартацыя з Літвы? Тлумачыць палітолаг Віціс Юрконіс
2023.12.06 14:36

Будрыс тлумачыць гэта так:

«Калі разбіраешся з рызыкамі на пачатковых этапах, гэта ў разы танней, чым змагацца з наступствамі. Канешне, пэўныя захады ў праверцы павінны быць уведзеныя на ранніх этапах. Але мы не кажам пра скасаванне права атрымаць дазвол жыць і працаваць у Літве.

Гэта пра пэўныя працэдуры і праверкі. Я думаю, што гэта будзе ў інтарэсах усіх, таксама і беларускіх грамадзянаў, якія застаюцца ў Літве, каб яны былі ў большай бяспецы і ведалі, што вакол іх менш прадстаўнікоў рэжыму, якія маюць зусім іншыя інтарэсы».

Рэкрутаванне агентаў – не адзіны інструмент беларускіх спецслужбаў, вядомы Літве. Суразмоўца пералічвае: кібершпіянаж, шантаж, інфармацыйныя кампаніі, розныя правакацыі…

«Яны напраўду актыўныя, – рэзюмуе Будрыс. – І канешне, мы не можам ігнараваць той факт, што і спецслужбы, і палітычнае кіраўніцтва краіны выкарыстоўвае Літву і іншыя нацыі ў спробах паказаць „пагрозу для Беларусі з Літвы“, якая абсалютна не ёсць праўдай і ні на чым не грунтуецца».

Гэта, кажа ён, проста як у падручніку палітычных навук: кожная дыктатура мае патрэбу ў моцных спецслужбах і выведцы, а Камітэт дзяржаўнай бяспекі – адзін з інструментаў захавання ўлады, які знішчае любыя прыкметы апазіцыі ўнутры краіны і актыўнічае за межамі, мае рэсурсы на замежныя выведныя аперацыі.

Войскі сувязі Узброеных сілаў Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Войскі сувязі Узброеных сілаў Беларусі.
Фота: Mil.by

Усё гэта каштуе грошай, заўважае Будрыс. Ён згадвае інцыдэнт з захопам самалёта «Ryanair» дзеля затрымання Рамана Пратасевіча ў 2021 годзе. І робіць выснову: для ўладаў Беларусі дэмакратычная апазіцыя ўяўляецца большай пагрозаю, чым расейскія ўлады, якія развязалі поўнамаштабную вайну ў рэгіёне.

Hавiны
«Не паставіш з кожным паліцыянта». У Літве распавялі, чаму баяцца росту колькасці беларусаў
2023.12.03 15:52

Ганна Русінава, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў