Затрыманні і ператрусы ў амаль 100 асобаў. Падсумаванне рэпрэсіяў за 23 студзеня


23 студзеня ў Беларусі прайшла хваля ператрусаў і затрыманняў былых палітычных зняволеных і сваякоў палітвязняў. Сабралі ўсё што вядома пра гэтыя і іншыя рэпрэсіі на гэты час.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак КДБ у Менску. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Прынамсі 84 чалавекі трапілі пад пераслед падчас сённяшняга масавага «хапуна». Частку з іх затрымалі, а ў некаторых проста правялі ператрус і адпусцілі. Сілавікі бяруць у людзей падпіскі аб неразгалошванні.

Сярод затрыманых – жонка зняволенага палітыка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, былы палітвязень Аляксей Раманаў і 76-гадовы актывіст Барыс Хамайда. Таксама сілавікі дзесяць гадзін ладзілі ператрус у маці сузаснавальніцы «Dissidentby» Марыны Касінеравай.

У пастановах супрацоўнікаў КДБ фігуруюць артыкулы за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях». Некаторым супрацоўнікі КДБ казалі, што затрыманні і ператрусы нібыта звязаныя з праектам дапамогі палітвязням «INeedHelpBY», пра прызнанне якога «экстрэмісцкім фармаваннем» стала вядома 23 студзеня.

Адначасова працягвалася атака на сайт і сацсеткі фонду «BYSOL» і спроба яго дыскрэдытацыі.

Таксама стала вядома, што Следчы камітэт распачаў працэс спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні Івана Краўцова – сакратара Каардынацыйнай рады. Яго вінавацяць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. А Генеральная пракуратура завяла справы паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу супраць журналіста радыё «Свабода» Сяргея Дубаўца.

Апроч «INeedHelpBY», улады абвясцілі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» «Беларускае Радыё Рацыя», праекты «КОТОС: мясцовае самакіраванне» і «Триэлит». У рашэнні КДБ пазначаныя таксама асобы, якіх звязваюць з гэтымі ініцыятывамі. Так, Піліп Гаўрышаў падпісаны як кіраўнік «INeedHelpBy». Асобамі, якія маюць дачыненне да «Радыё Рацыя» пазначаныя паляк Эўгеньюш Вапа і беларус Яўген Валошын. З праектам «КОТОС: мясцовае самакіраванне», паводле КДБ, звязаныя Вольга Цесакова і Дзмітрый Кухлей, а з Telegram-каналам «Триэлит» – Павел Аляксееў, Кірыл Шчамялёў, Яніна Андраюк, Аляксей Чарнак, Уладзімір Балабановіч, Вадзім Рушкевіч, Юрый Слабодчыкаў, Аляксандр Карцаў.

Hавiны
Стрыжак: Ідзе комплексная атака на сістэму дапамогі палітвязням
2024.01.23 19:04

Таксама «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны фільм расейскага блогера Іллі Варламава пра Беларусь «Беларусь: тирания Лукашенко, Чернобыль и союз с Россией | Страна КГБ и колхозов», які праглядзела амаль 3,5 мільёны чалавек. Апроч таго, Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Беларуский Дом в Украине – взаимопомощь», «БЕЛАРУСКI IНФАРМАЦЫЙНЫ», «FRIEDMAN», «Переможний Магдiяж», «Наталля с двумя «Л»», «Тирасполь, Витебск»;
  • Instagram старонкі «zyve_belarus_vechna», «belarus_com», «stachkomgrodnopromstroj.l»;
  • YouTube-старонка «BELPOL – Объединение Силовиков Беларуси»;
  • Facebook старонка «Тим Суладзе»;
  • Старонка ва «Укантакце» «Андрэй Гарадзенскi»;
  • TikTok-старонкі «belarus_youtube», «svoboda_tv», «.news177».

Таксама стала вядома, што сілавікі затрымалі кур’ера «Яндэкс.Ежы» Андрэя Міціна за пратэсты 2020 года.

Палітвязня, старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва перавялі ў гарадзенскую турму № 1. Ён знаходзіцца ў зняволенні з 12 красавіка 2021 года. За гэты час у палітыка выявілі анкалагічнае захворванне.

Менскі абласны суд 23 студзеня пакінуў без зменаў прысуд рэдактару «Рэгіянальнай газеты» Аляксандру Манцэвічу. 3 3 лістапада яму прызначылі чатыры гады калоніі.

А справу палітзняволенай старшыні абласнога грамадскага абʼяднання «ВелаГомель» Святланы Кароль перадалі ў пракуратуру. Яе затрымалі напрыканцы верасня, абвінаваціўшы ў паклёпе на Лукашэнку і ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы.

У Берасцейскі абласны суд 22 студзеня завяршыў разгляд крымінальнай справы 48-гадовага Дзяніса Красько, якога абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу. Прадстаўніца абвінавачання Марыя Бялт запатрабавала для яго пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Hавiны
Віцебскі суд спыніў справу за «экстрэмізм», бо міліцыя не даказала факт учынення злачынства
2024.01.23 12:28

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў