Супраць журналіста радыё «Свабода» Сяргея Дубаўца распачатыя некалькі крымінальных справаў


Генеральная пракуратура Беларусі завяла справы паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу супраць Сяргея Дубаўца – журналіста радыё «Свабода», абвешчанага ўладамі Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Сяргей Дубавец.
Фота: Алена Казлова / Lit-Belorg

Сяргея Дубаўца абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і ў адмаўленні генацыду беларускага народу.

Як сцвярджаецца ў матэрыялах справаў, журналіст у сваіх публічных выказваннях, якія публікаваў у аўтарскім блогу, «распаўсюдзіў загадзя хлуслівыя і адкрыта дэструктыўныя звесткі пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, органы дзяржаўнай улады і кіравання», а акрамя таго, «распальваў сацыяльную варожасць і разлад паводле прыкметы прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы, паклёпнічаў на кіраўніка дзяржавы, удзельнічаў у экстрэмісцкім фармаванні, а таксама ў фармаванні, дзейнасць якога накіраваная на рэабілітацыю нацызму, адмаўляў факт генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, здзейсніў наўмысныя дзеянні дзеля рэабілітацыі нацызму».

Hавiны
Беларусь трапіла ў тройку краінаў з найбольшай колькасцю журналістаў за кратамі
2023.12.14 12:21

Крымінальныя справы заведзеныя паводле арт. 369-1, ч. 1 арт.130, ч. 1 арт.367, ч. 1 арт.361-1, ч. 1 арт. 130-2, ч. 1 арт. 130-1 КК РБ.

Для арганізацыі папярэдняга расследавання Генеральная пракуратура накіравала крымінальныя справы ў Следчы камітэт.

Сяргей Дубавец цяпер за межамі Беларусі.

У Беларусі за кратамі цяпер трымаюць 34 журналістаў і супрацоўнікаў медыяў, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў. У 2023 годзе Беларусь побач з Кітаем і Бірмай стала адной з трох краінаў-лідараў у колькасці журналістаў, якія цяпер у зняволенні. Такія звесткі вынікаюць з дакладу, падрыхтаванага арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў» (RSF). Паводле падлікаў, прыведзеных у справаздачы, на сённяшні дзень у беларускіх турмах 39 журналістаў. Гэта на 7 больш, чым у 2022 годзе.

Hавiны
Сяргей Дубавец распавёў, як масонства ўплывае на грамадства
2023.05.28 16:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў