Беларусь трапіла ў тройку краінаў з найбольшай колькасцю журналістаў за кратамі


У 2023 годзе Беларусь побач з Кітаем і Бірмай стала адной з трох краінаў-лідараў па колькасці журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні. Такія дадзеныя вынікаюць з даклада, падрыхтаванага арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў» (RSF).

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: БАЖ

Паводле падлікаў, прыведзеных у справаздачы, на сённяшні дзень у беларускіх турмах знаходзяцца 39 журналістаў. Гэта на 7 больш, чым у 2022 годзе.

Пры гэтым наша краіна заняла другое месца пасля Кітая па колькасці зняволеных жанчын-журналістак. У Беларусі на сённяшні дзень за кратамі знаходзіцца 10 супрацоўніц СМІ (у Кітаі 14).

Як адзначаюць у дакладзе, усяго 2024 год за кратамі па ўсім свеце сустрэне 521 супрацоўнік медыяў. Гэта менш, чым летась: у 2022 годзе журналістаў за кратамі было 569.

Пры гэтым лідарам па затачэнню супрацоўнікаў СМІ застаецца Кітай: у гэтай краіне ў засценках знаходзіцца 121 супрацоўнік СМІ, гэта чвэрць ад усіх зняволеных журналістаў па ўсім свеце.

У дакладзе таксама прыводзіцца іншая статыстыка, датычная супрацоўнікаў СМІ ва ўсім свеце. Так, аўтары гавораць, што станам на 1 снежня ў 2023 годзе падчас сваёй працы было забіта 45 журналістаў. Гэта найніжэйшы паказчык з 2002 года. Акрамя таго, 54 журналісты па ўсім свеце зараз знаходзяцца ў закладніках, 84 супрацоўнікі СМІ – прапалі без вестак (пры гэтым кожны трэці з іх – з Мексікі).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў