Стрыжак: Ідзе комплексная атака на сістэму дапамогі палітвязням


Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак пракаментаваў масавы хапун 23 студзеня ў Беларусі сваякоў палітвязняў і былых палітычных зняволеных, а таксама ўзмоцненае змаганне са структурамі, што ім дапамагаюць.

Андрэй Стрыжак. Вільня, Літва. 19 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

«Учорашнія кібератакі на сайт фонду, сацыяльныя сеткі грамадзянскіх структур, сённяшнія аблавы па ўсёй краіне, прызнанне калег з «IneedHelp» экстрэмістамі і чарговая хваля дэзынфармацыі пра дзейнасць «BYSOL», выглядаюць як комплексная атака на сістэму дапамогі палітвязням і на структуру грамадзянскай супольнасці, якая супрацьдзейнічае лукашысцкаму тэрору», – заявіў ён.

На яго думку, «гэта кажа пра тое, што мянтам падвезлі вядро грошай пад выбары і далей дзвіжухі можа быць яшчэ болей».

У самім «BYSOL» адзначылі, што атака на сайт і сацсеткі фонду яшчэ працягваецца, але яна «беспаспяховая ва ўзломе базаў».

Пры гэтым, як паведамляецца, ідзе і кампанія дэзынфармацыі, «каб уразіць і запалохаць людзей».

«Дадзеныя пра плацяжы ў бяспецы, сістэма ахвяраванняў працуе спраўна, хвалявацца не трэба», – заявілі ў «BYSOL».

У фондзе таксама параілі выканаць меры бяспекі: выдаліць любую перапіску са службамі «BYSOL», пераправерыць падпіскі і папярэдзіць сваякоў пра небяспеку, пераканацца ў «чысціні» іх дэвайсаў.

Каментар
Затрыманні сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных: вядома пра 84 асобы
2024.01.23 13:06

22 студзеня стала вядома, што сайт арганізацыі «BYSOL» перажыў моцную кібератаку, зробленую на высокім тэхнічным узроўні і праведзеную з дапамогай новых метадаў. На наступны дзень у спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў» з’явілася ініцыятыва «INeedHelpBy», якая дапамагае прадуктамі пацярпелым ад палітычных рэпрэсіяў.

Пры гэтым 23 студзеня супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі масава пайшлі па сваяках палітвязняў і палітзняволеных, што ўжо выйшлі на волю. Некаторыя затрыманні звязаныя з праектам «INeedHelpBY».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў