Затрыманні сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных: вядома пра 84 асобы


Праваабаронцы паведамляюць, што 23 студзеня супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі масава пайшлі па сваяках палітвязняў і палітзняволеных, што ўжо выйшлі на волю.

Сярод затрыманых Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Я-ВОЕННЫЙ.БЕЛ / Telegram

Праваабаронцам вядома, што як мінімум 84 асобы трапілі пад пераслед падчас сённяшняга масавага «хапуна». Частку з іх затрымалі, а ў некаторых проста правялі ператрус і адпусцілі. Прыходзілі да людзей па ўсёй краіне. Затрыманні і ператрусы працягваюцца дагэтуль.

Затрыманні некаторых сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных звязаныя з праектам «INeedHelpBY», піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Ініцыятыва «INeedHelpBY» дапамагала прадуктамі тым, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій і знаходзіўся ў цяжкай фінансавай сітуацыі.

Падставамі для візітаў называюць пастановы, у якіх фігуруюць артыкулы Крымінальнага кодэксу за «фінансаванне» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях».

Каардынатарка ініцыятывы «Dissidentby» Марына Касінерава паведаміла на Facebook, што ад 8 раніцы да 18 вечара ў яе ўдома ў Беларусі праводзілі ператрус супрацоўнікі мясцовага КДБ, чынілі ціск на маці.

«Пакуль няма падрабязнасцяў, таму што ў яе канфіскавалі тэлефон, – расказала «Белсату» Касінерава пра маці. – Таму ведаю толькі тое, што напісала. Вельмі шмат запытвалі пра мяне: чаму не вяртаюся, чаму з’ехала, якія там стасункі ў нас».

Журналістам радыё «Свабода» стала вядома, што каля шостай ці сёмай гадзіны раніцы 23 студзеня сілавікі прыйшлі да былога палітвязня Аляксея Раманава. Мужчыну забралі на допыт у КДБ. Вядома, што падчас затрымання гаворка ішла пра ўдзел былога палітвязня ў «экстрэмісцкім фармаванні».

Аналітыка
«Рэжым азвярэла шукае новыя спосабы ціску на людзей». Рэпрэсіі ў Беларусі ў 2023 годзе
2023.12.27 07:57

Аляксей Раманаў – жыхар Гомля, інвалід трэцяй групы з анкалагічным захворваннем. Пасля падзеяў 2020 года ён адбыў тэрмін – 1 год зняволення, за «знявагу Лукашэнкі». Пасля вызвалення ён застаўся жыць у Гомлі.

Згодна са звесткамі радыё «Свабода», гэта не адзінае затрыманне, якое адбылося ў Гомлі 23 студзеня. Прыйшлі і да некаторых сваякоў палітвязняў, якія адбываюць пакаранне.

Праваабаронцы раяць сваякам палітвязняў і былым палітзняволеным паклапаціцца пра бяспеку, асабліва пачысціць перапіскі, якія могуць зацікавіць сілавікоў.

Агляд
Ціск праз сваякоў – ганебны «інструмент» беларускага рэжыму
2023.11.07 08:30

Для КДБ гэта не штосьці надзвычайнае

Масавыя рэйды КДБ – звычайныя для камітэту «прафілактычныя мерапрыемствы» супраць беларусаў, якія сваімі поглядамі пагражаюць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, кажа «Белсату» прадстаўнік «BYPOL», былы супрацоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў.

Зусім нядаўна была таксама серыя кібератак на праваабарончыя і дэмакратычныя арганізацыі. Лупаносаў лічыць, што гэтыя падзеі звязаныя, каардынаваныя з аднаго цэнтру: з КДБ.

Хутчэй за ўсё, КДБ атрымаў звесткі ад банкаў і фінансавых установаў, кажа Лукпаносаў. Займаецца гэтым менавіта КДБ, а не той жа ГУБАЗіК, бо КДБ зрабілі адказным за выяўленне фінансавання тых, каго ўлады Беларусі назвалі «тэрарыстычнымі арганізацыямі».

Гэта наўрад ці будзе разавай серыяй рэйдаў, прагназуе ён, бо людзі працягваюць ахвяраваць грошы дэмакратычным ініцыятывам, пацярпелым ад рэпрэсіяў і тым, хто ваюе на баку Украіны.

«У першую чаргу беларусам, якія працягваюць данаціць, трэба выбраць бяспечныя спосабы данату», – рэкамендуе Лупаносаў.

Ён заклікае ні ў якім разе не карыстацца ні банкамі, ні фінансавымі ўстановамі, якія знаходзяцца ў Беларусі ці пад кантролем Беларусі. Тое ж тычыцца Расеі, Казахстану, Кыргызстану і ў меншай ступені Арменіі. Краіны АДКБ, тлумачыць ён, абменьваюцца фінансавай інфармацыяй у межах «контртэрарыстычнай дзейнасці».

Лупаносаў таксама раіць трымацца так званай лічбавай гігіены: не пакідаць слядоў фінансавання тых ці іншых ініцыятываў на камп’ютарах, тэлефонах і іншых прыладах. Ён таксама заклікае чытаць парады «Кіберпартызанаў», бо гэта спецыялісты ў інфармацыйнай бяспецы.

Калі вядома, што сілавікі ўжо зараз прыйдуць, але не ўламаліся, лепш паспрабаваць адфарматаваць цвёрды дыск камп’ютара і скінуць тэлефон да завадскіх наладаў («factory reset»), заўважае Лупаносаў, бо калі проста ўтапіць тэлефон ва ўнітазе, звесткі з яго змогуць аднавіць.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 10:36

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў