Улады робяць крэдыты больш даступнымі дзеля выканання прагнозу па інвестыцыях


Нацбанк Беларусі знізіў стаўку рэфінансавання на 0,5 %. Падставаю для гэтага, паводле рэгулятара, стала запавольванне інфляцыі напрыканцы мінулага году і зніжэнне інфляцыйных чаканняў беларусаў. Эксперты ў размове з «Белсатам» кажуць, што насамрэч прычына зусім не ў гэтым. Урад запланаваў на бягучы год значны рост эканомікі. Нацбанк павінен таксама прымаць удзел у рэалізацыі гэтых планаў.

Нацбанк Беларусі. Фота з архіву «Белсату»

Стаўка рэфінансавання ў Беларусі цяпер складае 11,5 %. Апошні раз Нацбанк змяняў стаўку летась у лютым, пасля расейскага ўварвання ва Украіну. Рэгулятар тлумачыць, што падставай для зніжэння стаўкі рэфінансавання стала запавольванне інфляцыі ў снежні летась і зніжэнне інфляцыйных чаканняў насельніцтва.

Пры гэтым зніжэнне стаўкі рэфінансавання насельніцтва як раз адчуе найменш у бліжэйшы час, кажа старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна ў размове з «Белсатам».

«Стаўка рэфінансавання – гэта такі індыкатар, змена якога ў адзін, або другі бок, імгненна сябе не праяўляе для звычайных грамадзянаў. Тым не менш стаўка рэфінансавання, або яшчэ як яе называюць уліковай стаўкай у некаторых краінах – гэта такі індыкатар эканомікі, фінансавай сістэмы», – адзначае Анастасія Лузгіна.

Hавiны
«Нашы грошы»: Улады вырашылі сур’ёзна падпампаваць эканоміку грашыма
2023.01.13 20:03

Але бываюць такія выпадкі, калі назіраецца неадпаведнасць памеру стаўкі рэфінансавання і прапановы па крэдытах у банках. Такое было ў Беларусі раней. Гэта звязана з тым, што стаўка рэфінансавання не зусім адпаведна адлюстроўвае патрэбы рынку.

Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

У Беларусі памер стаўкі рэфінансавання важны для тых, хто жадае атрымаць крэдыт, паколькі стаўка па крэдыту раўняецца стаўцы рэфінансавання і плюс яшчэ некалькі адсоткаў. Адпаведна, на памер аплаты ўплывае павелічэнне, або змяншэнне стаўкі, кажа эксперт.

«Пры гэтым з’явілася інфармацыя ад Еўразійскага банку, эксперты якога прааналізавалі зніжэнне стаўкі рэфінансавання. Эканамісты прыйшлі да высновы, што гэтая змена не асабліва цяпер паўплывае на крэдытны рынак, або дэпазіты, паколькі ў апошнія месяцы банкі і так зніжалі стаўкі і рабілі больш прывабнымі ўмовы для атрымання крэдытаў. Гэта адбывалася праз празмернасць ліквіднасці ў банках.

І трэба разумець, што такая пазіцыя Нацбанку па зніжэнні стаўкі рэфінансавання, хутчэй за ўсё працягнецца. Нават у асноўным законе Нацбанку занатавана, што сярэдняя стаўка ў бягучым годзе можа складаць 10-11 %. Адпаведна, калі мы будзем бачыць трэнд на зніжэнне інфляцыі, то і варта чакаць зніжэнне стаўкі рэфінансавання. Што будзе весці да зніжэння ставак на крэдыты на рынку», – каментуе Анастасія Лузгіна.

Меркаванні
Вельмі патрэбныя грошы
2022.11.30 14:00

Беларусы ж у сваю чаргу прызвычаіліся да крэдытаў і актыўна імі карыстаюцца. Паводле апошняй справаздачы Нацбанку за кастрычнік мінулага году, грамадзяне краіны пазычылі ў банках Br 16,52 млрд. З улікам таго, што крэдыты могуць патаннець, памер запазычанасці можа вырасці, мяркуюць эксперты.

Прычынаю для такой палітыкі Нацбанку з’яўляецца не зніжэнне інфляцыі, але агулам эканамічная палітыка ўладаў краіны.

Анастасія Лузгіна нагадвае, што паводле афіцыйных прагнозаў у Беларусі на бягучы год закладзены рост ВУП краіны на 3,8 %. Гэта такі дастаткова амбітны рост, але ўрад разлічвае, што такі рост адбудзецца за кошт інвестыцыяў. Улады запланавалі адпаведна на сёлета рост інвестыцыяў у асноўны капітал у памеры 22,3 %.

Анастасія Лузгіна. Дацэнт, кандыдат эканамічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC. Варшава, Польшча. 15 лістапада 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

«З улікам таго, што ў нас замежных інвестыцыяў паступае мала, то адпаведна мы кажам пра ўнутранае фінансаванне. А зрабіць гэта магчыма такім чынам, што рэсурсы стануць больш даступнымі, адпаведна крэдыты таксама стануць больш даступнымі. Стаўка рэфінансавання таксама накіраваная на тое, каб рэсурсы сталі больш даступнымі, будуць укладвацца інвестыцыі ў эканоміку і будзе расці ВУП», – кажа эксперт.

Пры гэтым суразмоўца «Белсату» звяртае ўвагу, што як у дачыненні да зніжэння інфляцыі, або стымуляванні інвестыцыяў, улады карыстаюцца адміністратыўнымі рычагамі. Гэта такое адміністратыўнае рэгуляванне, а не рынкавыя механізмы. Тут існуе рызыка, што адбудзецца перанасычэнне эканомікі, паколькі ўліванне сродкаў можа не прывесці да аддачы, як першапачаткова разлічвалася. І ў такім выпадку ў кароткатэрміновай перспектыве мы можам пабачыць рост ВУП, але ў доўгатэрміновай перспектыве адбудзецца разгон коштаў, папярэджвае Анастасія Лузгіна.

Пытанне да такіх планаў ураду таксама і ў тым, наколькі рацыянальна будуць укладвацца грошы, каб разагрэў у выніку не пагоршыў сітуацыю ў эканоміцы.

Інтэрв’ю
Эксперт: «Будзе падаць расейская эканоміка, разам з ёй і нашая». Прагноз для тых, хто захоўвае грошы ў рублях
2022.09.30 11:55

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў