Цемра над Беларуссю згушчаецца, але святло – вось-вось – яе перакрые. Віфлеемская зорка, як памятаем, запальваецца ў самую беспрасветную ноч. У тым ліку на верхавінах калядных ялінак. Шукаем крыніцы святла ў Беларусі і пераносімся на цэнтральныя плошчы беларускіх гарадоў, каб пабачыць сімвалы надзеі і нараджэння новага – калядныя яліны. Такія блізкія і такія далёкія.
Дарэчы, гэта праўда: на нашых ялінах больш няма пяціканцовых зорак – толькі віфлеемскія. Хоць амаль усе елкі стаяць на плошчах з «пяціканцовымі» назвамі, а шмат якія – пад апекаю Леніна, гэткага скамянелага дзеда-мароза ўсяго сусветнага пралетарыяту.
У Віцебску галоўная, як яе называюць, ялінка вобласці стаіць на самай пустой і вялікай плошчы ў Беларусі – на плошчы Перамогі. Трыццаць 33,5 метра вышыні, 2 кіламетры гірляндаў, 8000 лямпачак. У адрозненне ад леташняй, упрыгожаная не сняжынкамі, а шарамі. Іх 1200, хоць розныя рэгіянальныя выданні выдаюць розныя лічбы.
Пры ўсёй сваёй прыгажосці і хмарачоснаці на фоне вечнага надпісу пра «несмяротнасць савецкага народу» выглядае троху пахмурнай. Асноўны каларыт: сіняе і зялёнае. Жаданне паўтарыць «подзвіг Каваленкі» і ўзняць на верхавіне бел-чырвона-белы сцяг нікуды не знікае. Дзе ты, Міроне?..
У Гомлі святочная яліна размясцілася на плошчы Леніна. Адзетая ў «піксельную сукенку», на паўтара метра ніжэйшая за віцебскую (32 метра).
Гомельскія газеты пішуць, што яліна мае «ідэальна роўныя геаметрычныя формы». Як і мае быць у Беларусі. Колеры: сіні, зялёны, чырвоны.
Магілёў хваліцца самай высокай ялінай у Беларусі – 38 метраў. Ясна, стаіць на плошчы Леніна. Той самай, якая гэтак нагадвае менскую плошчу Незалежнасці.
Сукенка пераліваецца рознымі колерамі. Але, здаецца, дамінуе сіні і чырвоны. Новая мода ў Беларусі?.. Лавіце чырвоненькую.
У Горадні галоўную – 33-метровую – навагоднюю яліну ўсталявалі на Савецкай плошчы, дзе яна пераглядваецца і пераміргваецца з Фарным касцёлам.
Але Горадня не мераецца з астатнімі абласнымі цэнтрамі вышынёй ды яркасцю. Працуе на крэатыўнасць. Горад паставіў шыкоўную яліну і на плошчы Леніна. Проста дызайнерскую. Падаецца, яе святло дабівае да Варшавы. Не?..
Мала таго, каля абласной філармоніі ў Горадні стаіць ялінка, усярэдзіну якой можна зайсці ды пагрэцца. Карацей, абсалютны рэспект гораду.
А гэта берасцейская яліна каля адміністрацыі Маскоўскага раёну. Не, не цэнтральная. Не дастаяла да Калядаў пару дзён – упала.
Цэнтральная берасцейская ялінка ззяе на плошчы Леніна. Аперазаная шырокаю чырвонаю стужкай. Усё па-нашаму. Вакол яліны можна ганяць на каньках.
Перанясёмся ў беларуску сталіцу. Менскую ялінку запалілі на 5 дзён раней, як у абласных цэнтрах. Летась так не спяшаліся. Хацелі як найхутчэй наблізіць святочны настрой. Выглядае гэта так.
Незвычайная ялінка з’явілася і каля Палацу спорту. Светлая. Хочацца пад ёю схавацца. У гэтай арцы святла.
І яшчэ адна. На плошчы Незалежнасці. Насупраць Чырвонага касцёлу, дзе на Божае Нараджэнне нельга будзе запаліць свечку.
І ў канцы: святло перамагае. Рана ці позна. І цеплыня таксама. Глядзіце, якую ялінку стварыў каля Магілёва ў вёсцы Салтанаўка мянчук Іван Карпіцкі.
Гэта пра што? Пра прыгажосць. Пра тое, што ўсё растае і знікае. Акрамя святла. Нават такога халоднага, зімовага, лядовага. У гэтым – надзея…
Зміцер Міраш belsat.eu