Нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў пачнуць судзіць 5 студзеня


У судзе Ленінскага раёну Менску 5 студзеня пачнецца суд супраць старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» і Нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча. Яшчэ аднаго абвінавачанага – Змітра Салаўёва – будуць судзіць у парадку спецыяльнага вядзеня, бо яго няма ў Беларусі.

Праваабаронцы Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі. Калаж: Белсат

Справу пачне разглядаць суддзя Марына Запаснік, праваабаронцам пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Суд пакуль зрабілі адкрытым.

Вясноўцаў вінавацяць у незаконным увозе на тэрыторыю Беларусі вялікай сумы грошай без дэкларавання паводле ч. 4 арт. 228 КК і паводле арт. 342 КК за «фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Пракуратура лічыць злачынствам тое, што «Вясна» дапамагала аплачваць штрафы беларусам, асуджаным паводле «палітычных» артыкулаў, а таксама шукала і аплачвала для такіх людзей адвакатаў.

Таксама праваабаронцаў абвінавачваюць ў рыхтаванні і фінансаванні акцыяў пратэсту. Паводле матэрыялаў справы, «яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі рыхтаванне грамадзянаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцыяў пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ «Вясна», незарэгістраванага фонду «BY_HELP», у перыяд з траўня 2020 года да 14 ліпеня 2021 года».

Следства працягваецца ўжо больш за год, з адвакатаў і сведак узятыя падпіскі аб нераскрыцці, таму падрабязнасці справы – невядомыя. Вядома толькі, што на допыты цягам года выклікалі родных вязняў, дзейных і былых сябраў арганізацыі, валанцёраў, актывістаў і простых грамадзянаў, якія звярталіся ў «Вясну» па дапамогу. Людзей выклікалі на допыты па ўсёй краіне, у Менску і рэгіёнах.

Нагадаем, што ў кастрычніку кіраўнік беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.

Палітзняволеныя вясноўцы застаюцца за кратамі. Іх можна падтрымаць лістом: СІЗА № 1, Валадарскага, 2, 220030, Менск (Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу).

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў