Дайсці па ланцужку да Лукашэнкі. BYPOL дапамог падрыхтаваць справаздачу для ААН


22 верасня ў рамках 54-й сесіі Рады правоў чалавека ААН была заслуханая справаздача Вярхоўнага камісара адносна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У слуханнях прыняла ўдзел дарадца абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя ў памяць мастака Алеся Пушкіна. Вільня, Літва. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Белсат

«Гэтыя слуханні праходзяць амаль што кожную сесію Рады правоў чалавека з 2020 года. Для беларусаў гэта азначае, што пытанне правоў чалавека ў Беларусі і іх парушэнне рэжымам дагэтуль застаюцца ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці і самой ААН», – адзначыла Крысціна Рыхтар.

Каментар
Што такое ўніверсальная юрысдыкцыя і хто з лукашэнкаўскіх чыноўнікаў панясе адказнасць паводле яе?
2023.09.19 16:13

Як стала вядома «Белсату», справаздача, якая абмяркоўвалася, была падрыхтаваная пры актыўным удзеле каардынатара плану «Перамога» і партызанскага руху пры Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі Аляксандра Азарава і BYPOL.

Яны перадалі міжнародным праваабаронцам мноства матэрыялаў, у тым ліку ўнутраных дакументаў МУС, інфармацыі з базаў звестак, а таксама далі сведкаў з ліку супрацоўнікаў BYPOL і былых працаўнікоў сілавых ведамстваў (агулам – 18 асобаў), якія пацвердзілі злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Найбольш праваабаронцаў пры падрыхтоўцы справаздачы цікавілі пытанні іерархіі і справаздачнасці ў сілавых ведамствах Беларусі, іх правы і абавязкі, тое, што яны могуць рабіць, а што – не.

«Іх цікавіла іерархія аддання загадаў: пачынаючы ад Лукашэнкі і да самога нізу. То бок, структура падначаленасці – хто каму падначальваецца і аддае загады», – распавёў «Белсату» Аляксандр Азараў.

Такія звесткі, паводле яго, напрыклад, могуць паказаць, хто канкрэтна нясе адказнасць за катаванні канкрэтных асобаў у пэўным ІЧУ.

«Каб ад супрацоўніка, які катаваў, дайсці вышэй – да Лукашэнкі. Гэты ланцужок можа паказаць, што Лукашэнка аддаваў загады, каб людзей катавалі, збівалі, забівалі. Не знайсці звычайных вінаватых амапаўцаў, а дайсці да вышэйшых кіраўнікоў дзяржавы», – адзначыў прадстаўнік АПК.

Тое, як далей будзе выкарыстоўвацца гэтая інфармацыя, будзе вырашана ўжо па выніках слуханняў у Радзе правоў чалавека ААН.

Каментар
Павел Латушка: Рэжыму трэба чакаць наступстваў і адказнасці
2023.09.20 00:14

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў