Сістэма «WebMoney» перастала прымаць беларускія рублі, але не сыходзіць з Беларусі


Расейская сістэма пераводу грошай «WebMoney» забараніла папаўненне электронных гаманцоў беларускімі рублямі з 21 жніўня і дала карыстальнікам тры месяцы на вывад сродкаў у беларускіх рублях, піша «Zerkalo». 

Адно з аддзяленняў «WebMoney».
Адно з аддзяленняў «WebMoney». Масква, Расея. 21 ліпеня 2019 года.
Фота: Svetlov Artem / Wikimedia, CC0

Такія змены яшчэ ў ліпені анансаваў «Тэхнабанк» – аператар сістэмы «WebMoney» ў Беларусі. Тады гаворка ішла пра спыненне эмісіі віртуальнай валюты («тытульнага знаку») WMB, але не аб адмове ад прыёму беларускіх рублёў.

Кансультант «Тэхнабанку» расказаў журналісту «Zerkalo» як фізічнай асобе, што папаўненне рахунку ў беларускіх рублях сапраўды цяпер немагчымае. Можна толькі вывесці WMB (беларускія рублі) з рахунку, але гэтую магчымасць прыбяруць праз тры месяцы пасля 21 жніўня. Беларусы таксама часова не змогуць адкрываць новых рахункаў у «WebMoney», але гэта часова і звязана з тэхнічнымі работамі.

Калі адновяць магчымасць адкрыцця рахункаў і ці будзе альтэрнатыва WMB дзеля працы з беларускім рублём у «WebMoney» , кансультант «Тэхнабанку» не ведаў. Але ён запэўніў журналіста, што кампанія працягне працаваць у Беларусі як плацежная сістэма і неўзабаве мае быць занесеная ў рэестр плацежных сістэмаў Беларусі.

«WebMoney» мае агулам 14 «тытульных знакаў» – прынамсі да 21 жніўня можна было абмяняць «беларускія ўэбмані», напрыклад, на «еўра-ўэбмані» ці «казахскія ўэбмані» праз віртуальныя абменныя пункты і біржы.

Разбор
«Пагроза ценявой эканомікі». Ад пачатку года гатоўкі ў Беларусі паболела на 28 %
2023.08.15 17:26

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў