«Будзем і смяяцца, і плакаць». Лявон Вольскі абвесціў аб прэзентацыі новага праекту – «Emihranty»


Лявон Вольскі стварае новы музычны праект – «Эмігранты», рэліз якога запланаваны ўжо на 14 верасня. Продаж квіткоў на канцэртны тур па Польшчы з нагоды выхаду праекту стартаваў 21 жніўня. Канцэрты адбудуцца ў шасці польскіх гарадах. Варта чакаць, што на іх мы будзем і смяяцца, і плакаць, кажа Яна Вольская, арт-менеджарка гурта «Volski».

Афіша прэзентацыйных канцэртаў праекту «Эмігранты» ў Польшчы. Крыніца: Lavon Volski / Facebook

«Акурат поўны спектр эмоцыяў – ад іроніі да нейкага асцярожнага аптымізму. Сум і настальгія. І страх таксама. Будуць абсалютна розныя персанажы, якія перажываюць розныя эмоцыі, як людзі ў эміграцыі, звязаныя з тымі, хто застаўся ў краіне, – са сваякамі ці суседзямі», – кажа пра агульны настрой праекту «Эмігранты» Яна Вольская.

«Эмігранты» як новы «Народны Альбом»?

«Эмігранты» – гэта супольны праект, у якім разам з Лявонам Вольскім бяруць удзел беларускія музыкі Павел Мамонаў, Алесь-Францішак Мышкевіч, Павел Аракелян, Кетэван Асраташвілі, Павел Трыпуць, Познаньскі спеўны сход і Варшаўскі вольны аркестр.

І гэтым «Эмігранты» нагадваюць легендарную музычную складанку «Народны Альбом», які з’явіўся ў 1997 годзе.

«Калі пачыналася стварэнне новага праекту, то, канечне, Лявон прыгадваў «Народны Альбом». Бо «Эмігранты» – таксама нізка песень і супольны праект.

Але ён будзе розніцца ад «Народнага Альбому» – найперш зместам і музычным падыходам. Прыкладам, у некаторых песнях будзе запісаны хор і смычковая група Варшаўскага вольнага аркестру», – кажа арт-менеджарка і жонка Лявона Вольскага.

«Эмігранты» – гэта нізка з 21 песні. Як зазначаецца ў прэс-рэлізе, героі праекту «вандруюць па свеце, уладкоўваюцца на новых месцах, пераймаюцца, сумуюць, лечацца, тэлефануюць родным у Беларусь, прыгадваюць былое і спадзяюцца на вяртанне».

Яна Вольская прызнаецца, што пакуль рана казаць пра самыя гарачыя і гітовыя нумары праекту. Але адна з песень – «Беларуская траўма» – загучыць ужо 1 верасня на фестывалі «Грай», які пройдзе ў Варшаве каля «Odessa club». І, паводле Яны Вольскай, песня гэтая зусім не мінорная.

Дзе паслухаць «Эмігрантаў»

Вялікі прэзентацыйны канцэрт «Эмігрантаў» у Варшаве адбудзецца 19 кастрычніка. Потым удзельнікі праекту зладзяць тур па Польшчы:

  • 19.10 – Варшава, Proxima
  • 23.10 – Гданьск, Drizzly Grizzly
  • 24.10 – Познань, Pod Minogą
  • 25.10 – Вроцлаў, Stary Klasztor
  • 27.10 – Кракаў, Gwarek
  • 31.10 – Беласток, 6-ścian.

Квіткі на гэтыя канцэрты прадаюцца з 21 жніўня. Кошт – ад 80 злотых. Зацікаўленасць і попыт – вялікія.

«Адчуваем цяпер заўсёдны такі наш стрыманы аптымізм. Але спадзяемся, што ўсё атрымаецца добра», – падсумавала Яна Вольская.

У лістападзе 2023 года ўдзельнікі «Эмігрантаў» мяркуюць наведаць іншыя краіны, дзе жывуць беларусы.

Гісторыі
«Я палякам усе вушы аб’еў Горадняй». Беларускі мастак Яраслаў Кірвель – пра Варшаву, свабоду і партрэт Лукашэнкі
2023.08.05 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў