«Трайпл» Юрыя Чыжа прызналі банкрутам


Юрыя Чыжа калісьці называлі «кашальком» Лукашэнкі. Цяпер ён за кратамі, а ягоную кампанію прызналі неплатаздольнай.

Лагатып групы кампаніяў «Трайпл». Выява: triple.by

Эканамічны суд Менску яшчэ год таму пачаў разглядаць справу пра банкруцтва ТАА «Трайпл», у лютым 2021-га быў прадстаўлены план санацыі, але яго не прыняў сход крэдытораў. 14 ліпеня 2021 года суд прызнаў «Трайпл» банкрутам і ўвёў адносна яго план санацыі да 30 ліпеня 2022-га. Рашэнне яшчэ могуць абскардзіць.

Справа ў тым, што крэдытныя патрабаванні да «Трайпла» складаюць цяпер без малага 170 млн рублёў, а актывы кампаніі – усяго 155,556 млн.

Эксперт, які ацэньваў план санацыі, спрабаваў давесці суду, што санацыя не з’яўляецца эканамічна абгрунтаванай, а аднаўленне платаздольнасці за заяўленыя тэрміны немагчымае. Рэалізацыя ўласнасці кампаніі, паводле эксперта, немагчымая. Суд палічыў, што недахопы, якія адзначыў эксперт, не паўплываюць на санацыю.

На «Трайпл», як вынікае з паведамлення суду, цяпер працуе звыш 300 чалавек. У групу ўваходзяць два дзясяткі кампаніяў, якія займаюцца будаўніцтвам і вытворчасцю будаўнічых матэрыялаў, сельскай гаспадаркай і іншым. Да групы адносяцца гарналыжны комплекс «Лагойск», сетка крамаў «ProStore», рэстарацыі «Ракаўскі Бровар» і «Золотой гребешок», вытворца тортаў «Салодкі фальварак».

Хто такі Чыж

Юрый Чыж з’яўляўся адным з набліжаных да Лукашэнкі, быў на першых пазіцыях рэйтынгаў уплывовых бізнесоўцаў, але патрапіў у апалу. Сёлета ў сакавіку яго затрымалі пасля вяртання з Расеі і змясцілі ў СІЗА КДБ. Хадзілі чуткі, што яго перавялі пад хатні арышт, але юрысты «Трайпла» гэта абвяргалі.

Аляксандр Лукашэнка ўзнагароджвае Юрыя Чыжа, 2013 год.
Фота: president.gov.by

Падставай для арышту бізнесоўцы сталі прэтэнзіі сілавікоў да топ-менеджменту «Кварцкрэйдапрам», «Данпрад» і «НафтаХімТрэйдынг».

Гэтае затрыманне стала працягам крымінальнай справы супраць Чыжа ў 2016-м годзе. Тады бізнесоўцу затрымалі паводле падазрэння ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Але Чыж прызнаў віну і кампенсаваў страты, у выніку справа да суда не дайшла.

АА belsat.eu

Стужка навінаў