У батыскафе «Тытан», што згубіўся ў Атлантычным акіяне, мог скончыцца кісларод


19 чэрвеня батыскаф «Тытан» апусціўся на вялікую глыбіню Атлантычнага акіяну, каб паназіраць за затанулым «Тытанікам», і амаль праз дзве гадзіны знік з радараў. Да сённяшняга дня вядуцца пошукі, але на батыскафе ўжо мог скончыцца кісларод.

Батыскаф кампаніі «OceanGate».
Фота: сайт «OceanGate»

Паводле падлікаў Берагавой аховы ЗША, кіслароду ў батыскафе можа хапіць на 96 гадзінаў з моманту закрыцця люкаў. Гэты момант меўся надысці а 14:08 паводле менскага часу.

Тым не менш, пошукі батыскафа трываюць, бо ў выпадку, калі пасажыры зробяць неабходныя захады, кісларод можна будзе захаваць даўжэй. Як пішуць эксперты, для гэтага пасажырам варта спакойна паводзіцца і нячаста дыхаць, што можа дадаць лішнія пару гадзінаў, неабходныя для іхнага выратавання.

Караблі з ратавальнай місіяй накіравалі ў месца здарэння ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Канада. Тым не менш, пошукі ўскладняюцца праз неспрыяльныя ўмовы ў зоне, дзе меркавана месціцца батыскаф.

На борце батыскафа, што належыць кампаніі «OceanGate», пяцёра асобаў, у тым ліку дырэктар самой «OceanGate», 61-гадовы Стоктан Раш.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў