Адзіная стратэгія аб Беларусі, падтрыманне супраціву: пра што гавораць на Канферэнцыі Каліноўскага ў Вільні


22 сакавіка ў літоўскім Сейме ў Вільні праходзіць Канферэнцыя Каліноўскага, якую ладзяць Камітэт замежных справаў пры Сейме і Офіс Святланы Ціханоўскай.

У Вільні распачалася Канферэнцыя Каліноўскага з удзелам Святланы Ціханоўскай. 22 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Сёлета канферэнцыя прысвяцілі еўрапейскаму выбару Беларусі. Арганізатары чакаюць, што ў выніку будзе выпрацаваная адзіная стратэгія заходніх краінаў у дачыненні Беларусі, а таксама будуць вызначаныя крытэры інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую супольнасць. На форуме разглядаюцца аргументы на карысць еўрапейскай будучыні ўсяго рэгіёну «Усходняга партнёрства», які з 1991 года спрабуе вырвацца з савецкага мінулага і «русского мира».

У канферэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі парламентаў Літвы, Латвіі, Польшчы, Нямеччыны, Ісландыі, Даніі, Эстоніі, ЗША, Італіі, Еўрапарламенту, дыпламаты ЕЗ і еўрапейскіх краінаў.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская перад пачаткам канферэнцыі ў інтэрв’ю «Белсату» падзякавала «замежным сябрам Беларусі» і беларусам за тое, што сабраліся абмеркаваць сучаснасць і будучыню нашай краіны. Беларуская лідарка выказала спадзяванне на практычныя вынікі пасля канферэнцыі:

«Можа, падумаюць над адзінаю стратэгіяй датычна Беларусі, бо, як я бачу, цяпер у Еўропы такой стратэгіі няма. Мы ведаем, што ў Расеі ёсць стратэгія наконт нашай краіны, а ў еўрапейцаў няма. Гэтае пытанне трэба прапрацоўваць, і гэтая канферэнцыя – адна з пляцовак, дзе людзі могуць выказвацца і прыходзіць да аб’яднаных меркаванняў».

Паводле Франака Вячоркі, старэйшага дарадцы Ціханоўскай, беларускія дэмакратычныя сілы чакаюць ад канферэнцыі разгляду варыянту залучэння Беларусі ва «Усходняе партнёрства» на фармальным узроўні, а таксама перафарматаванне Люблінскага трыкутніка ў Люблінскую чацвёрку, каб акрамя Літвы, Польшчы і Украіны там з’явілася Беларусь. Трэцяя мэта – выпрацаваць двухбаковую стратэгію аб Беларусі, якая будзе складацца з ізаляцыі для рэжыму і падтрымання для беларусаў.

«Цяпер моцны перакос у бок ціску, санкцыяў. Не ўсё робіцца эфектыўна, але робіцца, – кажа Франак Вячорка. – Але мы мала чуем пра праграмы падтрымкі для беларусаў, еўрапейскую перспектыву, бязвізавы рэжым».

У Вільні распачалася Канферэнцыя Каліноўскага з удзелам Святланы Ціханоўскай. 22 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

На думку дарадцы Ціханоўскай, размова пра тое, што Беларусь можа атрымаць ад Еўразвязу, змяніла б настроі ў краіне, бо цяпер людзі адчуваюць сябе разгубленымі, забытымі. З гэтымі настроямі трэба працаваць у пазітыўнай тэматыцы.

«Калі людзі чуюць увесь час «санкцыі, ціск, закрыццё мяжы, вайна», гэта выклікае фрустрацыю, стомленасць, расчараванасць, але калі б яны чулі «санкцыі Лукашэнку, але мы зробім простым атрыманне візаў, дапаможам са студэнцкімі стыпендыямі», тады гэта дае ясную альтэрнатыву. І гэты пазітыў трэба трансляваць. Не хапае пазітыву, адчування перамог, і я спадзяюся, на гэтай канферэнцыі мы будзем гаварыць пра тыя пазітыўныя мэсіджы, якія могуць ісці ў Беларусі», – зазначае Вячорка.

Hавiны
«Свабода значыць для нас усё»: Ціханоўская адкрыла Дзень Беларусі ў Еўрапарламенце
2024.03.20 11:09

Дарадца Святланы Ціханоўскай згадаў таксама пра скарачэнне і нестабільнасць еўрапейскай дапамогі для Беларусі, праз што «найбольш цярпяць незалежныя медыі, якія залежаць ад еўрапейскай падтрымкі, праваабарончыя ініцыятывы, грамадзянская супольнасць».

«Але я не сказаў бы, што сітуацыя драматычная, – адзначае Франак Вячорка. – Падтрымка ёсць, проста патрэбы сталі нашмат большымі. У 2020–2021 гадах было больш падтрымкі прыватнага бізнесу беларускага, калі збіралі праз «BYSOL», фандрайзінгавыя кампаніі. Цяпер гэтага стала менш – людзі ахвяруюць менш, бізнесы ахвяруюць менш, і больш патрэбаў ад інстытуцыйных партнёраў, як ЕЗ, ЗША. І нашая задача – лабіяваць гэтую падтрымку, як гэта Украіна робіць штодня. Толькі для Украіны патрэбная падтрымка вайсковая і фінансавая для стабілізацыі эканомікі, а нам патрэбная падтрымка для грамадзянскай супольнасці і супраціву».

Удзел у такіх імпрэзах, як Канферэнцыя Каліноўскага, на думку Вячоркі, якраз дае шанец заявіць пра свае патрэбы і пралабіяваць іх. Такою магчымасцю можна таксама скарыстацца на дыяспаральнай канферэнцыі, якая пачынаецца ў Празе.

«Гэта магчымасць сфармуляваць пазіцыю, чаго беларусы за мяжою чакаюць ад замежных краінаў. Таксама ўдзел у міжнародных фарматах – ААН, «Вялікая сямёрка», што робіць Ціханоўская пастаянна: ты прыходзіш і тлумачыш, чаму Беларусь важная. Бо фокус увагі вельмі кароткі: ты нешта ім кажаш, а праз тры дні яны забываюць. Становіцца цяжка трымаць Беларусь у парадку дня, але мы мусім гэта рабіць, і мы мусім не дазволіць змешваць Беларусь з Расеяй, класці ў адзін кошык, бо нас проста спішуць, забудуць і мы згубім наш шанец на вызваленне», – рэзюмаваў дарадца Ціханоўскай.

З ініцыятывы Святланы Ціханоўскай 23 і 24 сакавіка ў Празе адбудзецца Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. Гэта ўжо трэцяя сустрэча суполак і арганізацыяў беларусаў замежжа.

Hавiны
У Вільні пройдзе Канферэнцыя Каліноўскага, сярод удзельнікаў – спікер Вярхоўнай Рады
2024.03.17 09:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў