Эксперт: Зніжэнне цэнаў на паліва мае больш псіхалагічны эфект, чым эканамічны


На працягу сакавіка ў Беларусі тройчы знізіліся цэны на паліва на АЗС, паліва патаннела на тры капейкі. Гэта выклікае цікавасць, бо на працягу апошніх гадоў паліва ў нашай краіне няспынна даражэла. «Белсат» высвятляў, якія прычыны цяпер на тое, каб бензін і дызель сталі таннейшыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына запраўляе аўтамабіль на АЗС «Беларусьнафта».
Фота: Белсат

З 21 сакавіка на АЗС Беларусі бензін маркі АІ-92 каштуе 2,33 руб., АІ-95 – 2,43 руб., АІ – 2,65 руб., дызельнае паліва – 2,43 руб.

На працягу першых трох тыдняў у сакавіку канцэрн «Белнафтахім» тры разы знізіў цэны на паліва на АЗС  – 7, 14 і 21 сакавіка бензін і дызель шторазу таннелі на адну капейку. Для беларусаў, якія прызвычаіліся да росту цэнаў на паліва, паніжэнне было нечаканым.

«Навіна пра зніжэнне цэнаў на паліва стала даволі нечаканай. Летась цана літра паліва ў Беларусі складала прыкладна долар ЗША. Менавіта такая цана называлася як аптымальная для ўладаў, бо агучвалася, што  пры гэтым нафтаперапрацоўчыя заводы змогуць працаваць з невялікай рэнтабельнасцю. Цяпер жа паліва каштуе каля 85 цэнтаў», – звяртае ўвагу аўтаэксперт у размове з «Белсатам».

Эксперт таксама нагадвае, што летась, калі цэны ў нашай краіне на паліва раслі, кіраўніцтва канцэрну тлумачыла гэта падаражэннем нафты, змяненнем курсу беларускага рубля, кан’юнктурай рынку нафтапрадуктаў у суседніх краінах. Сёлета абгрунтоўваць змяншэнне цэнаў не лічаць неабходным наогул.

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна ў каментары «Белсату» кажа, што цэны на паліва ў Беларусі рэгулююцца. У іншых краінах сітуацыя адрозная, і там яны залежаць ад пастаўніка, ад кампаніі-вытворцы, таму на запраўках цэннікі адрозніваюцца.

Hавiны
«Коммерсант»: Расея можа падтрымаць беларускія НПЗ павелічэннем імпарту паліва
2022.09.09 10:25

У Беларусі цэны на паліва ўсталёўваюць дырэктыўна, няма рынкавага рэгулявання, кажа эксперт. Вядома, што пры іх фармаванні улічваюць рынкавыя фактары, але рашэнне прымаецца дырэктыўна. Летась паліва даражэла. Звязана гэта было з тым, што на пачатку мінулага года вагаўся курс беларускага рубля да долара ЗША, выраслі кошты на энергарэсурсы, і да таго ж санкцыі Захаду ў першай палове года моцна пагоршылі сітуацыю ў беларускай нафтаперапрацоўцы.

«Сёлета варта ўлічваць, што перад урадам стаіць задача стрымаць рост цэнаў. Цэны на паліва могуць закладаць у сабекошт прадукцыі прадпрыемстваў, што ў выніку ўплывае на выніковую цану тавараў», – кажа Анастасія Лузгіна.

Экспертка дадае, што ў выніку палітыкі цэнарэгулявання і іншых фактараў мы бачым, што інфляцыя зменшылася.

Яшчэ адной прычынаю зніжэння коштаў на паліва можа быць тое, што сітуацыя ў нафтаперапрацоўцы палепшылася.

«Прадпрыемствы больш-менш адаптаваліся да санкцыяў, а таксама сёлета ўступае ў сілу падатковы манеўр у Расеі. Улады Беларусі доўга дамагаліся, каб Расея кампенсавала страты беларускіх прадпрыемстваў ад манеўру, а гэта азначае дадатковыя паступленні для галіны і адпаведна, паляпшэнне сітуацыі», – адзначае суразмоўніца «Белсату».

Нагадаем, што падатковы манеўр у Расеі прадугледжвае абнуленне экспартнага мыта на нафту і павышэнне стаўкі падатку на яе здабычу. Да 2018 года экспартнае мыта складала 30 % ад кошту сыравіны, але Беларусь атрымлівала сыравіну без уліку гэтага мыта, а потым нафтапрадукты прадавала за цэны, што ўлічвалі мыта. Пасля абнулення мыта кошты на сыравіну для Беларусі павінны былі вырасці да ўзроўню міжнародных. Афіцыйны Менск заявіў, што ў выніку ў 2019–2024 гадах бюджэт краіны не атрымае каля $ 10,5–11 млрд, і патрабаваў ад Расеі кампенсацыі.  Увосень мінулага года прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што праблема вырашаная і Масква ўрэшце пагадзілася пакрываць страты нафтапераапрацоўкі ад расейскага падатковага манеўру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. АЗС А100 на скрыжаванні праспекту Пушкіна і вуліцы Харкаўскай.
Фота: Белсат

Пакуль змяншэнне цэнаў на паліва не такое актыўнае, калі параўнаць з іх леташнім ростам, звяртае ўвагу Анастасія Лузгіна. Летась яны раслі як у рублях, гэтак і ў доларавым эквіваленце, і не на адну капейку.

«Увогуле зніжэнне цэнаў на паліва на адну капейку мае больш псіхалагічны эфект, чым эканамічны. Як будзе развівацца сітуацыя далей – сказаць складана, бо яна залежыць ад таго, як працуе галіна, наколькі добра яна будзе адчуваць сябе, а таксама – ад курсу беларускага рубля да замежных валютаў. Паколькі асноўную частку нафты для перапрацоўкі мы імпартуем», – кажа Анастасія Лузгіна.

Экспертка кажа, што калі захаваецца спакойная існая сітуацыя, то цалкам верагодна, што мы пабачым яшчэ невялікае зніжэнне на цэнніках АЗС.

Hавiны
Расея падтрымае беларускія НПЗ, купляючы дарагое дызпаліва
2022.10.26 10:34

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў