Ціханоўская выступіла ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Дэлегацыя з Беларусі прамову байкатавала


Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі і заклікала дэпутатаў да рашучасці і нестандартных захадаў. Беларуская дэлегацыя «дэманстратыўна пакінула залу» перад прамоваю, паведамляе Офіс Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Вена, Аўстрыя. 22 лютага 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Парламенцкая асамблея АБСЕ адбываецца ў Вене. Святлана Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, пра адсутнасць выбараў і непрызнанне бязвыбараў 25 лютага. Яна заклікала не прызнаваць «новапрызначаны парламент» і не запрашаць чальцоў гэтага «нелегітымнага ўтварэння» на асамблеі:

«Я заклікаю вас выкасаваць парламент Беларусі з Парламенцкай асамблеі. Я разумею, што ў АБСЕ шануюць дыялог. Але ці хочаце вы весці дыялог з катамі і забойцамі?»

Ціханоўская растлумачыла, што беларускія дэпутаты не рэпрэзентуюць народ і разглядаюць Парламенцкую асамблею АБСЕ «як трыбуну для распаўсюду хлусні і апраўдання тэрору».

«Запрасіце назіральнікамі прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху і нашых палітычных партыяў. Яны ўжо бяруць удзел у працы ПАРЕ. Актыўнасць у Парламенцкай асамблеі АБСЕ зробіць голас беларусаў чутным, а асамблея прадэманструе адвагу і прыхільнасць уласным прынцыпам», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка.

У ейным Офісе паведамілі, што перад прамоваю лідаркі «дэлегацыя рэжыму на чале з Андрэем Савіных дэманстратыўна пакінула залу».

Святлана Ціханоўская з чальцамі групы «За дэмакратычную Беларусь» у АБСЕ. Вена, Аўстрыя. 22 лютага 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Падчас візіту ў сталіцу Аўстрыі Святлана Ціханоўская таксама выступіла на агульнай сустрэчы чальцоў групы «За дэмакратычную Беларусь» у АБСЕ. Сярод удзельнікаў – прадстаўнікі Эстоніі, Нарвегіі, Швецыі, Францыі, Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Канады, Вялікай Брытаніі і ЗША.

Абраная прэзідэнтка адзначыла, што АБСЕ мусіць патрабаваць надання дапамогі беларускім палітвязням і доступу да іх.

«Вашыя дыпламаты ў Менску могуць запатрабаваць доступу ў турмы, асабліва да тых, хто знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада», – звярнула ўвагу Ціханоўская.

Адначасова яна заклікала не ізаляваць беларусаў: «Неабходна спрасціць працэс атрымання візаў, відаў на жыхарства і пашпартоў замежніка для беларусаў. У сакавіку ў нас з’явяцца першыя ўзоры новага беларускага пашпарта – я заклікаю вашыя ўрады падтрымаць гэты праект».

Святлана Ціханоўская на сустрэчы з міністрам замежных справаў Аўстрыі Александэрам Шаленбэргам. Вена, Аўстрыя. 22 лютага 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Акрамя таго, Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Аўстрыі Александэрам Шаленбэргам. Яны абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, смерць у няволі Ігара Ледніка і іншых палітвязняў, магчымыя шляхі прыцягнення да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях і іншых злачынствах прадстаўнікоў і памагатых рэжыму. Ціханоўская заклікала міністра прызначыць спецпасланніка па Беларусі, які будзе працаваць з дэмакратычнымі сіламі.

Шаленбэрг паведаміў, што аўстрыйскія ўлады плануюць прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў, гэта дазволіць атрымліваць ВНЖ і іншыя дакументы.

Застаецца праблема з пашпартам замежніка, для якога, паводле заканадаўства Аўстрыі, неабходна адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Цяпер разглядаюцца іншыя варыянты. Дамовіліся працягнуць кансультацыі на працоўным узроўні. Таксама бакі дамовіліся, што Аўстрыя зробіць інструкцыю для беларусаў, як легалізавацца ў Аўстрыі.

Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская заклікала міністра не прызнаваць парламенцкія выбары ў Беларусі.

Hавiны
Офіс Ціханоўскай распавёў, як беларусам варта правесці «адзіны дзень галасавання»
2024.02.22 15:36

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў