Ціханоўская выступіла на пленарным пасяджэнні Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэту


Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская 22 лютага выступіла з прамоваю на пленарным пасяджэнні Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэту (EESC) у Бруселі. Адзін з дэлегатаў падчас яе выступу разгарнуў нацыянальны беларускі сцяг.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўскай прамовіла, што мы перажываем гістарычны момант і будучыня Еўропы вырашаецца менавіта цяпер: «Яна вырашаецца на палях бітваў ва Украіне, у беларускім падполлі і, вядома, у еўрапейскіх сталіцах».

«Пытанне ў тым, ці здольныя мы як еўрапейцы абараніць дэмакратычныя каштоўнасці і свабоды, ці дазволім тыраніі зноў узяць верх?», – звярнулася з пытаннем Ціханоўская.

Беларуская лідарка заявіла, што паміж вызваленнем Беларусі і Украіны ёсць прынцыповая і непасрэдная сувязь, а вольныя беларусы і ўкраінцы сёння змагаюцца з адным злом – тыраніяй і імперыялізмам Расеі, і што «нашая барацьба ўзаемазалежная».

Таксама яна нагадала, што вельмі важна размяжоўваць беларускі народ і рэжым: «Беларусы – на баку Украіны. Яны хочуць свабоды, дэмакратыі і незалежнасці. Гэта рэжым стаў саўдзельнікам Пуціна і павінен быць прыцягнуты да адказнасці».

«Важна паказаць беларусам пазітыўную альтэрнатыву, тое, за што трэба змагацца. Беларусы павінны адчуваць і бачыць еўрапейскую перспектыву. Часам здаецца, што Беларусь могуць пакінуць «на пасля». Я часта чую ад заходніх палітыкаў: спачатку дапаможам Украіне, потым паглядзім, што рабіць з Беларуссю. Можа быць занадта позна. Мы не павінны дазволіць Пуціну атрымаць Беларусь як суцяшальны прыз», – сказала Ціханоўская.

Падчас выступу таксама ўздымалася тэма палітвязняў у Беларусі. Па інфармацыі Ціханоўскай, у сярэднім 17 чалавек штодзень затрымліваюцца беларускім рэжымам па палітычных матывах.

Праз абыход санкцый рэжымам, Святлана Ціханоўская прапанавала стварыць працоўную групу пры Еўразвязе для назірання за іх выкананнем. Яна прывяла прыклад, як беларускае дзяржаўнае прадпрыемства «Горадня Азот» працягвае экспартаваць сваю прадукцыю ў ЕЗ, нягледзячы на санкцыі.

Да таго ж, падчас выступу Ціханоўская заклікала прысутных дэлегатаў зрабіць Беларусь часткай размовы пра структуру бяспекі Еўропы і ініцыяваць слуханні па Беларусі. У тым ліку запрашаць беларускія дэмакратычныя сілы на міжнародныя форумы і мерапрыемствы, каб «гучалі галасы вольнай Беларусі».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў