Пяць пацярпелых пасля ДТЗ у Смалявіцкім раёне застаюцца ў вельмі цяжкім стане


Пяцёра пацярпелых пасля сутыкнення маршруткі і грузавіка пад Смалявічамі знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане, заявіў намеснік галоўнага лекара па хірургіі БХМД Ігара Шыманскага. Трое з іх – двое мужчын і адна дзяўчына – знаходзяцца ў БХМД, двое – у іншых шпіталях.

Аварыя пад Смалявічамі.
Фота: БелТА

Ва ўсіх пацярпелых у аварыі спалучаныя траўмы, якія ўключаюць чэрапна-мазгавую, траўму грудной і брушной паражніны, пераломы ніжніх канечнасцяў, паведаміў Ігар Шыманскі, і дадаў, што лячэнне такіх пацыентаў працяглае.

«Калі браць толькі пераломы канечнасцей, гэта як мінімум 2-3 месяцы, а то і паўгода неабходна, каб наступіла зрашчэнне. А тут жа і чэрапна-мазгавая, і траўма органаў брушной паражніны. Вынікі лабавога сутыкнення можна прыраўноўваць да выбухной траўмы, калі ў арганізме разбураецца вельмі шмат. Таму і столькі чалавек загінулі на месцы ад рэзкага ўдару», – сказаў намеснік галоўнага лекара.

Аварыя пад Смалявічамі.
Фота: МУС

Па ягонах словах, папярэдніх прагнозаў па выніку лячэння пацыентаў лекары даць пакуль не могуць, але яны робяць усё магчымае, каб пацярпелыя паправіліся. Ім яшчэ павінны правесці аперацыі па лячэнні пераломаў. Таксама некалькі разоў у дзень праводзяцца кансіліумы, на якіх абмяркоўваецца і стан, і тактыка далейшага лячэння пацыентаў, у прыватнасці, выкананне этапных аператыўных умяшанняў.

«Акрамя вызначэння тактыкі лячэння пацыентаў, мы абмяркоўвалі пытанні па магчымай лагістыцы аказання медычнай дапамогі пры такіх масавых здарэннях. На памяці такіх буйных ДТЗ, каб адначасова пацярпела столькі чалавек, у краіне не было даўно», – дадаў Ігар Шыманскі.

Нагадаем, лабавое сутыкненне маршруткі і гружанага МАЗа адбылося каля 15:00 20 лютага паблізу Смалявічаў. На месцы ў аварыі загінулі 11 чалавек, у тым ліку двое непаўналетніх 13 і 14 гадоў. Цяпер у шпіталях знаходзяцца 9 чалавек з траўмамі рознай ступені цяжкасці.

Першапачаткова дзевяць пацярпелых пацыентаў былі дастаўлены ў Смалявіцкую ЦРБ. Пасля стабілізацыі стану пяць пацыентаў былі перавезены ў абласны шпіталь, трое – у БХМД, пацярпелую дзяўчынку перавялі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Вадзіцель маршруткі жывы і цяпер таксама знаходзіцца ў шпіталі.

Аварыя пад Смалявічамі.
Фота: МУС

Кіроўца МАЗа быў затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў