«BYPOL» не прыйшоў на завочны суд над сабой. З «падсуднымі» не спрабавалі звязацца адвакаты


У Менску 22 студзеня пачалі завочна судзіць прадстаўнікоў арганізацыі былых сілавікоў «BYPOL». Завочна названых «тэрарыстамі» могуць нават «завочна расстраляць». «Белсат» спытаў былых сілавікоў і юрыста, што гэта значыць.

Галаграмы Жыгара і Азарава ў судзе
Як выглядаў бы завочны суд над Уладзімірам Жыгарам і Аляксандрам Азаравым, калі б замест пустой лавы былі хаця б галаграмы. Калаж: Белсат

Справу супраць «BYPOL» разглядае Менскі гарадскі суд у парадку спецыяльнай вытворчасці – без прысутнасці абвінавачаных, якія знаходзяцца за мяжой. Абвінавачанні выстаўленыя Аляксандру Азараву, Андрэю Астаповічу, Уладзіміру Жыгару, Мацвею Купрэйчыку, Ігару Лобану, Алегу Талерчыку. Іх абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага Кодэксу, у тым ліку ў «здрадзе дзяржаве», «дзеяннях з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», «арганізацыі актаў тэрарызму» і іншым.

Дзяржаўныя медыі падкрэсліваюць, што «абвінавачаныя, нягледзячы на належнае паведамленне аб месцы і часе судовага паседжання, на суд не з’явіліся», а іх інтарэсы прадстаўляюць адвакаты.

Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў
Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў. Варшава, Польшча. 22 студзеня 2024 года. Скрыншот: Белсат

Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў у каментары «Белсату» кажа, што на яго не выходзілі ні адвакат, ні следчы. Ён не атрымліваў аніякіх паведамленняў аб працэсе, хоць, паводле Крымінальнага-працэсуальнага кодэксу, мусілі выслаць дакументы пра пачатак крымінальнай справы, само абвінавачванне і паведамленне пра тое, што можна прыйсці і азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.

«Я не думаю, што вельмі цяжка мяне знайсці, – лічыць Азараў. – Інфармацыі пра „BYPOL“ у сеціве шмат, ёсць кантактныя звесткі, людзі нас знаходзяць. Адвакат мог бы таксама знайсці, калі б захацеў».

Такім чынам, Азараў не ведае, у чым менавіта яго вінавацяць і хто яго абараняе. Толькі выказвае здагадку, што ўлады найбольш раздражняе атака на расейскі вайсковы самалёт А-50 у Мачулішчах у мінулым годзе. Гэты самалёт расейскі, а пашкоджанне расейскай маёмасці на тэрыторыі Беларусі, «даверанай» Аляксандру Лукашэнку, пацягнула страту іміджу ў вачах Уладзіміра Пуціна, лічыць кіраўнік «BYPOL».

Артыкулы, якія закідаюць дзейным і былым чальцам «BYPOL», прадугледжваюць як пакаранне нават расстрэл (хай сабе ў іхным выпадку і «завочны»). Чаму выбралі менавіта такія артыкулы? Азараў разважае: мера пакарання залежыць ад цяжкасці ўчыненага, ад ступені небяспекі падсуднага, а значыць, выпісанае пакаранне пакажа, як улады ацэньваюць падсудных і патэнцыйную шкоду рэжыму ад іх.

«Усе, канешне, кажуць, што цябе расстраляюць, можаш не сумнявацца! – смяецца Азараў. – Ну, паглядзім».

Чаму смяецца? Адказвае: сіла звычкі. Звычайнага чалавека можа напужаць і SMS ад Камітэту дзяржаўнай бяспекі, а ён праслужыў у «гэтым асяроддзі» 21 год, дык ставіцца спакойна нават да «завочнага расстрэлу».

Кіраўнік «BYPOL» кажа, што цяпер у беларускай сістэме застаюцца праваахоўнікі, якія падтрымліваюць ягоную арганізацыю і хочуць дэмакратычных зменаў у Беларусі. Некаторыя маюць кантакт з «BYPOL», некаторыя – не, але агульную колькасць такіх Азараў ацэньвае ў прыблізна 20 % ад усіх.

Ён нагадвае, што неаднаразова заклікаў дзейных сілавікоў не звальняцца ў гэты час, бо менавіта цяпер звальненне ні да чаго не прывядзе, а ў выпадку пачатку пераменаў гэтыя супрацоўнікі змогуць перайсці на бок народу і дапамагчы. Таму, лічыць Азараў, улады хочуць паказаць: «Вось што з вамі будзе, калі пяройдзеце на бок народу». Калі яго асудзяць на «завочны расстрэл», дык значыць, рэшту хочуць застрашыць расстрэлам за пераход на бок народу.

Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар
Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар. Варшава, Польшча. 22 студзеня 2024 года. Скрыншот: Белсат

Большая частка людзей з «завочнай лавы падсудных» ужо не ў «BYPOL». У 2023 годзе частка былых сілавікоў сышла з арганізацыі і ўтварыла новую – «BELPOL». Іх завочна судзяць за «грахі» іхнай былой арганізацыі. Сярод такіх – прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Ён расказвае «Белсату», што і не згадаў бы пра завочны суд, калі б пра гэта не нагадалі дэмакратычныя медыі. З Беларусі да яго ніхто не звяртаўся з нагоды суду і не прысылаў ніякіх дакументаў, не прымалі ніякіх спробаў звязацца.

«Гэта проста помста, – кажа Жыгар пра завочны суд. – Гэта максімум ад таго, што яны могуць зрабіць».

Ён тлумачыць, што рэжым Лукашэнкі не зможа дацягнуцца да супрацоўнікаў «BELPOL» юрыдычным шляхам: усе маюць статус міжнароднай абароны. Калі хтосьці хоча такім судом атрымаць для сябе «палітычныя бонусы», дык гэта, на думку суразмоўцы, «даволі смешна і наіўна».

Жыгар адзначае, што гэты завочны суд для арганізацыі не мае зусім ніякага значэння – на тле таго, што цяпер за кратамі тысячы палітычных зняволеных, што прайшлі праз рэпрэсіі больш за сотню тысяч чалавек і сотні тысяч пакінулі Беларусь праз пагрозу рэпрэсіяў.

Праўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, юрыст Міхаіл Кірылюк
Праўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, юрыст Міхаіл Кірылюк. Варшава, Польшча. 22 студзеня 2024 года. Скрыншот: Белсат

Дык навошта ладзяць гэты і іншыя завочныя суды? Праўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, юрыст Міхаіл Кірылюк тлумачыць «Белсату»: рэжым Лукашэнкі спадзяецца на ўдалы транзіт улады да пераемніка Лукашэнкі, а завочныя выракі павінны перашкодзіць асуджаным удзельнічаць у далейшым палітычным жыцці. Сам Кірылюк не лічыць, што гэта перашкодзіць завочна асуджаным.

Завочныя суды, заўважае Кірылюк, існуюць і ў іншых краінах. Але ў Беларусі не выконваюцца працэсуальныя нормы: абвінавачаныя не могуць атрымаць матэрыялы справы, адвакаты з імі не звязваюцца (паводле звестак суразмоўцы, адвакатам проста забаронена звязвацца з завочна падсуднымі). Няма ніякіх юрыдычных падставаў, каб такія працэсы праходзілі ў закрытым і сакрэтным рэжыме.

Гэта шкодзіць не падсудным, а жыхарам краіны, у якой іх судзяць, лічыць Кірылюк. Такія парушэнні законаў зніжаюць інвестыцыйную прывабнасць краіны, робяць кожнага беларуса бяднейшым у доўгай перспектыве.

І за гэта можна пакараць тых, хто парушае закон у завочных судах, у тым ліку завочна назваць падазраванымі іх саміх:

«Ужо зараз ёсць добрыя прыклады, – кажа Кірылюк. – Напрыклад, тыя людзі, якія садзілі „Boeing“ – тром з іх ужо амерыканская пракуратура ў штаце Нью-Ёрк выставіла абвінавачванні. Шэсць асобаў з Беларусі абвешчаныя ў вышук польскай пракуратурай, у тым ліку Шапяцько – кіраўнік сумнавядомага [ізалятару на] Акрэсціна».

Юрыст бачыць вялікую розніцу між дзеяннямі беларускіх уладаў і міжнародным правам. Ён упэўнены: калі ўлада ў Беларусі зменіцца «на каго заўгодна», ніводная цывілізаваная краіна не пачне прызнаваць злачынцамі тых, каго цяпер завочна судзяць у Беларусі.

Але, працягвае Кірылюк, калі ўявіць, што Лукашэнка аддасць уладу нават самаму блізкаму чалавеку, як то старшыні Савету Рэспублікі Наталлі Качанавай, дык тая можа пачаць дамаўляцца з Еўразвязам ці Злучанымі Штатамі на зняцце санкцыяў і нават выдаць у абмен на гэта злачынцаў, якія ў міжнародным вышуку.

«У іх шанец трапіць у турму нашмат большы, чым у тых людзей, каго яны зараз судзяць у завочных судах», – лічыць юрыст.

Завочна асуджаных маглі б патрабаваць выдаць «у нармальнай сітуацыі», заўважае ён. Беларусь мае дамовы аб прававой дапамозе з рознымі краінамі, у тым ліку з «несяброўскай» Польшчай. Але для палітычнага пераследу гэтыя дамовы не працуюць: так, польскія суды ўжо адмаўлялі беларускім уладам у выдачы людзей, якіх пераследуюць з відавочна палітычных матываў.

Каментар
Што такое ўніверсальная юрысдыкцыя і хто з лукашэнкаўскіх чыноўнікаў панясе адказнасць паводле яе?
2023.09.19 16:13

Лілія Гусарава, Валянцін Васіленка, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў