Злачынцаў рэжыму Лукашэнкі ўпершыню абвесцілі ў міжнародны вышук


Пракуратура Польшчы выдала еўрапейскі ордар на арышт начальніка Акрэсціна і ягонага намесніка, а таксама на шэраг іншых беларускіх сілавікоў. Пра гэта паведамілі ў Народным антыкрызісным упраўленні.

ЦІП на Акрэсціна. Менск. Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

НАУ паведамляе пра дадзеныя шасці сілавікоў рэжыму Лукашэнкі, якіх падазраюць у здзяйсненні злачынстваў на тэрыторыі Беларусі ў 2020 годзе. Яны аб’яўлены ў міжнародны вышук.

Іх прозвішчы і пасады на момант учынення злачынстваў:

  • Яўген Шапяцько – маёр, начальнік ЦІП Акрэсціна;
  • Глеб Дрыль – маёр, намеснік начальніка ЦІП Акрэсціна;
  • Дзмітрый Страбкоў – начальнік папраўчай установы «Турма №8 г. Жодзіна»;
  • Яўген Савіч – прапаршчык міліцыі, АМАП ГУУС Менгарвыканкаму;
  • Юлія Сакалова – старшая лейтэнантка міліцыі, АГІМ ГУУС Менгарвыканкаму;
  • Карына Валуйская – прапаршчыца міліцыі, патрульна-паставая служба міліцыі Фрунзенскага РУУС Менску.
Злачынцы рэжыму Лукашэнкі, якіх абвесцілі ў міжнародны вышук. Крыніца: nau_belarus / Telegram

Яны падазраюцца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных часткай 3 арт. 189 КК Польшчы «Учыненне злачынства, звязанага з пазбаўленнем волі чалавека, учыненага з асаблівай жорсткасцю».

Інфармацыя аб падазраваных апублікаваная дзяржаўным тэлеканалам Польшчы на падставе звестак пракуратуры Польшчы. У дачыненні да вышэйзгаданых асоб выдадзены еўрапейскі ордар на арышт.

Каманда Народнага антыкрызіснага упраўлення супрацоўнічае з трыма адвакацкімі бюро ў Польшчы і адным у Літве, а таксама праваабаронцамі ў Швейцарыі, Нямеччыне і іншых краінах. Абвяшчэнне ў вышук сілавікоў Лукашэнкі стала вынікам супольнай працы НАУ, польскага адваката Томаша Вілінскага, прадстаўнікоў Кіберпартызанаў, BYPOL і іншых няўрадавых арганізацый.

Да таго НАУ просіць беларусаў, якія пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў, звяртацца да іх праз кантакты на сайце НАУ ці чат-бот НАУ у Telegram @nau_by_bot. Разам з мясцовымі адвакатамі вам дапамогуць скласці заявы ў органы пракуратуры незалежна ад краіны вашага пражывання.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў