ISW: Расея рыхтуецца выкарыстоўваць Прыднястроўе для апраўдання эскалацыі ў рэгіёне


Расея спрабуе выкарыстоўваць непрызнанае Прыднястроўе з мэтаю дэстабілізацыі сітуацыі ў Малдове. У прыватнасці Крэмль рыхтуе інфармацыйную глебу для апраўдання сваёй эскалацыі ў рэгіёне. Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Прыднястроўе. Крыніца: УНІАН

Згодна з аналітыкамі ISW, у канцы 2023 года ўлады Малдовы абвінавацілі расейскіх міратворцаў у шматлікіх парушэннях. Гэтак, яны неналежным чынам выкарыстоўвалі дроны падчас вучэнняў, што выклікала інфармацыйную атаку з боку пракрамлёўскага ваеннага блогера.

Чальцы малдаўскай дэлегацыі ў Аб’яднанай кантрольнай камісіі АБСЕ падчас паседжання 18 студзеня патрабавалі правесці расследаванне ў дачыненні расейскіх вайскоўцаў. Міратворцы выкарыстоўвалі стралковую зброю, БПЛА і імітацыйную зброю падчас вучэнняў у адбіцці дыверсійнага нападу на міратворчую заставу ў малдаўскай зоне бяспекі ў снежні 2023 года.

Улады Малдовы заявілі, што прысутнасць і выкарыстанне расейскімі міратворчымі сіламі гэтай зброі ў зоне бяспекі парушае пратаколы. Пры гэтым расяяне не раскрылі належным чынам некаторых з гэтых узбраенняў і беспілотнікаў.

У адказ знаны расейскі блогер абвінаваціў Малдову ва ўзмацненні ціску на непрызнанае Прыднястроўе праз заклікі да вываду расейскіх міратворцаў і праз эканамічны ціск. Паводле яго, урад краіны наклаў «падвойнае» мыта на прыднястроўскі бізнес, што складае прыблізна $ 16 млн. Гэта нібы прывядзе да росту кошту жыцця ў Прыднястроўі.

Як нагадалі аналітыкі ISW, апошнія змены ў Мытны кодэкс Малдовы патрабуюць ад прыднястроўскіх прадпрыемстваў плаціць увазное мыта ўраду Малдовы, у той час як раней гэтыя прадпрыемствы плацілі толькі ўраду Прыднястроўя. Пракрамлёўскі блогер абурыўся, што гэта нібыта спрыяе «гвалтоўнай рэінтэграцыі» Прыднястроўя ў склад Малдовы, а Расея павінна рыхтавацца да далейшай эскалацыі, нагадваючы нядаўнія абвінавачванні прэзідэнта Прыднястроўя Вадзіма Краснасельскага.

«Заявы звязанага з Крамлём расейскага ваенкара і абвінавачванні Краснасельскага, імаверна, ёсць часткай інфармацыйнай аперацыі, скіраванай на дэстабілізацыю Малдовы, якая мяжуе з чальцом NATO Румыніяй, і апраўданне любой будучай расейскай эскалацыі ў рэгіёне», – гаворыцца ў справаздачы ISW.

Як вядома, Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка – гэта непрызнаная самаабвешчаная дзяржава на тэрыторыі Малдовы.

У сакавіку 2022 года ПАРЕ афіцыйна прызнала Прыднястроўе зонаю расейскай акупацыі.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў