Саўмін перагледзеў сваю ж забарону на разбіранне птушкі ў крамах


Савет Міністраў перагледзеў сваю забарону на разбіранне тушак птушкі ў крамах, уведзеную ў кастрычніку. Цяпер абмежаванне распаўсюджваецца толькі на тушкі курэй і бройлераў. Пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

Прадукты харчавання ў Беларусі.
Фота: Белсат

Раней у гандлёвых аб’ектах нельга было разбіраць на часткі любых птушак, а ў новым дакуменце гаворыцца, што цяпер забарона распаўсюджваецца толькі на курэй і куранятаў-бройлераў. Гэта значыць іншых птушак, качку ці індыка, можна будзе разбіраць у крамах.

Савет Міністраў у кастрычніку ўвёў забарону, бо гандлёвыя пляцоўкі такім чынам спрабавалі абысці абмежаванне ў росце коштаў. Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на хітрасць птушкафабрык, якія прыдумалі такі спосаб абыходу абмежаванняў на павышэнне цэнаў, за гэтымі харчамі ўвялі жорсткі кантроль.

«Расчлянілі дохлую курыцу, увапхнулі ў поліэтыленавы пакет – новы тавар. А людзі вымушаны купляць тыя ж прадукты, але чамусьці па больш высокай цане. Разумееце, да чаго дайшлі: цэлая тушка кураняці каштуе два рублі, а напалову расчлянёная – пяць рублёў, да прыкладу. А што здарылася, чаму ў два-тры разы падаражэў тавар? Таму што вы яго напалову разрэзалі?» – абураўся тады Лукашэнка.

Пасля гэтага Міністэрства антыманапольнага рэгулявання ўвяло абмежаванні, што кошт двух паўтушак, пярэдняй і задняй чвэрці тушкі не павінен перавышаць кошту цэлай тушкі ў пераліку на адпаведную вагу, а кошт іншых частак тушкі мае складацца з кошту тушкі, павялічанага на 10 %.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў