«Занадта моцна». У Варшаве адбылася прэм'ера фільму пра журналістак «Белсату» – «У жывым эфіры»


20 лістапада ў межах фестывалю беларускага незалежнага кіно «Bulbamovie 2022» адбылася варшаўская прэмʼера кароткаметражнай стужкі рэжысёркі Мары Тамковіч «У жывым эфіры» («Na żywo»). Фільм распавядае гісторыю затрымання падчас трансляцыі з плошчы Пераменаў у Менску журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай. Дарʼя, якая адбыла ў калоніі 2 гады і выйшла на свабоду 3 верасня 2022-га, была ў зале…

Дар’я Чульцова – журналістка «Белсату», гераіня гісторыі, якую ўзнаўляе фільм Мары Тамковіч «У жывым эфіры», – на дыскусіі пасля паказу ў кінатэатры «Iluzjon» у межах кінафестывалю «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

«Ужо не першы раз бачу гэты фільм, але да гэтага глядзела яго на маленькім экране. І тады не так уразіла, хоць бачыла ўсе гэтыя кадры, якія сама здымала. Але цяпер гэта было… занадта, занадта моцна. Я не магла, мяне дагэтуль калоціць. Паліліся слёзы… Усе гэтыя кадры, усё перажываеш нанава, быццам вяртаешся туды, – прызналася падчас дыскусіі, зладжанай пасля прэмʼеры фільму «У жывым эфіры», журналістка «Белсату» Дарʼя Чульцова.

«Я б хацела паглядзець гэты фільм вачыма звычайнага чалавека, які ў гэтым не браў удзелу… Цікава, як гэта ўспрымаецца іншымі, а не мною», – дадала журналістка.

Зала кінатэатру «Iluzjon» у гэты дзень была запоўненая цалкам, квіткі на прэм’еру раскупленыя яшчэ напярэдадні.

Чорны кадр і… «Ляжаць!»

Дзве журналісткі Алена (Аляксандра Вайцэховіч) і Вольга (Паліна Чабатарова) выходзяць у жывы эфір незалежнага беларускага тэлебачання 15 лістапада 2020 года, каб распавесці, што адбываецца на менскай плошчы Пераменаў. 99-ы дзень пратэстаў у Беларусі. Дзяўчыны здымаюць з кватэры незнаёмага менчука (Андрэй Новік). «Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Сыходзь!», але найчасцей гучыць лозунг «Трыбунал!», – гучыць голас Алены.

Прэм’ера фільму Мары Тамковіч «У жывым эфіры» у кінатэатры «Iluzjon» у межах кінафестывалю «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

І раптам – дрон. Ён уздымаецца над гаўбцом, з якога здымае Вольга. Журналісткам загадваюць з рэдакцыі скончыць трансляцыю. Аднак калі на плошчы пачынаецца разгон і хапун, Алена пастанаўляе працягнуць стрым. У падʼездзе ўжо амапаўскія мацюкі, грукат у дзверы. Дзяўчыны чуюць, як ломяцца да суседзяў. І – выходзяць…

Фільм трывае крыху больш за 10 хвілінаў і заканчваецца чорным кадрам, агучаным звярыным рыкам амапаўцаў «Ляжаць!».

Рэжысёрка і сцэнарыстка стужкі «У жывым эфіры» Мара Тамковіч падкрэсліла падчас дыскусіі, што гэта ігравы фільм, а вобразы гераінь не капіююць характараў журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай. Таму гераіні маюць іншыя імёны. Хада падзеяў у сюжэце таксама пераасэнсаваная (у рэальнасці журналісткі былі затрыманыя ў кватэры).

Гледачы фільму Мары Тамковіч «У жывым эфіры» у кінатэатры «Iluzjon» у межах фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

«Рэч у тым, што мне было важна перадаць той эмацыйны стан, у якім былі дзяўчыны, калі павінны былі зрабіць важны выбар. Выбар, які рабілі не толькі яны, але на той час – усе беларусы», – патлумачыла Мара Тамковіч.

«Два гады мінула – і стала яшчэ горш»

Мара Тамковіч вырашыла расказаць гледачам гэтую гісторыю, бо яна аказалася вельмі блізкай да яе. Не толькі геаграфічна і палітычна, але нават на ўзроўні сямʼі: муж Мары, журналіст Юрась Высоцкі, каардынаваў у той вечар стрым з плошчы Пераменаў, і гэта ягоны голас мы чуем у фільме, калі Алена (Кацярына) пытае, ці можа працягваць трансляцыю («Калі мы не пакажам – ніхто не пакажа»).

Мара Тамковіч – рэжысёрка фільму «У жывым эфіры» на дыскусіі пасля прэм’еры фільму ў кінатэатры «Iluzjon» у межах кінафестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

Сцэнар фільму ўзнік увесну 2021 года і стаўся, паводле Мары Тамковіч, «вынікам пачуцця бяссільнасці»: калі назіраеш за падзеямі здалёк, з іншай краіны, адчуваеш бяссілле, і трэба нешта рабіць. Рэжысёрка прызналася, што было прынцыпова, каб у фільме здымаліся беларускія акторкі. Кажа, што не шукала стоадсоткавага падабенства з прататыпамі, але ў выпадку Дарʼі Чульцовай і Паліны Чабатаровай – удалося.

Даша і Паліна падчас сустрэчы сядзелі поплеч і сапраўды выглядалі як сёстры.

«Гісторыя Кацярыны і Дашы – гэта доказ таго, наколькі шмат у Беларусі светлых і чыстых людзей. Над нашаю краінаю цяпер навісла вялізнае зло. І калі яно згіне, яно, а яно згіне абавязкова, Беларусь стане вельмі светлаю краінаю. Тое, што зрабілі Даша, Каця і мноства іншых беларусаў, – гэта вялікі подзвіг», – сказала на сустрэчы акторка Паліна Чабатарова, якая сыграла ў фільме аператарку Вольгу (Дарʼю Чульцову).

Дыскусія пасля паказу фільму «У жывым эфіры» у кінатэатры «Iluzjon» у межах фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Справа – журналістка Дар’я Чульцова. Злева – акторка фільму, якая грае ролю Дарʼі Чульцовай. Варшава, Польшча. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

Дарʼя Чульцова прызналася, што не можа пакуль адказаць на пытанне, як яе змяніла турэмная рэчаіснасць:

«Я не магу сказаць, што канкрэтна са мной адбываецца, не хачу ў гэтым разбірацца. Спрабую займацца іншымі пытаннямі, праблемамі і справамі. Але, напэўна, у мяне зʼявіліся сілы, каб успрымаць рэчаіснасць, якою б яна ні была, і пры гэтым не страціць розуму».

Дар’я зазначыла: што б ні рабілі цяпер беларусы і што б ні рабіла Еўропа, у Беларусі робіцца толькі горш:

«Два гады мінула і стала яшчэ горш. Яшчэ больш рэпрэсіяў, і нічога не заканчваецца… Я не ведаю, што тут можна рабіць і ці дастаткова нейкіх дзеянняў. Тое, што я бачу, – гэта свет дагары нагамі».

«Дзеля чаго?..»

У сваёй прамове Дарʼя Чульцова згадала палітзняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву, якая не можа быць на прэмʼеры фільму ў Варшаве, бо надалей адбывае турэмны тэрмін у Беларусі.

«Я дасюль не магу гэта прыняць і перажыць», – прызналася журналістка «Белсату».

Гледачы фільму Мары Тамковіч «У жывым эфіры». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

Акторка Аляксандра Вайцэховіч, якая выканала ў фільме ролю журналісткі Алены (Кацярыны Андрэевай), задала ў канцы дыскусіі ці не найважнейшае для шмат каго з беларусаў пытанне: дзеля чаго?..

«Дзеля чаго цяпер Каця губляе, можа быць, найлепшыя гады свайго жыцця? Дзеля чаго пацярпела столькі людзей і семʼяў? У канцы фільму «Гладыятар» гучыць такая фраза: «Ці варты Рым жыцця аднаго добрага чалавека? Спадзяюся, што варты». Дык ці вартая Беларусь жыцця хоць бы аднаго чалавека? Спадзяюся, што вартая…» – сказала Аляксандра Вайцэховіч.

Прэмʼера фільму «У жывым эфіры» беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч адбылася ў верасні 2022 года на фестывалі ігравых фільмаў у Гдыні (спецыяльная ўзнагарода). На кінафестывалі ў Чыкага фільм атрымаў прыз «Silver Hugo Award». Прэмʼера стужкі ў Варшаве адбылася ў межах фестывалю незалежнага беларускага кіно «Bulbamovie», які праходзіў у польскай сталіцы 18–20 лістапада. Паказы адбываліся ў варшаўскім кінатэатры «Iluzjon».

Прэм’ера
«Смешна, абсурдна, страшна!» На кінафестывалі «Bulbamovie» паказалі пілотны эпізод серыялу «Працэсы»
2022.11.20 11:09

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў