Праяданне валюты працягнецца. Беларусі прадказалі рост дэфіцыту вонкавага гандлю


У студзені – ліпені сёлета адмоўнае сальда вонкавага гандлю перавысіла $100 млн, і гэта толькі пачатак, мяркуе эканаміст даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык. Ён чакае, што дэфіцыт будзе расці, калі эканамічныя ўлады не зменяць сваю палітыку, а такіх перадумоваў пакуль няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Два месяцы запар Беларусь праядала валюту: у студзені – ліпені сёлета дэфіцыт вонкавага гандлю склаў год да года $100,3 млн. Пакуль гэта некрытычна, аднак усё можа змяніцца, калі эканамічныя ўлады захаваюць цяперашнюю палітыку. Пра гэта заявіў эксперт даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык, распавядаючы пра эканамічную актыўнасць і інфляцыю ў Беларусі ў жніўні. Прэзентацыю для журналістаў наведаў карэспандэнт «Белсату».

«Улічваючы, што пакуль не бачна якіх-кольвек зменаў ва ўнутранай эканамічнай палітыцы, маюцца перадумовы да таго, што сальда вонкавага гандлю застанецца дэфіцытным. Дэфіцыт можа паступова пашырацца. Пакуль гэта не выглядае крытычна, аднак калі эканамічная палітыка застанецца надмерна мяккаю, то дысбалансы будуць узрастаць», – падкрэсліў аналітык.

Адмоўнае сальда вонкавага гандлю ён растлумачыў росквітам імпарту, які расце праз стымуляванне ўладамі ўнутранага попыту, а таксама павелічэннем імпарту паслугаў, што можа быць звязана з новымі лагістычнымі ланцужкамі для паставак беларускіх тавараў за мяжу. Пры гэтым экспарт паслугаў, які выцягваў сальда ў плюс, упаў – найперш з увагі на стагнацыю ў IT і грузаперавозках.

«На экспарт тавараў уплывае зніжэнне цэнаў на вонкавых рынках, у тым ліку ў доларах кошты ўпалі на расейскім рынку праз аслабленне расейскага рубля да долара. І прадпрыемствы агулам упіраюцца ў столь вытворчых магчымасцяў: хутка нарошчваць экспарт складана, а задавальненне попыту, што стымулюецца, патрабуе болей імпарту. Таму сальда пагаршаецца», – адзначыў Харытончык.

Аналітыка
Беларусь перастала назапашваць валюту. Эканаміст: у нас праблемы
2023.09.12 16:15

Эканаміст таксама папярэдзіў пра заўважны рост гадавой інфляцыі ў Беларусі ў кастрычніку. З большага гэта звязана з дэфляцыяй у кастрычніку летась:

«Летась у кастрычніку ў выніку рэгулявання цэны ў нас знізіліся на 1%. Таму калі ў гэтым кастрычніку цэны нават не зменяцца, гэта ўжо дадасць нам да агульнай гадавой інфляцыі 1%. А кошты, хутчэй за ўсё вырастуць. У верасні мы, імаверна, убачым мінімум гадавой інфляцыі, ніжэй за 2%, а вось у кастрычніку будзе дастаткова буйны рост».

Паводле ацэнак аналітыка, сёлета інфляцыя будзе ў дыяпазоне 5–7%.

Экспрэс-аналіз даследчага цэнтру BEROC эканамічнай актыўнасці і інфляцыі ў Беларусі ў жніўні 2023 года. Крыніца: BEROC

Што тычыцца спадзявання ўладаў на рост ВУП сёлета ў 3,8%, то дасягнуць гэтага паказніка будзе складана. А калі і атрымаецца, то коштам назапашвання дысбалансаў, папярэдзіў эксперт цэнтру BEROC:

«Мяркую, што будзе блізу 3%, можа, крыху болей з улікам таго, што рост расейскай эканомікі застаецца большым за чаканы, і гэта моцна дапамагае беларускай прамысловасці. Калі ўсё-ткі будзе 3,8%, то гэта будзе спалучана з назапашваннем дысбалансаў, якія могуць выліцца ў паскарэнне інфляцыі».

Анатоль Харытончык назваў сёлетні рост беларускага ВУП часткова натуральным, бо летась эканоміка прасела, і цяпер «з’явілася прастора для ўзнаўлення, і гэта нармалёва, што мы пасля спаду раслі хутчэй»:

«Але часткова цяперашні рост залішні і дасягнуты за кошт звышвысілкаў у стымуляванні ўнутранага попыту. Пакуль гэтыя дысбалансы не крытычныя, аднак праблема ў тым, што яны стала назапашваюцца».

Інфляцыя можа разагнацца, а Нацбанку давядзецца рабіць больш жорсткай манетарную палітыку. «Калі гэта будзе, сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё, у другой палове наступнага года альбо ўжо ў 2025-м», – прадказаў аналітык.

Каментар
«Дэвальвацыя ідзе малымі крокамі». Долар сёлета падаражэў у Беларусі на 18 %
2023.09.13 14:24

Харытончык таксама пракаментаваў планы ўраду захаваць налета прагноз росту ВУП на ўзроўні тых жа 3,8%. «Гэта толькі «хацелкі», – сказаў эканаміст.

«Патэнцыйны рост ВУП – каля 1% у лепшым выпадку. Калі сёлета ў нас была прастора для ўзнаўлення, то налета яе не будзе, бо мы ўжо цяпер у невялікім перагрэве. Калі рост будзе 1% – гэта ўжо будзе даволі высокі вынік. Чакаецца запавольванне росту ў Расеі, сусветная эканоміка запавольваецца. Рост беларускага ВУП, калі і будзе, то ў дыяпазоне 0–1%», – падсумаваў эксперт.

Каментар
У задушлівых абдымках Расеі: што чакае эканоміку Беларусі і нацыянальную валюту
2023.09.01 18:19

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў