Беларусь перастала назапашваць валюту. Эканаміст: у нас праблемы


Нацбанк апублікаваў статыстыку вонкавага гандлю Беларусі сёлета, з якой вынікае, што два месяцы запар краіна імпартуе болей, чымся экспартуе. Дэфіцыт ужо перавысіў $ 100 млн. Эканаміст Дзмітрый Крук растлумачыў «Белсату», чаму так адбываецца, і папярэдзіў пра пагрозу раскручвання інфляцыі з дэвальвацыяй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Нацыянальны банк паведаміў: вонкавы гандаль сышоў у мінус. За студзень – ліпень адмоўнае сальда перавысіла $ 100 млн, і гэта папярэднія звесткі, то бок, калі пазней пералічаць, можа быць больш. Адначасова рэгулятар абнародаваў удакладненыя звесткі вонкавага гандлю ў студзені – чэрвені. Выявілася, што ўжо тады ўтварыўся дэфіцыт на $ 57,5 млн, хаця раней паведамлялася пра дадатнае сальда ($ 167,3 млн).

Параўноўванне сёлетняга гандлю ў студзені – ліпені з леташнім радасці не выклікае: экспарт тавараў вырас на 9,7 %, а імпарт – ажно на 21,3 %; экспарт паслугаў скараціўся на 6,4 %, а імпарт павялічыўся на 21,9 %. За сем месяцаў летась сальда вонкавага гандлю было дадатным, $ 3 млрд, сёлета сышло ў мінус.

Асноўная прычына такой сітуацыі – пагаршэнне цэнавай кан’юнктуры, адзначыў у каментары «Белсату» старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук. Цэны на беларускі экспарт падаюць, а імпарт, наадварот, даражэе:

«Калі мінулы год цэны не тое, што выратавалі, а нават больш – выцягнулі беларускі вонкавы гандаль у вельмі прывабную пазіцыю, то цяпер адбываецца супрацьлеглае: леташні цэнавы цуд фактычна знік».

Звесткі пра фізічныя аб’ёмы гандлю таварамі (у штуках, кілаграмах і літрах) вядомыя толькі да траўня, аднак эканаміст мяркуе, што тэндэнцыі захоўваюцца дагэтуль: калі імпарт істотна расце, то павелічэнне экспарту запаволілася.

«Фізічны аб’ём экспарту квола рос да траўня, і я на 99 % упэўнены, што гэта пераважна тлумачылася ростам продажу калійных угнаенняў. Што тычыцца іншых пазіцыяў, то калі рост і быў, то вельмі слабы. Цяпер нацбанкаўская статыстыка дае папярэдні сігнал: цалкам магчыма, што нават той кволы рост скончыўся і ў фізічным вымярэнні экспарт упёрся ў столь», – кажа Дзмітрый Крук.

Hавiны
Доля ЕЗ і Украіны ў вонкавым гандлі Беларусі за год абвалілася з 40% да 5%
2023.09.10 12:09

Да таго ж праз ваганні курсу расейскага рубля беларускія вытворцы страчваюць канкурэнтаздольнасць на рынку суседняй краіны – асноўнага гандлёвага партнёра.

«Калі летась расейскі рубель узмацняўся і гэта даволі штучна давала беларускім вытворцам дадатковы задзел канкурэнтаздольнасці, цяпер ідзе адваротны працэс, можна сказаць, што ён ужо адбыўся», – канстатаваў адмысловец.

Пры гэтым ён заўважыў, што вонкавы гандаль Беларусі яшчэ летась мусіў быць у такім становішчы, як цяпер, калі б не пашчасціла:

«Я не сказаў бы, што цяпер сітуацыя істотна пагоршылася, хутчэй тое празмерна прывабнае становішча, што склалася летась, – вось яно было адхіленнем ад нармальнага стану. Мы фіксуем пагаршэнне ў параўнанні з мінулым годам, але гэта вяртанне да натуральнага стану».

Асобна Дзмітрый Крук спыніўся на імпарце. Дэталёвую статыстыку хаваюць, таму можна толькі гадаць, што канкрэтна Беларусь набывае за мяжою і ці багата санкцыёнкі трапляе ў Расею праз нашую краіну.

«Гэтая тэндэнцыя да канца для мяне не зразумелая, што за ёй стаіць. Нейкі ўнёсак у павелічэнне імпарту дае разагрэў хатняга попыту – тое, што актыўна робіць урад, і накачваючы заробкі, і стымулюючы інвестыцыйныя планы дзяржаўных прадпрыемстваў», – кажа эканаміст.

У беларускую статыстыку хутчэй за ўсё трапляюць санкцыйныя тавары для Расеі, аднак незразумела, ці дакладна лічаць, ці ўлучаюць гэта ў экспарт або такая прадукцыя адлюстроўваецца толькі ў імпарце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«Як гэта ў выніку ўплывае на вонкавы гандаль – вялікае-вялікае пытанне. Не ведаю. Адказу няма, бо не хапае звестак. Калі ж меркаваць, што санкцыёнкі для Расеі багата і яна ўлучаная ў статыстыку беларускага экспарту, гэта такі фіктыўны імпарт, які не вельмі істотна ўплывае на Беларусь», – заявіў суразмоўца «Белсату».

Што тычыцца паслугаў, то скарачэнне іх экспарту – наўпроставае наступства крызісу ў IT-галіне. Рэлакацыя праграмістаў, закрыццё офісаў, зыход кампаніяў – пакуль гэта не спыніцца, лепей не стане.

«IT-сектар – галоўны сектар, які генераваў экспарт паслугаў. І паколькі ён скарачаецца, адпаведна, скарачаецца і яго экспарт. Гэта тэндэнцыя да той пары, пакуль IT будзе працягваць сціскацца. Трэнд непазбежны, і калі ён скончыцца, невядома», – канстатуе Крук.

Каментар
У задушлівых абдымках Расеі: што чакае эканоміку Беларусі і нацыянальную валюту
2023.09.01 18:19

Адмоўнае сальда вонкавага гандлю, што ўжо склалася ў Беларусі, некрытычнае для «эканомікі здаровага чалавека»: эксперт кажа, што краіны ў нармальнай сітуацыі могуць дазволіць сабе дэфіцыт на 2-3 % ВУП. Гэтыя страты можна пакрыць інвестыцыямі і крэдытамі. Раней і ў Беларусі была такая магчымасць.

«Цяпер гэта праблема, бо патэнцыйных крыніцаў фінансавання дэфіцыту амаль няма. Дзе знайсці інвестараў, якія захочуць укладацца ў беларускую эканоміку, дзе знайсці крэдыты? Адзіны магчымы варыянт – Расея. Сітуацыя ўнікальныя тым, што нават невялікі дэфіцыт, які б не быў праблемаю ў 2018–2019 гадах, цяпер можа стаць крытычным», – падкрэсліў Крук.

Паўгода, можа, крыху болей дэфіцыт можна кампенсаваць золатавалютнымі рэзервамі: фактычна праядаць запасы. Аднак гэта толькі часовае выйсце. Цяпер замаячыла перспектыва знаёмай беларусам дэвальвацыі, а разам з ёю – і інфляцыі:

«Абсалютна нармальны інструмент, каб перадухіліць дэфіцыт вонкавага гандлю, – абясцэньванне нацыянальнай валюты. І менавіта гэтае пытанне стане на парадку дня. Але ва ўмовах, калі расейскі рубель сам абясцэньваецца да долара, гэта будзе прыводзіць да даволі істотнага інфляцыйнага ўсплёску адначасова. Галоўная рызыка – пераход да інфляцыйна-дэвальвацыйнай спіралі».

Пагатоў эканамічныя ўлады ўжо падрыхтавалі глебу для разгону інфляцыі. Вобразна кажучы, засеялі і ўгнаілі, засталося дачакацца, калі ўзыдзе.

«Тое, што яны апошнія 7-8 месяцаў робяць у манетарнай палітыцы, раскручваючы крэдытаванне, напампоўваючы эканоміку грашыма, – гэта толькі спрыяе. Глеба для інфляцыйнага ўсплёску падрыхтаваная», – канстатаваў суразмоўца «Белсату».

Інфаграфіка
Адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі перавысіла ў Беларусі $2 млрд
2023.09.04 19:37

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў