У задушлівых абдымках Расеі: што чакае эканоміку Беларусі і нацыянальную валюту


Як сёння вызначаецца курс беларускага рубля да замежных валютаў, як ўплывае курс расейскага рубля на сітуацыю на валютным рынку і чаго беларусам чакаць далей – пра гэта на тэматычным брыфінгу распавяла старшэйшая навуковая супрацоўніца BEROC Настасся Лузгіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Юані замест «таксічных» еўраў

Курс беларускага рубля сёння ўсталёўваецца рыначным шляхам з пэўным умяшаннем з боку Нацыянальнага банку ў выглядзе валютных інтэрвенцыяў, нагадала Настасся Лузгіна. Ён вызначаецца на аснове гандляванняў на Беларускай валютна-фондавай біржы, дзе выкарыстоўваецца метад бесперапыннага двайнога аўкцыёну, які праходзіць з 10-й раніцы да гадзіны дня.

Курс рубля разлічваецца да кошыка валютаў. Кошык валютаў – гэта спосаб ацэнкі нацыянальнай валюты ў адносінах валютаў іншых краінаў, тых, з якімі Беларусь гандлюе найбольш актыўна і ў валюце якіх ажыццяўляюцца вонкавыя разлікі. На сённяшні дзень гэта долар ЗША, расейскі рубель і кітайскі юань.

«Першапачаткова ў валютны кошык уваходзіў еўра, але Нацбанк прыняў рашэнне выдаліць гэтую валюту і замест яе ўключыць юані. Калі паглядзець статыстыку за апошні год, робіцца зразумела, чаму: структура аб’ёму гандлю гэтымі валютамі памянялася. Вырасла доля расейскага рубля з 35 % да 55 %, доля долара скарацілася, практычна зведзены да нуля гандаль еўрамі, затое вырасла доля разлікаў юанямі. Таму еўра выведзены з кошыку валютаў – гандаль з ЕЗ абмежаваны, разлікі складана ажыццяўляць – долар і еўра лічацца «таксічнымі» валютамі недружалюбных краінаў. У Расеі гэты трэнд яшчэ больш актыўны: рост абаротаў гандлю кітайскімі юанямі перавысіў 40 %», – патлумачыла Настасся Лузгіна.

Паводле яе, беларускі рубель моцна залежыць ад дынамікі расейскага і ад яго паводзінаў на рынку. Гэта тлумачыцца ўсё большай залежнасцю беларускай эканомікі ад расейскай, ростам разлікаў у расейскай валюце. Але эканомікі дзвюх краінаў хоць і звязаныя, але не тоесныя: у апошні год назіраецца ўмацаванне беларускага рубля да расейскай валюты.

Станам на жнівень 2023 года ў валютным кошыку паслаблены расейскі рубель, моцны юань і долар, адзначыла эксперт. Што гэта значыць для нас? У першую чаргу – зніжэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў на расейскім рынку, больш танныя расейскія тавары ў Беларусі і больш дарагія – з іншых краінаў. Гэтая тэндэнцыя вельмі добра заўважная на рынках і ў крамах Беларусі, якія масава запаўняюцца расейскай прадукцыяй.

Разбор
«Пагроза ценявой эканомікі». Ад пачатку года гатоўкі ў Беларусі паболела на 28 %
2023.08.15 17:26

Што там з расейскім рублём?

Расейскі рубель значна аслабеў з пачатку 2023 года, у краіне павышаюцца цэны і паскараецца інфляцыя. У Расеі на сённяшні дзень інфляцыя паводле афіцыйных звестак застаецца на ўзроўні беларускай, гэта значыцца, складае 3,25 %. Аднак даследчы цэнтр «Рамір» палічыў інфляцыю, зыходзячы з сярэдняга чэка, і яна з пачатку вайны склала 47 %, а па стане на чэрвень 2023 года – 17 %. На думку Настассі Лузгіной, паколькі беларуская эканоміка звязаная з расейскай, такая сітуацыя можа падштурхнуць інфляцыю і ў Беларусі.

Будучы стан эканомікі Расеі і Беларусі. Дынаміка курсаў валютаў. Скрыншот з прэзентацыі на брыфінгу Настассі Лузгіной «Валютны рынак Беларусі: Трэнды, фактары ўплыву, перспектывы»

Цэнтральны банк Расеі ўсяляк спрабуе стабілізаваць сітуацыю на сваім валютным рынку і ўтрымаць курс на псіхалагічнай адзнацы 100 рублёў за адзін долар, каб не выклікаць панікі і ажыятажу. Так, напрыклад, ЦБ РФ пазапланава падняў уліковую стаўку з 8,5 % да 12 %, дамовіўся з экспарцёрамі пра рост продажаў валютнай выручкі на рынку, паколькі многія з іх аддаюць перавагу таму, каб захоўваць яе за мяжой. Эксперт прагназуе, што расейцы будуць утрымоўваць курс да апошняга.

У той жа час галоўныя прычыны, якія стымулявалі зніжэнне кошту расейскага рубля, нікуды не падзеліся: гэта пагаршэнне сальда гандлёвага балансу праз санкцыі.

Сальда гандлёвых аперацый пакуль застаецца станоўчым, але яно значна меншае, чымсьці было ў 2022 годзе. Тэмпы росту эканомікі Расеі застаюцца невысокімі, вагаюцца ў межах 1,2 %. Гэта ў два разы ніжэй за сярэдняе значэнне тэмпаў росту сусветнай эканомікі (3 %). Сітуацыя ўскладняецца тым, што існуюць абмежаванні ў разліках.

Вядуцца перамовы аб ажыццяўленні разлікаў у індыйскіх рупіях, аднак гэта – неканверсоўная валюта. Адна справа прадаць тавар, іншая – атрымаць за яго грошы. Расея і Беларусь шукаюць абыходныя шляхі разлікаў.

«Урад Беларусі абвясціў, што ў 2024 годзе плануецца далейшы рост гандлю і экспарту на расейскі рынак. Таму Расея застаецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі», – рэзюмавала Настасся Лузгіна.

Якія фактары ўплываюць на курс беларуска рубля

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў звольніць кіраўніка ўраду ды іншых чыноўнікаў, калі яны не забяспечаць росту беларускай эканомікі. Таму ў эканамічнай палітыцы дзяржавы стаіць задача любой цаной павялічыць ВУП на 3,8 %, да ўзроўню мінулага года. Дасягнуць гэтай мэты планавалася за кошт мяккай эканамічнай палітыкі стымулявання і інвестыцыяў, пераважна за кошт імпарту.

Як сведчыць статыстыка, імпарт сапраўды расце.

За першае паўгоддзе 2023 года спажывецкіх нехарчовых тавараў увезена ў краіну на 92 % больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года, інвестыцыйных – амаль на 65 %. Гэта значна апярэджвае экспарт, што адмоўна адбіваецца на сальда гандлёвага балансу. Гэтак, дадатнае сальда таварамі і паслугамі знізілася з 2,48 млрд долараў ЗША ў студзені – чэрвені 2022 года да менш за 170 млн долараў у студзені – чэрвені 2023 года. Калі тэндэнцыя працягнецца, гандлёвае сальда можа сысці ў адмоўныя значэнні, такім чынам стварыўшы ціск на валютным рынку Беларусі.

Стымуляванне ўнутранага попыту – спажывецкай актыўнасці на ўнутраным рынку, нарошчванне бюджэтных расходаў стварае рызыкі перагрэву эканомікі, ціску на цэны і раскручвання інфляцыі, нагадала экспертка.

Сёння мы бачым мяккую крэдытна-грашовую палітыку Нацбанку Беларусі, які не раз на працягу года зніжаў стаўку рэфінансавання, што стымулюе крэдытаванне насельніцтва і прадпрыемстваў, разважае Настасся Лузгіна. Таксама адбываецца рост рэальных заробкаў: у чэрвені 2023 года ён склаў 15 % да анадагічнага перыяду 2022 года. У ліпені паказнік крыху знізіўся, да 14,4 %.

Гэта, акрамя іншага, звязана таксама з дэфіцытам працоўнай сілы: працадаўцы вымушаныя павышаць зарплату, каб захаваць старых супрацоўнікаў або наняць новых. Аднак Настасся Лузгіна падкрэслівае: людзі выдаткоўваюць грошы, не ашчаджаюць. Рост заробкаў назіраецца ва ўсіх галінах: будаўніцтва, прамысловасць, сельская гаспадарка. Самыя сціплыя тэмпы росту – у галіне сувязі і інфармацыі, куды ўваходзіць IT. Гэтая галіна працягвае сціскацца, хоць раней была драйверам беларускай эканомікі.

Агляд
Звышзадача – разагнаць ВУП, астатняе другасна: да чаго гэта можа прывесці
2023.08.14 08:50

«Традыцыйныя валюты сыходзяць з рынку Беларусі – і гэта пэўны стрэс для эканомікі. Прыходзіцца пераходзіць на абмежавана канверсоўныя валюты: юані, рупіі. Гэта накладвае пэўныя рызыкі на гандаль з іншымі краінамі. Разам з тым, кітайскі аюнь прэтэндуе на званне рэгіянальнай валюты, і яго доля будзе расці ў разліках і з Беларуссю, і з Расеяй», – канстатуе эксперт.

Прагнозы на 2024 год

Калі ў расейскага рубля на валютным рынку будуць ваганні на ўзроўні 100 рублёў і трохі вышэй, беларускі Нацбанк наўрад ці пойдзе на нейкія жорсткія абмежаванні са свайго боку. Пачынаючы з 2015 года, нават калі адбываліся рэзкія змены на валютным рынку, у тым ліку праз расейскі рубель, Нацбанк Беларусі максімум што рабіў – ажыццяўляў валютныя інтэрвенцыі для змяншэння ваганняў, нагадала Настасся Лузгіна. Падобныя паводзіны яна прагназуе і ў далейшым.

«Як будзе паводзіць сябе Нацбанк далей, будзе залежаць ад таго, што пераважыць: імкненне атрымаць заяўлены эканамічны рост або ўтрымаць інфляцыю ў азначаных параметрах. У Беларусі ёсць жорсткі кантроль над коштамі, таму складана сказаць, якой цяпер была б інфляцыя, калі б такога рэгулявання не было. Аднак інфляцыйны брыль, які нарастае, хутчэй за ўсё паскорыць дынаміку цэнаў у канцы года, што таксама адаб’ецца на дынаміцы курсу беларускага рубля да замежных валютаў у бок яго зніжэння», – перакананая экспертка.

Кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што ў 2024 годзе плануецца падтрымоўваць рост беларускай эканомікі, і ён будзе вышэйшы за сярэднесусветны. Настасся Лузгіна нагадала пра тыя фактары рызыкі, якія могуць уплываць на курс беларускага рубля. Гэта сітуацыя на расейскім рынку: рэакцыя расейскай эканомікі на санкцыі, зніжэнне коштаў энерганосбітаў, адток капіталу і паскарэнне інфляцыйных працэсаў. І яшчэ адзін фактар – унутраны: эканамічная палітыка ўладаў Беларусі.

Тэндэнцыі сусветнай эканомікі, якія могуць ускосна паўплываць на курс беларускага рубля. Скрыншот з прэзентацыі на брыфінгу Настассі Лузгіной «Валютны рынак Беларусі: Трэнды, фактары ўплыву, перспектывы»

 

«Улады заявілі, што стымулёўная мяккая эканамічная палітыка будзе працягнутая. Гэта стварае інфляцыйныя і дэвальвацыйныя рызыкі. Калі нават утрымліваць курс беларускага рубля да замежных валютаў, ён некаторы час будзе стаяць на месцы, але потым усё роўна адбудзецца яго карэкцыя. Эканоміка ўсё роўна выйдзе ў свой раўнаважны стан, які дасягаецца за кошт карэктавання цэнаў і курсу – у нашым выпадку інфляцыі і дэвальвацыі», – падсумавала Настасся Лузгіна.

Каментар
Тэхнічны «адскок» ці трэнд? Што адбываецца на валютным рынку
2023.08.08 21:44

Саша Гоман / УК belsat.eu

 

Стужка навінаў