Расея бамбіць музеі, якія расказваюць і пра іх культурную спадчыну


Уначы 20 ліпеня Расея нанесла маштабныя ўдары па Адэсе і Мікалаеве. Сярод разбурэнняў ёсць будынкі, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць і знаходзяцца пад аховай ЮНЕСКА. Расказваем пра тое, як Расея знішчае тое, што датычыцца не толькі ўкраінскай, але і яе ўласнай гісторыі.

Ракетамі па культуры

20 ліпеня расейскія войскі правялі масіраваную атаку на ўкраінскія гарады, выпусціўшы па Адэсе і Мікалаеве 19 ракет і 19 дронаў-камікадзэ. На вялікі жаль, не ўсе з іх ўдалося збіць сілам украінскай супрацьпаветранай абароны. У выніку некаторыя ракеты трапілі ў гарадскую інфраструктуру абодвух гарадоў. Не абышлося і без чалавечых ахвяраў – адзін чалавек загінуў у Адэсе, у Мікалаеве пацярпелі 19 асобаў, 2 чалавекі загінулі. Безумоўна, чалавечыя страты – самае страшнае, што ёсць на гэтай бязлітаснай вайне…

Тым не менш сярод таго, што разбураецца ракетамі і бомбамі, ёсць і тое, што таксама мае вялікую каштоўнасць – гістарычныя будынкі. У выніку абстрэлаў ноччу 20 ліпеня ў Адэсе былі пашкоджаны будынкі двух музеяў, а таксама поўнасцю знішчана адна гісторыка-культурная каштоўнасць у Мікалаеве.

Пашкоджаныя будынкі музеяў у Адэсе і Мікалаеве.
Фота: Tkachenko.UA / Telegram

Міністр культуры Украіны Аляксандр Ткачэнка ў сваім тэлеграм-канале адзначыў, што вядома «пра пашкоджанне будынка Адэскага літаратурнага музея, у Адэскім археалагічным музеі пашкоджаны вокны і дзверы. У выніку ракетнага ўдару поўнасцю знішчаны будынак Мікалаеўскага абласнога цэнтра народнай творчасці і культурна-адукацыйнай працы, які размяшчаўся ў гістарычным будынку – помніку архітэктуры мясцовага значэння».

Таксама міністр адзначыў, што ў выніку гэтых абстрэлаў пад разбурэнні трапляе аб’ект Сусветнай спадчыны – гістарычны цэнтр Адэсы з партовай часткай.

Так, сапраўды, у студзені 2023 года гістарычны цэнтр Адэсы быў занесены ў спіс сусветнай спадчыны. Гэтае рашэнне было прынятае на сесіі ЮНЕСКА ў Парыжы, падчас якой цэнтр гэтага партовага ўкраінскага горада быў занесены ў асаблівы спіс аб’ектаў, што знаходзяцца пад пагрозай знішчэння. Згодна з прынятым дакументам, Адэса з’яўляецца адзіным горадам ва Украіне, у якім поўнасцю захавалася структура міжнароднага горада-парта, закладзеная яшчэ ў пачатку XVIII стагоддзя. У дакуменце таксама было прапісана, што у цэнтры горада налічваецца 42 помнікі культурнай спадчыны нацыянальнага і мясцовага значэння і што яму патрэбная дадатковая абарона.

Выключыць Расею з ЮНЕСКА

У сувязі з абстрэламі Адэсы Украіна звярнулася да ЮНЕСКА, каб засведчыць, што Расея наўмысна наносіць шкоду культурнай спадчыне ўсяго чалавецтва. На адмысловай нарадзе, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі гэтай міжнароднай арганізацыі, а таксама прадстаўнікі ўкраінскага Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі і МЗС, было падкрэслена што ў выніку нападаў расейскіх войскаў на Адэсу былі пашкоджаны музеі і дзясяткі помнікаў архітэктуры, якія знаходзяцца ў ахоўнай зоне.

На сустрэчы таксама адзначалася, што кожная дзяржава, якая падпісала Канвенцыю аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, абавязваецца не здзяйсняць ніякіх наўмысных дзеянняў, якія прама ці ўскосна могуць нанесці шкоду культурнай і прыроднай спадчыне, размешчанай на тэрыторыі іншых дзяржаў – удзельніц канвенцыі. А тая дзяржава, якая нанясе такую шкоду аб’ектам Сусветнай спадчыны, мусіць панесці адказнасць згодна з міжнародным правам. Сярод краін, якія падпісалі гэты дакумент, ёсць таксама і Расея.

Але, паводле словаў мэра Адэсы Генадзя Труханава, Расейская Федэрацыя зараз мэтанакіравана знішчае спадчыну Адэсы. У сувязі з гэтым Украіна выступіла з просьбай да кіраўніцтва ЮНЕСКА «разгледзець пытанне аб пазбаўленні Расеі членства ў арганізацыі».

«Я прашу міжнародную супольнасць падтрымаць пазіцыю Адэсы. Тэрарыстам не месца ў цывілізаваным грамадстве!» – падкрэсліў у сваім звароце Генадзь Труханаў.

Пашкоджаная спадчына: Адэскі археалагічны музей

Адэскі археалагічны музей, які пацярпеў у выніку расейскай атакі, з’яўляецца найбольш старым з музеяў такога профілю на тэрыторыі Украіны і краін СНД. Заснаваны музей быў яшчэ ў 1825 годзе на базе калекцыі, падоранай гораду адным з чыноўнікаў графа ВаранцоваІванам Бларамбергам. Тады ён атрымаў назву Адэскі гарадскі музей старажытнасцяў.

Адэскі археалагічны музей.
Фота: Wikipedia

У цяперашні будынак на вуліцы Ланжэронаўскай музей пераехаў у 1883 годзе. Выкананы ў стылі антычнай класікі, будынак упрыгожваўся прыгожымі вітрынамі, унутры былі адмыслова зробленыя стэлажы – пазней яны былі замененыя на больш сучасныя. А ў 2003 годзе рэканструкцыю перажыў і сам музей.

На сённяшні дзень у калекцыі музея налічваецца больш за 160 тысячаў экспанатаў. Сярод іх асабліва каштоўныя рэліквіі: залатыя і срэбраныя манеты, упрыгожанні, знойдзеныя ў скіфскіх і сармацкіх магільніках. Тут знаходзіцца адна з найбуйнейшых нумізматычных калекцый – манеты Грэцыі, а таксама з полісаў, размешчаных у Паўночным Прычарнамор’і, Старажытнага Рыма, Візантыі. Тут жа можна знайсці і залатнікі часоў князя Уладзіміра, а таксама манеты, якія чаканіліся за часамі Расейскай імперыі.

У Археалагічным музеі вялікая егіпецкая і антычная калекцыі, прадстаўлены так званы кіпрскі збор – адна з найбуйнейшых калекцый ва Усходняй Еўропе. Таксама ў музеі захоўваецца клад манет, знойдзеных у паселішчы Арлоўка Адэскай вобласці. Яны былі вырабленыя з залатога і срэбнага сплаваў у Кізіку, дзе з сярэдзіны III да сярэдзіны VII стагоддзя размяшчаўся рымскі манетны двор.

Пашкоджаная спадчына: Адэскі літаратурны музей

Сам Адэскі літаратурны музей быў заснаваны ў 1977 годзе, аднак размяшчаецца ён у гістарычным будынку – былым палацы князёў Гагарыных, які быў спраектаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя Людвігам Отанам. Знаходзіцца музей у цэнтры Адэсы, таксама па вуліцы Ланжэронаўскай. Паводле апісанняў мастацтвазнаўцаў, будынак уяўляе сабой вольную паўднёвую эклектыку і вылучаецца багаццем аздаблення інтэр’ераў з шырокім выкарыстаннем ляпніны. Да музея далучаны дворык, зроблены ў італьянскім стылі, у ім таксама можна знайсці Сад скульптур, заснаваны ў 1995 годзе.

Адэскі літаратурны музей.
Фота: Wikipedia

У адной з залаў гэтага будынка часта праводзіліся літаратурныя сустрэчы, на якіх выступалі такія пісьменнікі, як І. Бунін, А.М. Талстой, Э. Багрыцкі, Ю. Алеша, В. Катаеў. Тут жа праводзіліся вечарыны, прысвечаныя юбілейным датам такіх творцаў, як М. Гогаль, І. Тургенеў, М. Някрасаў, М. Лермантаў і іншыя.

Экспазіцыя музея размешчана ў 24 залах, дзе ў храналагічнай паслядоўнасці можна пазнаёміцца з літаратурным жыццём Адэсы, і ўсё гэта падмацоўваецца звесткамі з гістарычнага развіцця горада.

Усяго ў музеі можна азнаёміцца з творчасцю больш як 300 літаратараў. Тут жа прадстаўлены рэдкія кнігі, а таксама прыжыццёвыя выданні пісьменнікаў XIX стагоддзя, іхныя рукапісы, аўтографы, асабістыя рэчы, фотаздымкі і сямейныя альбомы.

Знішчаная спадчына ў Мікалаеве

Будынак Мікалаеўскага абласнога цэнтра народнай творчасці і культурна-адукацыйнай працы размяшчаўся па вуліцы Адміральскай і з’яўляўся помнікам архітэктуры трэцяй чвэрці XIX стагоддзя.

Будынак Мікалаеўскага абласнога цэнтра народнай творчасці і культурна-адукацыйнай працы.
Фота: 0512.com.ua

Да 1917 года дом належаў італьянцу Пятру Мянкіні, які быў інжынерам-тэхнікам і абіраўся ў Мікалаеўскую гарадскую думу, а таксама з’яўляўся чальцом гарадской управы. Ён шмат увагі надзяляў рашэнню праблем Мікалаева, аздабленню горада.

У кастрычніку 1885 года ў гэтым доме жыў расейскі паэт Васіль Багданаў, аўтар верша «Дубинушка», які пазней ператварыўся ў народную песню.

У 1920-я гады у будынку дзейнічаў тэатральны гурток, які яшчэ школьнікам наведваў Марк Лісянскі, аўтар песні «Дорогая моя столица», што з 1995 г. стаў афіцыйным гімнам Масквы.

Як сцвярджаецца ў паведамленнях украінскіх уладаў, будынак Мянкіні, у якім месціўся Мікалаеўскі цэнтр народнай творчасці, быў фактычна знішчаны. У той жа час расейскае Мінабароны сцвярджае, што ў раёне Мікалаева былі знішчаныя аб’екты паліўнай інфраструктуры і склады боезапасаў ЗСУ.

Курс на вынішчэнне

Вышэй пералічаюцца будынкі, якія былі пашкоджаныя і знішчаныя толькі за адну ноч. Аднак гэта далёка не першыя (і, верагодна, яшчэ, на жаль, не апошнія) аб’екты культурнай спадчыны Украіны, якія былі разбураныя падчас маштабнага ўварвання Расеі.

Станам на 7 ліпеня 2023 года ЮНЕСКА пацвярджае факт знішчэння або пашкоджання падчас вайны 259 аб’ектаў культурнай спадчыны Украіны. Сярод іх 112 рэлігійных пабудоў, 93 гістарычных будынкі і культурныя ўстановы, 19 помнікаў, 22 музеі, 12 бібліятэк і 1 архіў. І ў гэты пералік уключаныя толькі тыя выпадкі, што былі пацверджаны шматлікімі надзейнымі крыніцамі. Будынкі, у якіх былі выбітыя вокны ці дзверы, у гэты спіс не ўваходзяць. Такім чынам, можна меркаваць, што пашкоджаных культурных каштоўнасцяў у той ці іншай ступені значна больш.

І зараз ужо не ўяўляецца магчымым поўнасцю ўзнавіць спадчыну такіх каштоўнасцяў, як мастацкі музей імя Куінджы ў Марыупалі, у якім знаходзіліся арыгіналы карцін Івана Айвазоўскага і які 21 сакавіка 2022 года быў знішчаны авіяўдарам, ці Марыупальскі краязнаўчы музей, зруйнаваны бамбардаваннем разам з амаль усімі экспанатамі. Як і не аднавіць ужо драўляных цэркваў XIX стагоддзя – Нараджэння Багародзіцы ў Жытомірскай вобласці, Георгіеўскай царквы ў Заворычах і царквы Узнясення Госпада ў Лук’янаўцы на Кіеўшчыне, якія былі знішчаны ў выніку расейскіх абстрэлаў (яны, дарэчы, належалі да УПЦ Маскоўскага патрыярхату).

І гэты спіс можна працягваць яшчэ доўга-доўга. Істотна, што калі праглядаць інфармацыю пра гэтыя аб’екты, то адразу кідаецца ў вочы, што яна часта звязана з гісторыяй, якую расейцы лічаць выключна сваёй. То бамбяць і «сваё»?

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў