Забарона на публічную палітыку. Што будзе з выбарамі ў Беларусі?

Здымак з праекту «Нябачная траўма».
Фота: Леся Пчолка / Белсат

Рэжым Лукашэнкі спрабуе вярнуць беларускае грамадства ў стан татальнага падпарадкавання з дапамогай знішчэння публічнай палітыкі як такой. У гэтым працэсе можна правесці паралелі з тым, што сёння адбываецца ў Расеі, дзе абмяркоўваецца закон аб забароне ўдзельнічаць у выбарах грамадзянам, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкіх арганізацыяў, такіх напрыклад, як Фонд барацьбы з карупцыяй.

Думаю, ёсць высокая верагоднасць таго, што такія абмежаванні і забароны будуць уведзеныя ў Беларусі з мэтай мінімізаваць магчымыя электаральныя пагрозы ў будучыні. За гэтым намерам хаваецца жаданне кіроўнай эліты захаваць сістэму ў яе цяперашнім выглядзе на доўгія гады. Гэта значыць, што Лукашэнка не збіраецца абмяжоўваць сваё кіраванне 2025-м годам. Але для гэтага мала рэпрэсаваць актыўную частку грамадства, трэба стварыць яму зусім іншае аблічча, змяніць яго сацыяльны і псіхалагічны стан.

Гісторыі
«Нябачная траўма»: асабістыя гісторыі пацярпелых ад псіхалагічнага гвалту
2021.02.20 08:00

Сістэмнае ўздзеянне рэжыму мусіць прывесці да таго, што ў насельніцтва «занятак палітыкай», проста размовы пра палітыку будуць выклікаць страх і ўспрымацца як злачынства.

З гэтым працэсам звязаныя маштабныя інстытуцыйныя чысткі, замарозка бліжэйшых электаральных працэсаў. Зразумела, што ў аўтарытарнай Беларусі выбараў ніколі не было, але нават кантраляваны выбарчы працэс 2020 года прывёў да палітычнага крызісу. Таму арганізоўваць выбары пры захаванні бягучай сацыяльнай і палітычнай структуры грамадства небяспечна. Неабходна альбо змяніць структуру грамадства (электарату) і забараніць экстрэмістам-рэвалюцыянерам і іх дзецям удзельнічаць у выбарах, альбо адмяніць самі выбары.

Мяркуючы з выказванняў прадстаўнікоў рэжыму, мясцовыя выбары могуць быць перанесеныя на 2023 год, а «рэферэндум» па канстытуцыі могуць наогул не праводзіць.

Марш женщин
Жаночае шэсце свету ў Мінску. 5 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Ні выбары, ні новая «канстытуцыя» не нададуць Лукашэнку (сістэме) легітымнасці, устойлівасці або прызнання. Асноўная функцыя выбараў пры аўтарытарызме –электаральная легітымацыя. У Беларусі яна ўжо не працуе. Адпаведна, у выбарах няма ніякай патрэбы. Акрамя таго, выбары могуць пагоршыць крызісную сітуацыю ў краіне.

Даведка

З іншага боку, адсутнасць выбараў ці рэферэндуму не дэлегітымізуюць Лукашэнку больш, чым гэта ўжо адбылося. Улада Лукашэнкі і тых, хто пры ім, перайшла ўсе межы беззаконня. Таму яшчэ адна ліквідацыю «закона» не зробіць сістэму больш бяспраўнай. Усім зразумела і відавочна, што рэжым утрымліваецца чыстым тэрорам і прыкрываць гэты тэрор галасаваннем або захаваннем законнасці няма ніякага сэнсу.

У сваю чаргу арганізацыя і правядзенне выбараў і рэферэндуму, мабілізацыя і фальсіфікацыя запатрабуе велізарных намаганняў і задзеяння дадатковых рэсурсаў. Бо патрэбная элегантная перамога. Неабходна прыцягнуць 30 тысяч цалкам верных і лаяльных членаў камісіяў, якія будуць правільна лічыць і фальсіфікаваць бюлетэні. Але іх прыйдзецца кантраляваць, адабраць тэлефоны, браць падпіску аб невыдаванні, абараняць ад ціску, які так ці інакш будзе. Таксама неабходна сабраць па некалькі назіральнікаў на ўчастак (каб выканаць дэмакратычнасць працэдур) з тымі ж ўводнымі. Для запэўнівання бяспекі ўчасткаў і членаў камісіяў неабходна схаваць іх асобы (бо ўвага да іх будзе пільнай) размясціць па ўзброеным амапаўцы або салдаце унутраных войскаў. І ўсё гэта для таго, каб «правераныя людзі» спіскавым складам ўвайшлі ў саветы, з нулявым вынікам для сістэмы ў цэлым.

Самае галоўнае, трэба знайсці больш-менш адэкватных кандыдатаў, якія сваімі «ідэямі» або іх адсутнасцю не будуць раздражняць насельніцтва і падаграваць нянавісць да Лукашэнкі. Дурны кандыдат ва ўмовах крызісу і тэрору – гэта чарговы цвік у труну рэжыму. А дзе ўзяць столькі «адэкватных» і правераных кандыдатаў, якіх яшчэ і абараняць давядзецца.

У цяперашніх умовах «кандыдаты ад улады», якіх правядуць у Саветы па крыві і фальсіфікацыях –палітычныя смяротнікі.

Таму арганізацыя гэтых кампаній для рэжыму становіцца занадта затратнай і клапотнай, асабліва тады, калі краіна знаходзіцца на поўным ручным кіраванні і ў дэмакратычных дэкарацыях не мае патрэбы.

Акрамя таго, няма ўпэўненасці ў тым, што машына фальсіфікацыяў пасля выбараў 2020 года будзе працаваць без збояў і ўсе сябры камісіяў пагодзяцца фальсіфікаваць вынікі. Нават няважна, ці будзе кампанія апазіцыйных груп накіраваная на зрыў выбараў або на ўдзел. Рэсурс непадпарадкавання і сабатажу ўсё яшчэ вельмі велізарны, і ад рэжыму спатрэбіцца падвойная канцэнтрацыя намаганняў, каб мінімізаваць рызыкі і атрымаць пазітыўны эфект.

Але як я ўжо сказаў, пазітыўнага эфекту для рэжыму і так не будзе. Любыя выбары ці рэферэндум будуць працаваць супраць улады, як у працэсе іх арганізацыі, так і па выніках.

Да гэтага дадаецца фактар пэўнай непрадказальнасці, абумоўленай бягучым крызісам.

Зразумела, што для сістэмы, што страціла легітымнасць і шырокую сацыяльную падтрымку, спрашчэнне палітычнай рэальнасці найбольш прымальны варыянт. Рэжым не абмяжуецца толькі гэтымі мерамі, і зоймецца радыкальнай перабудовай палітычнай структуры самога грамадства.

Павел Усаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў